Археолаг Філіпа Лэнглі

Археолаг Філіпа Лэнглі

Магільная пліта апошняга прадстаўніка дынастыі Ёркаў

Магільная пліта апошняга прадстаўніка дынастыі Ёркаў

Дзіўная знаходка была зробленая ў горадзе Лестэр групай навукоўцаў мясцовага ўніверсітэта, якія вылічылі месца, дзе раней размяшчаўся францысканскі мужчынскі манастыр, у якім, як сцвярджаюць летапісы, пахаваны Рычард III, забіты у 1485 годзе ў бітве пры Босварце з Генрыхам Цюдарам.

Пазней манастыр быў знесены, а яго месцазнаходжанне забытае — сёння на яго месцы — аўтапаркоўка. І вось праз пяць стагоддзяў археолагі з універсітэта Лестэра прааналізавалі архітэктурную гісторыю горада і з дапамогай карт 1741 года знайшлі месца, дзе мог знаходзіцца манастыр. На гэтым месцы ў жніўні 2012 года і былі пачатыя раскопкі.

Неўзабаве археолагі натрапілі на каменную падлогу разбуранага сабора, а пад падлогай — на магілу караля, дзе яны са здзіўленнем знайшлі два шкілеты.

— На першым шкілеце мы ўбачылі сляды шматлікіх раненняў, а таксама скрыўленне пазваночніка — такое ж, якое было ў Рычарда III, празванага пра гэта гарбуном,
— кажа археолаг Філіпа Лэнглі.

Яшчэ адзін аргумент: у ангельскіх летапісах згадваецца, што Рычард загінуў ад рукі нейкага валійскага воіна на імя Уільям Гараднір: «Конь сэра Рычарда захрас у балоце, дзе кароль быў забіты адным са слуг сэра Рыса Томаса, простым чалавекам на імя Уільям Гараднір. Удары яго сякеры былі настолькі моцныя, што шлем караля ўвайшоў глыбока ў чэрап». І сапраўды: на знойдзеным чэрапе ёсць сляды некалькіх смяротных траўмаў.

— Затое другая частка парэшткаў здзівіла, — кажа археолаг Лэнглі. — Пасля ўважлівага агляду костак у лабараторыі навукоўцы прыйшлі да высновы, што шкілет належыць маладой жанчыне.

Але хто гэтая жанчына? І што яна рабіла ў сценах францысканскага манастыра, куды жанчынам уваход паводле азначэння забаронены? На гэтыя пытанні пакуль няма адназначнага адказу.

— Адзінае, у чым мы ўпэўненыя, — што гэта не шкілет законнай жонкі Рычарда Анны Нэвіл, — кажа адзін з даследчыкаў Мэцью Морыс. — Пасля смерці Рычарда аўдавелая Анна даволі хутка зноў выйшла замуж і нарадзіла сына Эдуарда. Праз шмат гадоў яна памерла ад сухотаў і была пахаваная ў Вестмінстэрскім абацтве.

Магчыма, гэта была каханка караля, імя якой назаўсёды застанецца невядомым.

Зрэшты, заўважаюць навукоўцы, і пра іншыя бакі жыцця гэтага манарха ў гісторыі засталіся самыя супярэчлівыя звесткі.
Рычард III нарадзіўся ў 1452 і прабыў каралём Англіі ўсяго два гады — з 1483 да сваёй смерці у 1485 годзе. Ён быў апошнім прадстаўніком дому Ёркаў і дынастыі Плантагенетаў. З яго смерцю скончылася шматгадовая братазабойчай вайны Пунсовай і Белай ружы — паміж дамамі Ёркаў і Ланкастэраў.

У выніку пераможцы зрабілі ўсё, каб Рычард III увайшоў у гісторыю як жахлівы тыран, адзін з самых крыважэрных уладароў у гісторыі Брытаніі. Да прыкладу, погалас прыпісваў яму забойства малалетніх пляменнікаў — 12-гадовага прынца Эдуарда V і яго малодшага брата, 10-гадовага герцага Рычарда Ёркскага, сыноў яго старэйшага брата — караля Эдуарда IV.

Сусветную вядомасць Рычарду прынёс Уільям Шэкспір, які напісаў у 1591 годзе п’есу «Рычард III», у якой загінулы кароль быў прадстаўлены тыранам і апошнім мярзотнікам. Зрэшты, адзначаюць навукоўцы, гэтую п’есу Шэкспір напісаў па уплывам прац вядомага брытанскага асветніка Томаса Мора, які быў блізкі да караля Генрыха VIII.

Тым не менш, частка брытанскіх палітыкаў ужо заклікала Букінгемскі палац і ўрад краіны правесці перапахаванне парэшткаў караля Рычарда з належнай пашанай. Магчыма, новая магіла караля будзе размяшчацца ў Лестэрскім кафедральным саборы — якраз насупраць той самай аўтастаянкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?