Аб’ёмы паставак нафты з Расіі ў Беларусь у чацвёртым квартале складуць прыкладна 4,8 мільёна тон. Аб гэтым, як перадае РІА Новости, паведаміў журналістам намеснік міністра энергетыкі РФ Павел Фёдараў.

Нагадаем, першы віцэ-прэм’ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка па выніках чарговага раўнда перамоў, які прайшоў у Маскве 31 кастрычніка і 1 лістапада, заявіў, што дасягнута дамоўленасць аб пастаўцы ў чацвёртым квартале з Расіі ў Беларусь 5,3 мільёна тон нафты.

«Цяпер мы сапраўды завяршаем перамовы з беларускім бокам па пытанні паставак нафты і нафтапрадуктаў на чацвёрты квартал гэтага года.
Дасягнутыя на высокім узроўні дамоўленасці дазваляюць нам гаварыць аб пастаўках прыкладна 4,8 мільёна тон нафты ў Беларусь у цэлым за квартал і зваротнай пастаўцы 200 тысяч тон бензінаў», — сказаў намеснік міністра энергетыкі.
«Больш высокія лічбы, на жаль, пакуль не падтрымліваюцца тэхнічнымі абмежаваннямі трубаправодаў і будуць патрабаваць павелічэння зваротных паставак нафтапрадуктаў.
У той жа час нават такі рост паставак нафты з улікам мінулых пяці тыдняў з пачатку квартала вельмі значны і паказвае нашу гатоўнасць знаходзіць рашэнні з поўным улікам доўгатэрміновых стратэгічных адносінаў з беларускага боку», — дадаў Фёдараў.
Раней Масква заяўляла аб планах скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале 2012 года з 5,3 мільёна да 4 мільёнаў тон у адказ на «растваральны» бізнес, якім беларускі бок займаўся ў першым паўгоддзі.
Нафтапрадукты, вырабленыя ў Беларусі з расійскай сыравіны, экспартаваліся ў Еўропу пад выглядам разбавіцеляў і растваральнікаў, якія не абкладаюцца экспартнай пошлінай. Паколькі гэтая пошліна павінна была паступаць у расійскі бюджэт, Расія недалічылася буйной сумы. Першапачаткова эксперты ацэньвалі нанесены ўрон у 2 мільярды долараў.
У кастрычніку, паводле звестак расійскай статыстыкі, у Беларусь было пастаўлена 1 мільён 347 тысяч тон нафты, ці на 22% менш, чым ў верасні.

26 кастрычніка віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч паведаміў, што пытанне аб’ёме паставак нафты ў Беларусь у 2012 і 2013 гадах бакі абмяркоўваюць ва ўвязцы з вырашэннем праблемы экспарту Мінскам растваральнікаў. 29 кастрычніка інфармаваная крыніца паведаміла, што Масква патрабуе ад Беларусі кампенсаваць 1,5 мільярда долараў у якасці недаатрыманай пошліны ад «растваральнага» бізнесу.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, на пасяджэнні Саўміна 2 лістапада Сямашка заявіў, што перамовы ў Маскве прайшлі нармальна. Па выніках 2012 года, адзначыў ён, Беларусь павінна імпартаваць 21,5 мільёна тон расійскай нафты, як гэта прадугледжана паліўна-энергетычным балансам Саюзнай дзяржавы. Паводле слоў віцэ-прэм’ера, дакумент аб’ёмах паставак нафты ў чацвёртым квартале 2012 года павінен быць падпісаны да 15 лістапада.

Наконт паставак расійскай нафты ў 2013 годзе Сямашка паведаміў: «Па наступным годзе мы гаворым, што 23 мільёны тон — гэта бясспрэчная лічба».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?