4 лістапада ў Магілёве паўтара дзясятка незалежных журналістаў — членаў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) узялі ўдзел у міжнароднай акцыі «Станем за журналістыку!».

Акцыю ў гэты дзень пяты год запар праводзяць Міжнародная федэрацыя журналістаў і Еўрапейская федэрацыя журналістаў.

«Мы стаім за журналістку штодня, калі працуем, робячы сваю справу. Нацыянальная незалежная журналістыка мае патрэбу ў падтрымцы. І гэта наша акцыя, якая прайшла ў выглядзе сяброўскай дзелавой сустрэчы, ёсць адной з перадумоў таго, што мы будзем больш абароненыя. І журналістыка ў Беларусі працягне сваю справу — інфармаваць людзей, адукоўваць іх і нават ствараць нашу нацыю», — заявіў БелаПАН старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БАЖ Генадзь Суднік.

Прысутныя журналісты выказалі падтрымку свайму гродзенскаму калегу Андрэю Пачобуту, які, паводле іх меркавання, пераследуецца за журналісцкую дзейнасць, а таксама былому галоўнаму рэдактару часопіса Arche Валерыю Булгакаву, паколькі з’явілася верагоднасць спынення выхаду выдання. Было прынята рашэнне накіраваць ліст у дэпартамент фінансавых расследаванняў з патрабаваннем разблакаваць банкаўскі рахунак часопіса; запатрабаваць ад кіраўніцтва Беларускага тэлебачання спыніць бяздоказныя публічныя абвінавачанні на адрас часопіса і яго аўтараў; звярнуцца ў Міністэрства інфармацыі з просьбай не дапусціць абмежавання дзейнасці Arche.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?