Расійскі прэзідэнт назваў гэтую падзею «прыкрай»: Еўракамісія ў верасні абвясціла аб пачатку афіцыйнага расследавання ў дачыненні да расійскага энергетычнага гіганта, якое эксперты ўжо назвалі самым важным у гэтым годзе.
На думку еўракамісара па энергетыцы Гюнтэра Этынгера (Guenter Oettinger), гаворка ідзе ўсяго толькі аб справядлівых умовах на еўрапейскім рынку, у той час як расейскія апазіцыянеры спадзяюцца на паслабленне апарату ўлады алігархаў, які з’яўляецца сапраўдным уладным цэнтрам.

Але не толькі гэта хаваецца за празаічнай заявай Еўракамісіі. Далёка ідучыя наступствы такога важнага працэсу палягаюць у тым, што

расейскія кіраўнікі нечаканым чынам пралічыліся ў так жыццёва важнай для сябе энергетычнай гульні.

Газпром ужо даўно зрабіўся важнай часткай расейскага дзяржаўнага бізнесу.

Экспарт энерганосьбітаў — адзіная надзейная крыніца атрымання валюты для Расіі, і захаванне ўлады пуцінскім кіруючым апаратам шмат у чым залежыць ад таго, колькі фінансавых сродкаў паступае ў распараджэнне дзяржавы і яго інстытутаў (перш за ўсё — у войска) для падтрымання стабільнасці.
Таму пашырэнне сферы дзелавой актыўнасці расійскіх энергетычных прадпрыемстваў, асабліва — «Газпраму», ужо на працягу многіх гадоў накіравана на павелічэнне сваёй долі на экспартных рынках як у галіне upstream (здабычы), так і ў галіне downstream (збыту), а таксама на дасягненне манапольнага становішча. Да апошняга часу такая стратэгія была даволі паспяховай, і заходнія спажыўцы расійскіх энерганосьбітаў гулялі ў гэтую гульню — з вялікім ці меншым энтузіязмам.
Занадта раз’яднанымі былі еўрапейцы, занадта далёкія яны былі ад правядзення агульнай энергетычнай палітыкі, каб мець магчымасць у спрэчках з Расіяй цалкам выкарыстаць наяўныя ў іх распараджэнні моцныя пазіцыі.
Еўрапейцы ва ўсё большай ступені трапляюць у залежнасць ад паставак расійскіх энерганосьбітаў, але і Расія таксама знаходзіцца ў залежнасці ад спажывецкіх схільнасцяў еўрапейцаў. Тэарэтычна гэта азначае роўнасць сіл, аднак раз’яднанасць еўрапейцаў, а таксама ў найвышэйшай ступені паспяховая энергетычная дыпламатыя Расіі, якая ўсімі спосабамі падтрымлівае гэтую раз’яднанасць, да апошняга часу пастаянна саслаблялі пазіцыі спажыўцоў.

Але цяпер сітуацыя можа змяніцца, і не з прычыны дасягнутай, нарэшце, кансалідацыі еўрапейскай энергетычнай палітыкі, а дзякуючы пытанню аб рэгуляванні рынку. Пытанне аб цэнаўтварэнні расійскага манапольнага пастаўшчыка ўжо даўно зрабілася прадметам вострых дыскусій, а цяпер будзе выяўляцца ўся яго выбухная сіла.

Запытаныя «Газпрамам» цэны не паўсюль у Еўропе аднолькавыя. І гэта нельга растлумачыць дзеяннем рынкавых механізмаў. Таму ўзнікае падазрэнне, што цэны «палітычныя» паводле сваёй прыроды.
Такія нелюбімыя і нелаяльныя да Расіі краіны, як Літва, караюцца з дапамогай вышэйшых цэнаў, тады як такія прыязна настроеныя партнёры, як Берлін і Парыж, атрымліваюць выгаднейшыя ўмовы.

Для Еўракамісіі такая штучна створаная няроўнасць у галіне цэнаў ёсць парушэннем існуючых ў Еўрасаюзе прынцыпаў канкурэнцыі.

У адпаведнасці з законамі Еўрапейскага Саюза, выкарыстанне дамінуючага становішча на рынку забаронена, калі яно перашкаджае свабоднаму гандлю на ўнутраным рынку.
Пакуль яшчэ Еўракамісія правярае і маўчыць, аднак эксперты ў галіне энергетыкі чакаюць працяглай спрэчкі, якая дойдзе да апошняй інстанцыі. Гэта будзе пераканаўчай прыкметай наяўнасці дастатковай колькасці матэрыялаў для таго, каб пацвердзіць наяўныя падазрэннні. На думку назіральнікаў, вырашальным фактарам з’яўляецца не столькі вынік пачатага расследавання, колькі тое, што на працягу, як чакаецца, працяглага разгляду газавы рынак, мяркуючы па ўсім, зменіцца — і не на карысць Расіі.

Для Расіі гэта стала б не толькі цяжкім эканамічным ударам — гэта азначала б таксама банкруцтва яе энергетычнай стратэгіі ў Еўропе.

Расія не ўлічвала дзейную, незалежную Еўракамісію

Расійскія кіраўнікі не гэтак наіўна падыходзілі да гэтай справы.

