У таталітарным СССР такіх анекдотаў было безліч. Яны ўзнікалі ў адказ на штодзённае прапагандысцкае ўсхваленне «правадыра пралетарскай рэвалюцыі» і «Вялікага Кастрычніка».

Анекдоты пра Леніна расказвалі шэптам,
бо нават у 1980-я за іх можна было трапіць у КГБ. Мы прыгадалі некаторыя з тых узораў вуснай народнай творчасці.

  • * *

Прыехалі да Леніна бальшавікі з Сібіры.

— Таварыш Ленін, мы вам ад імя ўсёй нашай бальшавіцкай грамадскасці прывезлі сапраўднай сібіркай рыбы, свініны, ялавічыны!

— А колькі вы, галубчыкі мае, з Сібіры да Петраграда дабіраліся? — пытаецца Ленін.

— Ды месяцы чатыры, Уладзімір Ілліч. Шлях не блізкі, и ўсё па агульных вагонах, па станцыях…

— Неадкладна — дзецям гэтыя прадукты! Дзецям!

  • * *

Дзядуля расказвае ўнукам:

— Я Леніна бачыў! Вось як цяпер помню: замарыўся я на суботніку, сеў я на бервяно, закурыў. Тут да мяне такі невысокі, у кепцы, падыходзіць і кажа: «Таварыш, а што гэта вы бярвенне не носіце, а?» Я на яго паглядзеў і кажу: «Табе трэба, ты і насі». «Не хочаце насіць, баценька, — будзеце пілаваць».

— І як?

Як-як… Пілаваў да 56-га!

  • * *

Маленькая дзяўчынка ўсё ніяк не можа заснуць уначы. «Я баюся!» — кажа яна маці. «Чаго ж ты баішся? Ты ж дома, з мамай, з татам». «Я Леніна баюся. Нам настаўніца сказала, што ён жывы і любіць маленькіх дзетак!»

  • * *

Сустракаюцца знаёмыя:

— Ну, як жывеш?

— Ды як Ленін: і есці не даюць, і не пахаваюць ніяк.

  • * *

Прыйшлі да Леніна хадакі з вёскі, скардзяцца на страшэнны голад.

— Уладзімір Ілліч, зусім няма чаго есці. Траву ямо. Хутка ржаць пачнём як коні! Памажы нам харчамі, Уладзімір Ілліч!

— Іржаць, кажаце? Ну, не ведаю, таварышы, — адказавае Ленін. -- Мы ўчора з Феліксам Эдмундавічам слоік мёду навярнулі — і нічога, ведаеце, не гулі як пчолы…

  • * *

— Таварыш Ленін, каго больш карысна мець пралетару: жонку ці палюбоўніцу?

— Толькі абедзвюх! Жонцы кажаш, што пайшоў да палюбоўніцы, палюбоўніцы — што пайшоў да жонкі, а сам — у партбюро і працаваць, працаваць, працаваць!…

  • * *

Уладзімір Ілліч, а давайце вып’ем?

Не-не, дзякуй. Я больш — ні кроплі. Памятаю, выпілі, занесла ліха на Фінскі вакзал, залез на бранявік ды такога нагаварыў — дагэтуль разгрэбсціся не можам!

  • * *

Ленін — Сталіну:

— Іосіф Вісарыёнавіч! А чаму гэта вы, баценька, не ўдзельнічалі ў штурме Зімняга? Ай-яй-яй!

— Не бойцеся, Уладзімір Ілліч. Мы яшчэ пастраляем.

  • * *

Дзяўчына піша ліст Леніну: «Уладзімір Ілліч, я непрыгожая, усе хлопцы глядзяць на іншых, а да мяне ніхто не заляцаецца. Падкажыце, што рабіць?» Неўзабаве яна атрымлівае адказ: «Неадкладна ўступайце ў Партыю! Вось надзея Канстанцінаўна Крупская — таксама не прыгажуня, а якога хлопца сабе адхапіла!»

  • * *

Амерыканцы таргаваліся-таргаваліся з СССР, а ўрэшце купілі маўзалей і паставілі яго на дах хмарачоса. Прачнуўся Ленін, глянуў вакол і кажа:

— Вось так я сабе ўсё і ўяўляў!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?