Кінафестываль «Лістапад» распачаўся ў Мінску ў 19 раз — «Наша Ніва» адправілася на адкрыццё фэста ў Палац Рэспублікі, каб паглядзець на фільмы конкурснай праграмы і, як высветлілася, паслухаць Гошу Куцэнку.

У Палацы Рэспублікі няшмат людзей — калі партэр запоўнены цалкам, то амфітэатр і балкон добра, калі на палову. Квіткі можна было набыць хоць перад пачаткам цырымоніі — па 50 і па 110 тысяч рублёў. Менавіта так зрабіла, для прыкладу, журналістка «Народнай Волі», бо выданне, акрэдытаванае на фестываль, акрэдытацыі на адкрыццё не атрымала.

Першая навіна фестывалю —

захварэў Расціслаў Янкоўскі, без якога «Лістапад» цяжка ўявіць, таму адкрываць яго будзе старшыня фестывалю Генадзь Давыдзька.
У сваім выступе той прапанаваў уяўляць «Лістапад» як навароджанага крэпыша, які жыве тыдзень, і за тыдзень вырастае. Параўнанне цікавае, прынамсі, «з дзевятнаццацігадовым хлопцам параўноўваць „Лістапад“ банальна».
Што здзівіла болей за ўсё, дык гэта адсутнасць на беларускім фестывалі беларускай мовы.
За ўвесь час цырымоніі
па-беларуску звярнулася да аўдыторыі толькі актрыса з Казахстана Лінда Нігматуліна,
дачка вядомага акцёра Талгата Нігматуліна.

«Я вельмі спадзяюся вывучыць беларускую мову.« — сказала яна, павітаўшыся з гледачамі і папрасіўшы прабачэння за тое, што па-беларуску сказала толькі тры фразы.

Далей на сцэне з’явіўся Анатоль Тозік, каб зачытаць прывітанне да гасцей і ўдзельнікаў «Лістапада» ад Лукашэнкі.

У вітальным слове, у прыватнасці, прагучалі словазлучэнні «найважнейшае з мастацтваў», «планетарны размах» і «фестываль фестываляў».
Пасля чаго Тозік уручыў спецыяльны спецпрыз прэзідэнта рэжысёру Карэну Шахназараву, чыё з’яўленне на сцэне выклікала авацыю.
Шахназараў, трымаючы ў руках спецпрыз (з крышталю і залатым верхам, апошні нагадваў праваслаўную «цыбуліну»), распавёў пра тое, што ягоны тата ўдзельнічаў у вызваленні Мінска, і падзякаваў усім тым, хто любіць ягоныя фільмы.

Наступнай часткай цырымоніі стала святкаванне 50-годдзя Саюза кінематаграфістаў — дакументальныя кадры на экране, разам з фрагментамі фільмаў, пад жывыя спевы акцёра Леаніда Голуба, і жонкі Уладзіміра Макея, спявачкі Веры Паляковай.

Тут трэба сказаць, што сёлетняе адкрыццё зусім аддаліла «Лістапад» ад еўрапейскай традыцыі кінафестываляў, адчуць свята не атрымлівалася — госці пускаліся ва ўспаміны вельмі стрымана, а калі і гучалі песні, то збольшага, мінорныя.

Шоў, якім заўжды было адкрыццё хоць мэйнстрымавага «Оскра», хоць інтэлектуальнага Канскага фестывалю, у выпадку «Лістапада» нівеліравалася.

Апроч Шахназарава, ганаровым госцем стаў акцёр Эмануіл Вітарган, які сказаў, што ў рускай і беларускай мовах не хопіць словаў, каб выказаць усе пачуцці ў яго на душы, таму ён лепей праспявае.

Асноўнай часткай праграмы стала дэманстрацыя 5-6-секундных трэйлераў да фільмаў конкурснай праграмы. Дарэчы, яна сёлета насамрэч надзвычай разнастайная і цікавая — ад сучаснага брытанскага кіно да новай дакументальнай стужкі Віктара Аслюка «Цеплыня».

Першыя ж кадры «У тумане» Сяргея Лазніцы сарвалі апладысменты залы.

І вось, калі трэйлеры скончыліся, а Генадзь Давыдзька разбіў талерку аб штатыў кінакамеры, на сцэну выйшаў «хэдлайнер» вечара — акцёр Гоша Куцэнка, які замест прамовы вырашыў паспяваць разам са сваім гуртом.

«Вось гэтая

песня называецца „Карвалол“, я чуў, яе вельмі любяць у Беларусі
. — кажа Куцэнка. — Таму давайце спяваць разам!»
Здаецца, пра папулярнасць «Карвалола» не чуў не толькі аўтар гэтага тэксту.
Тады Куцэнка скончыў свой выступ песняй «пра творчую свабоду і незалежнасць» — «Зоркай па імені Сонца» Віктара Цоя ў нейкім дзіўным выкананні, тым самым скончыўшы цырымонію адкрыцця.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?