Сюжэт наступны (усе супадзенні выпадковыя). 87-гадовы прэзідэнт Беларусі, які кіраваў краінай 50 гадоў, вырашае перадаць уладу дзецям.
На ўрачыстым сходзе ў Адміністрацыі ён абвяшчае, што падпісаў загад аб падзеле краіны на тры саюзныя дзяржавы — Заходнюю, Усходнюю і Цэнтральную Беларусь. Кіраваць імі мусяць тры сыны прэзідэнта — Георгій, Раман і Коля. Старэйшыя дзеці адзін за адным кажуць словы ўдзячнасці і хваляць мудрае кіраванне бацькі.
Малодшы ж і самы любімы сын Коля, якому стары прэзідэнт планаваў пакінуць Цэнтральную Беларусь з Мінскам і рэзідэнцыяй, раптам папракае старога: «Некаторыя не лічаць нашу краіну свабоднай… кажуць, што ты узурпаваў уладу, а выбары былі несумленныя… Ёсць тыя, хто сядзеў у турмах за свае перакананні…»

Прамова выклікала дзікі гнеў кіраўніка. Прэзідэнт, прозвішча якога нідзе ў рамане не называецца, выганяе малодшага сына паслом у Брусэль, а краіну дзеліць усяго на дзве часткі — між старэйшымі. А пасля разумее, што, аддаўшы ўладу, давядзецца адмовіцца ад многіх звычак, набытых цягам доўгага кіравання…

Футурыстычны раман Prezident L., які з’явіўся ў інтэрнэце, чытаецца на адным дыханні. Яго напісаў (па-расейску) Антон Дыбаў.
Як адзначана ў паслямове, гэта псеўданім. Аўтару 27 гадоў, ён «са зразумелых прычын» жыве і працуе ў Маскве.
Гэта класічны постмадэрнізм: фабула ад пачатку да канца ўзятая з «Караля Ліра». І аўтар нават падкрэслівае гэта: у самыя драматычныя моманты мова герояў робіцца шэкспіраўскай — узвышанай, яраснай.
Як падчас гэтай сцэны сутычкі між бацькам і сынам:

— Ты вырадак! Хай чуюць усе! Ты — вырадак! Бяздушны робат! Даруй, што дакучаў табе… Даруй, што бацькам быў табе і пакрываў твае дзялы ў мінулым. Даруй, што даў табе я здуру прэзідэнцтва і краіну памерам з Аўстрыю на раскраданне. Мне ясна ўсё! І ты больш мне не сын. Мы адбываем, едзем на Радзіму. У любы Шклоў, на землі Магілёва… Каб кіраваць народам, трэба болей, многа болей. А ты не навучыўся ні храна.

Уяўляючы такія прамовы ў вуснах прататыпаў, цяжка стрымаць усмешку. Так, постмадэрнісцкі раман заўжды іранічны. І ўсё ж перад намі — трагедыя, шэкспіраўская трагедыя. Трагедыя асобы, сям’і, грамадства.

Паколькі дочкі караля Ліра ў беларускай інтэрпрэтацыі ператвараюцца ў сыноў, змяняецца пол і некаторых іншых персанажаў. Так замест падступнага Эдмунда з’яўляецца Ганна Мікалаеўна, каханка Георгія і Рамана, інтрыганка з КДБ — адзінай структуры, якую браты ніяк не могуць падзяліць.

Ролі шэкспіраўскіх графаў і герцагаў размеркаваныя між чыноўнікамі і спецслужбістамі. Лёсамі краін кіруюць яны. Народ маўчыць.
Нават алкаш, якога сустракаюць стары прэзідэнт і яго пашкамутаныя прыхільнікі ў кароўніку на Шклоўшчыне, выяўляецца апальным палкоўнікам КДБ.

Да гэтай арганізацыі ў творы — асаблівае стаўленне. Многія чытачы будуць уражаныя: аўтар, які не пашкадаваў фарбаў на апісанне аўтарытарнай рэчаіснасці ў Беларусі-2041, кажа пра «слаўныя чэкісцкія традыцыі», «афіцэрскі гонар» галоўнай апоры рэжыму «прэзідэнта Л." Пасля разумееш: гэта ж не аўтар, гэта самі персанажы так пра сябе кажуць.

У чым бачыць афіцэрскі гонар верны старому прэзідэнту сівавалосы кіраўнік КДБ, зорка якога ўзышла пасля збіцця апазіцыйнага кандыдата ў 2010-м? «У мяне за сем гадоў ніводнага мітынгу. Ніводнай гадзіны тут камеры не пуставалі».

Шэкспіраўская фабула ўпісаная ў геаграфію Беларусі.

Мяжа Заходняй і Усходняй Беларусі ідзе па лініі мінскага праспекта Незалежнасці, сумеснымі намаганнямі спецназы Георгія і Рамана штурмуюць Брэст, у якім з дапамогай Еўрасаюза акапаўся Коля…

Сустрэне чытач у творы знаёмыя імёны поп-зорак, якія па-ранейшаму абслугоўваюць дзяржаўныя канцэрты, дзейнічаюць «Советская Белоруссія», «Белгазета», «Хартыя», у Брэсце, які на кароткі час стаў «вольным горадам» выступаюць пастарэлыя «Ляпісы».

