Прэм’ер пракаментаваў магчымасць вызвалення зняволеных Надзеі Талаконнікавай і Марыі Алёхінай, адказваючы на ​​пытанне на сустрэчы з пераможцамі міжнародных алімпіядаў.

Пры гэтым Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліў, што ўдзельніцы панк-гурту яму настолькі непрыемныя «з выгляду і ўнутрана», што яму нават непрыемна пра іх казаць.

«Але ў турму я б іх саджаць не стаў, будучы суддзёй. Яны і так ужо пасядзелі, гэтыя дзяўчаты, і досыць», — сказаў прэм’ер-міністр Расіі.

Разам з тым Мядзведзеў адзначыў, што паўплываць на меру пакарання Алёхінай і Талаконнікавай могуць толькі судовыя органы і адвакаты.

Пазіцыя Мядзведзева адрозніваецца ад меркавання, раней выказанага прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, які ўхваліў дзеянні суда, паводле яго выразу, «заляпіць двушачку» Pussy Riot.

Надзея Талаконнікава, Марыя Алёхіна і Кацярына Самуцэвіч былі прысуджаныя ў жніўні да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па артыкуле «хуліганства па матывах рэлігійнай нянавісці» за акцыю ў храме Хрыста Збаўцы «Багародзіца, Пуціна прагані». Пазней суд замяніў пакаранне Самуцэвіч на ўмоўнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?