Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі распаўсюдзіў паведамленне аб выяўленні наступстваў выбуху на адным з участкаўбеларуска-польскай мяжы.
З яго вынікае, што 5 лістапада каля 3.00 у дзяжурную службу ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці ад прадстаўнікоў Гродзенскай пагранічнай групы паступіла інфармацыя аб парушэнні дзяржаўнай мяжы групай асоб. Па папярэднім заключэнні памежнікаў, мяжа была парушана «з Беларусі ў Польшчу».
Потым службовыя асобы пагрангрупы паведамілі, што ў раёне нелегальнага пераходу ў ходзе пошуку выяўлены прыкметы выкарыстання выбуховай прылады або прадмета. Характар выбуху ўстанаўліваецца, чалавечых ахвяр на месцы няма, выяўлены прыкметы верагоднага ранення кагосьці з групы парушальнікаў.
Пазней паступіла інфармацыя аб затрыманні на польскім баку сямі асоб з краінАфра-Азіяцкага рэгіёну. Затрыманне было ажыццёўлена па інфармацыі беларускіх памежнікаў.
На месцы здарэння працуе група ўзрыватэхнікаў.
Як паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, ваеннаслужачыя Гродзенскай пагранічнай групы выбылі на спрацоўванне сігналізацыйнага комплексу і на месцы выявілі сляды, якія ішлі ў бок польскай тэрыторыі.Пра парушэнне мяжы былі праінфармаваны польскія памежнікі, якія пазней затрымалі сем нелегалаў — грамадзян В’етнама і Афганістана. Як пазней высветлілася, перасякаючы мяжу, яны перацягвалі адзін аднаго на пакрывале.
Пры даследаванні слядоў, што вядуць углыб тэрыторыі Беларусі, памежнікі ў непасрэднай блізкасці ад лініі мяжы знайшлі дзве варонкі ад выбухаў невядомага паходжання. Паводле наяўнай інфармацыі, вакол варонак былі раскіданы рэшткі адзення і валюты.