Час застыў у раманнай краіне. У Расіі ўсё яшчэ кіруе Пуцін, амерыканскі прэзідэнт кажа прамову «ў пасляваенным Тэгеране»…

Батальныя сцэны і дадатковыя сюжэтныя лініі выпісаныя ў творы слабей за асноўную. Нібы ўзятыя з якогасьці рамана серыі «Спецназ» ці адпаведнага серыяла.

Шэкспіраўскі размах затое — у трагедыі старога, які страціў уладу. А яна перагукаецца і з іншымі класічнымі творамі на тэмы абсалютнай улады.
Апальнаму гэбісту сніцца, што старога кіраўніка дзяржавы засмажылі і падалі на стол на бульбяным троне. Падобная дэталь была ў рамане Маркеса «Восень патрыярха» і ў жыцці угандыйскага кіраўніка Ідзі Аміна.

Нібы з «Рыбінага горада» Бабінай узята снежная віхура, якая за кароткі час злізвае ўвесь плён 50 гадоў кіравання — аліўкавыя сады ўздоўж дарог, вінаграднікі, якія стары дарэмна спрабуе ўратаваць. Апошнюю ягаду на замерзлай лазе з’ядае салдат спецпадраздзялення КДБ, пасланага схапіць былога прэзідэнта.

І пачынаецца ў старога, як у Ліра, распад асобы. Ён пачынае разважаць у кароўніку: «Што такое чалавек? Проста двухногая жывёла… У каровы чатыры нагі, а ў чалавека дзве.
Але яго дакладна гэтак сама можна паставіць у боксы, толькі не ў кароўнік, а ў чалавечнік. І даіць, даіць, даіць… А потом пусціць на кілбасу…"
Уладу, пры падтрымцы верных чэкістаў, бярэ прэм’ер-міністр — вечна затурканы гаспадарнік, якім пагарджаў і старэйшы прэзідэнт, і малодшыя. Чыноўнікі, партыя пераможцаў, не маюць у творы імёнаў. Завуцца паводле пасады: прэм’ер, спецпасланнік, губернатар, кіраўнік адміністрацыі.
У ролі шэкспіраўскага блазна — прэс-сакратар, які быў раней тэлевядучым, кіраўніком тэлебачання, а пасля — міністрам інфармацыі.
Хто можа быць аўтарам рамана, які сам характарызуе свой твор як «дакументальна-мастацкае даследаванне прыроды палітычнай улады ў Рэспубліцы Беларусь»? Рызыкнем выказаць меркаванне, што гэта можа быць хтосьці з цяперашніх ці былых чыноўнікаў.
Настолькі ж дасканала аўтар (аўтарка) разумее бюракратычную логіку і логіку цырыманіялаў, настолькі прапусціў праз сябе тэатральнасць дыктатуры і палітычную філасофію галоўнага персанажа. У гэтым сэнсе цікава, якія думкі аўтар укладае ў вусны старэнькага прэм’ер-міністра:
«Так ужо паказала гісторыя, што людзі лепш за ўсё жывуць у тых краінах, дзе кіруюць «слабакі».
Бо чалавек моцны любіць прыгоды. Яго цягне на авантуры. Успомніце гісторыі моцных кіраўнікоў… А гэта, ведаеце, не заўсёды зручна для насельніцтва».
Аўтар — хтосьці цынічны: у рамане няма сілаў дабра, няма сілаў прагрэсу. Ёсць толькі асноўныя інстынкты: прага ўлады, сэксу, сіла бацькоўскай і сыноўняй любові, ёсць інтарэсы, але няма нацыянальнага пачуцця, а ідэалісты высмейваюцца.
Зірніце, як выпісаны стары прэзідэнт! А як — апазіцыя і апазіцыйная інтэлігенцыя.
Так можа пісаць толькі інсайдар, чалавек з таго, «Ліравага» боку. І гэта стварае сілу твора. Можа быць, гэта найлепшы твор аб гэтай сістэме, які дагэтуль быў напісаны.

«Глупая либеральная ересь не могла его тронуть — это всё была лишь красивая сказка. Нет никакой демократии. Не существует в природе. Нет никаких прав. Нет никакой свободы. Ничего из этой белиберды нет. Есть только одно правило: захватив власть, её надо укрепить и никогда никому не отдавать. До самой смерти. Кто хочет её отнять — враг, который должен быть безжалостно уничтожен и раздавлен».

Нездарма аўтар хаваецца пад псеўданімам: ніколі нельга выключаць, што такі фікшн-твор — чыстае мастацтва, па вялікім рахунку — выкліча ў беларускай сітуацыі нефікшн-рэпрэсіі. Можна спрачацца, ці правільна з мастацкага пункту гледжання, што прозвішчы герояў твора не змененыя, што яго суправаджае фота прататыпаў. Гэта надае раману рысы палітычнага памфлета, прыцягне чытачоў, але гэта шкодзіць «мастацкай вечнасці».

Між тым

раман смелы не толькі сваім палітычным пасланнем, а і ў мастацкім сэнсе. Ён глыбокі ідэяй: аўтакратыя кладзецца цяжкім грузам на плечы ўладароў, і, галоўнае, гэта сістэма, якая ў пэўны момант самазнішчаецца, і той момант калапсу будзе выпрабаваннем для дзяржавы як такой.

А што з братамі і бацькам? Усё паводле Шэкспіра. Супадзенні з рэальнасцю, нагадаем, — выпадковыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?