На турніках яны міксуюць гімнастыку, брэйк-данс і сілавыя практыкаванні. 34mag паглядзеў на трэніроўку менскіх турнікмэнаў і пераканаўся, што з генафондам нацыі ўсё ў парадзе.

«Надакучыла чакаць аўтобуса – патрэніруйся»

Чатыры хлопцы рашуча ідуць па лабірынтах двароў Кунцаўшчыны. Іх сінія кросы правальваюцца ў першы снег: на вуліцы сёння не найлепшае для трэніровак надвор’е. Каля стадыёна гімназіі № 13 нас чакаюць яшчэ пяць хлопцаў, турнікі «патрыятычных» колераў і брусы.

Хутка пераапрануўшыся, турнікмэны ўключаюць задзірысты рэп і пачынаюць паказваць нам, што такое street workout.
Яны робяць «выхады на дзве», «сонейкі», па дзесяць секунд трымаюць цела пад прамым вуглом і адціскаюцца на снезе. Выглядае гэтая кампанія аматараў вулічнага фітнэсу, як невялікая банда з гета NYC: найкаўскія кеды, байкі з капюшонамі і пальчаткі на руках. На іхніх майках і байках гордыя надпісы «Street Workout Minsk» і «Generation Workout». А на адной нават перакрэсленыя бутэлька гарэлкі, цыгарэты і шпрыц ды надпіс «Мы – новае пакаленне». Тут усе строга за здаровы лад жыцця.

Праз 20 хвілін акрабатычных трукаў і сілавых практыкаванняў памірае акумулятар на калонках, і мы збіраемся ў кола, каб папіць гарбаты. Паралельна абмяркоўваем, адкуль street workout з’явіўся ў беларускіх спальных раёнах.

Street workout (або ghetto workout) зарадзіўся ў 1990-я ў чорных «рэзервацыях» амерыканскіх мегаполісаў.
Грошы на трэнажорную залу ў нетрах Гарлема і Брукліна былі не ва ўсіх, затое шмат у каго было жаданне выглядаць, як Ўіл Сміт. Таму амерыканскія хлопцы вырашылі працаваць з тым, што было пад рукой: з турнікамі, брусамі ды наогул з любымі гарадскімі аб’ектамі, якія хопіць фантазіі ператварыць у трэнажор.
«Ідэя workout у тым, што ты можаш займацца дзе захочаш, – аддыхаўшыся пасля ўдарнага падыходу, распавядае Стас.
– Надакучыла чакаць аўтобуса – патрэніруйся. Падцягніся ці патрымай «сцяжок» пад прамым вуглом. Людзі, вядома, у нас часам дзіўна на такія дзеянні рэагуюць: бабкі крычаць, што я вандал і ламаю прыпынак».

Да пачатку 2000-х workout ператварыўся ў паўнавартасную субкультуру, якая паступова выпаўзла з амерыканскага гета на багаты турнікамі постсавецкі абшар.

Тут рух падхапілі энтузіясты накшталт знакамітага Дзяніса Мініна з Днепрапятроўска. Мінін зрабіўся сапраўднай уoutube-зоркай дзякуючы сваім відэа і па-пацанску простай, але прыцягальнай філасофіі. Цяпер ён адкрывае адмысловыя workout-пляцоўкі, прадае фірмовую атрыбутыку, ездзіць з паказальнымі выступамі і мае 115 тыс. падпісчыкаў «Вконтакте». Мяркуючы з таго, колькі разоў менскія хлопцы кажуць яго імя, беларускі workout сваім нараджэннем шмат у чым абавязаны менавіта Мініну.

«На вуліцы няма люстэркаў»

Пасля кароткага перапынку хлопцы яшчэ 30 хвілін дэманструюць свой прафесійны арсенал. Яны далёка адышлі ад простых падцягванняў, і майстар-клас больш нагадвае сумесь акрабатыкі, паркуру і сілавых практыкаванняў.
Такая разнастайнасць дапамагае накачаць амаль усе групы цягліц без паходаў у трэнажорку.
«Вуліца адрозніваецца ад фітнэс-клуба тым, што на вуліцы няма люстэркаў, – распавядае Стас, які падцягваецца ўжо нават без майкі.
– На вуліцу людзі прыходзяць займацца, а не глядзець адзін на аднаго. Плюс ты працуеш з вагой свайго цела, займаешся на свежым паветры. Ніхто над табой не стаіць і не кажа, што ты павінен рабіць. Усё залежыць ад твайго ўласнага жадання». «І грошай плаціць не трэба», – дадае нехта, і турнікмэны ўхвальна ківаюць.
Такая дэмакратычнасць падкупляе пераважна простых хлопцаў са спальных раёнаў.
Паводле турнікмэнаў, у Менску street workout займаюцца 300–500 чалавек. Сярэдні ўзрост аматараў – 15–18 гадоў, але ёсць і 10–12-гадовыя хлопчыкі, якія падцягнуцца нашмат больш разоў, чым сярэдні салдат беларускай арміі.

Самі трэніроўкі дзеляцца на статычныя, тэхнічныя і дынамічныя. Статычныя – калі ты ў статыцы і ў цябе ўсё цела нацятае секунд дзесяць ці больш. Дынамічныя – гэта тыповыя падыходы на сілу. Тэхнічныя – гэта акрабатычныя элементы, самыя відовішчныя і эфектныя.

«Што трэба спачатку? Лямкі, пальчаткі і жаданне, – кажа турнікмэн Лёша напрыканцы трэніроўкі.
– Лямку можна зрабіць з рэменя бяспекі або шлеек партфеля, пальчаткі падыдуць самыя танныя, а жаданне – ужо ад вас залежыць. Большасці хапае дзён на пяць».

«Не хочацца ператварацца ў аднаго са статку»

Праз гадзіну інтэнсіўнай трэніроўкі рухаемся да галоўнай кропкі грамадскага харчавання на раёне – універмага «Талін».

У кафетэрыі замаўляем зялёную гарбату і разважаем пра тое, што street workout – гэта не проста спорт, а лад жыцця.
І галоўныя яго складнікі – адмова ад алкаголю, нікаціну і наркаты ды, вядома, вера ў свае неабмежаваныя магчымасці.
«Мы не п’ем, не палім, не ўжываем наркотыкаў. Нашмат прыемней купіць шакаладку замест цыгарэт, сок – замест гарэлкі і піва,
– чую ад Стаса дзівосную для 17-гадовага юнака мудрасць. – Не хочацца ператварацца ў аднаго са статку».

Мы ідзем у метро і ўжо дамаўляемся з аператарам, калі ў нас будзе першая street workout трэніроўка. Я скарджуся хлопцам на тое, што ў мяне ў двары няма нават брусоў. «Нічога страшнага, – кажа 19-гадовы Лёша. – У Дзяніса Мініна спачатку таксама быў адзін турнік на раёне, а бачыш, як ён нядрэнна развіўся. І ў цябе атрымаецца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?