Для абароны сваіх уладных і рынкавых пазіцый яны выкарыстоўвалі добра прадуманую сістэму сувязяў паводле прынцыпу «падзяляй і ўладар».
Двухбаковыя адносіны з палітыкай і прадпрыемствамі ў асобных краінах Еўрасаюза былі інтэнсіфікаваныя, заключаліся дамовы з нацыянальнымі і рэгіянальнымі пастаўшчыкамі электраэнергіі, набываліся фірмы.
Былі набытыя ў якасці лабістаў такія буйныя палітыкі, як былы нямецкі канцлер Герхард Шродэр, а таксама істотна пашыраная лабісцкія праца праз рознага роду аб’яднанні. Абраная стратэгія грунтавалася на выснове аб тым, што за грошы можна аказваць палітычны ўплыў на рашэнні, што прымаюцца ў краінах-членах ЕС, і ў канчатковым выніку — змяняць на сваю карысць паводзіны еўрапейскіх інстытутаў у Бруселі.
Той факт, што Еўракамісія, выконваючы свае функцыі па абароне еўрапейскіх дагавораў, праводзіць незалежнае антыманапольнае расследаванне такога вялікага маштабу і цалкам не прымае пад увагу такія меры, можа быць успрыняты ў Маскве толькі як хваравітая параза. Мяркуючы па ўсім, расійскія стратэгі не разлічвалі на тое, што ім давядзецца сутыкнуцца з дзейным дзяржаўна-прававым апаратам, які насамрэч будзе выступаць за выкананне існуючых у Еўропе законаў.

Пад уладай карупцыйных разумовых шаблонаў

Гэты пралік пралівае святло на разуменне асаблівасцяў палітыкі ў Расіі. Імпліцытнае

меркаванне, што паспяховыя ўнутры краіны метады могуць прывесці да жаданых вынікаў і ў Еўрасаюзе, паказвае, наколькі глыбока расійскія кіраўнікі знаходзяцца пад уладай карумпаваных разумовых шаблонаў.
Праекцыя ўласнай мадэлі на свайго візаві з’яўляецца класічнай памылкай акцёраў у закрытых разумовых сістэмах. Еўропа і яе кіраўнікі, вядома ж, схільныя да ўздзеяння і ўплыву прывабных прапаноў, аднак карупцыя, у адрозненне ад Расеі, не з’яўляецца пануючым асноватворным прынцыпам кіравання (governance) ні ў краінах-членах Еўрасаюза, ні ў яго структурах.
Акрамя таго, расійскі бок, мяркуючы па ўсім, недастаткова добра разумее асаблівасці функцыянавання брусельскага апарата. Нічога не ведаць пра даволі незалежны мандат, якім Еўракамісія валодае ў адпаведнасці з еўрапейскімі дамовамі, — гэта памылка пачаткоўца.
Прынамсі, з моманту антыманапольнай справы, якая каштавала амерыканскаму канцэрну Microsoft вялікіх грошай, трэба было прымаць гэтую акалічнасць пад увагу. Добрыя кантакты з вядучымі палітыкамі ў Еўропе не абараняюць ад умяшання Еўракамісіі, паколькі яны не валодаюць правам вета ў дачыненні да яе дзейнасці ў межах агульнай палітычнай прасторы. Гэта даўно ўжо добра вядома самім еўрапейскім палітыкам, і пра гэта даўно ўжо маглі б даведацца расійскія кіраўнікі.

Расія не зразумела арганізацыйны прынцып ЕС

Узнікае падазрэнне, што за гэтым фундаментальным пралікам хаваецца вельмі важны феномен. Сярод экспертаў па Расіі лічыцца класічным прыкладам паказваць на тое, што расійская палітычная культура строга прытрымліваецца архаічных прынцыпаў гульні з нулявой сумай, у адпаведнасці з якімі ў палітычных адносінах абавязкова павінен быць пераможца і той, хто прайграў. Калі ты выйграеш, то я прайграю, і наадварот. Аднак

еўрапейскі інтэграцыйны працэс функцыянуе не паводле прынцыпу гульні з нулявой сумай, а грунтуецца на дапушчэнні аб тым, што можа быць дасягнута такая сітуацыя, пры якой наогул не будзе тых, хто прайграў,
і ўсе ўдзельнікі ў канчатковым выніку выйдуць з яе пераможцамі.
У аснове Еўрапейскага Саюза закладзена ідэя аб тым, што ўсе дзяржавы-члены нешта аддаюць, і за кошт гэтага расце агульны дабрабыт.
Еўракамісія з’яўляецца ўвасабленнем прынцыпу «Sovereignty Bargains», і яна пільна сочыць за яго прымяненнем. Традыцыйнае ўяўленне аб сувэрэнітэце ў Расіі супярэчыць такім здзелкам і не дазваляе ёй зразумець сутнасць палітычнага працэсу ў Бруселі. Няздольнасць зразумець і прыняць гэты цэнтральны арганізацыйны прынцып Еўрапейскага Саюза, а таксама ўлічваць яго ва ўласных дзеяннях адыграла, верагодна, вырашальную ролю ў праліку адносна сітуацыі з «Газпрамам».

Еўрапейцы могуць атрымаць шмат урокаў з гэтага выпадку. Па-першае, варта ўзгадаць у сувязі з гэтым галоўныя дагаворы Еўрасаюза, а таксама створаныя на іх аснове і нярэдка крытыкаваныя інстытуты. Па-другое, ён наглядна паказвае разумовыя шаблоны і слабасці Расіі як партнёра.

Гэта павінна стаць для вялікай колькасці апалагетаў Расіі ў ЕС напамінам пра тое, з кім яны маюць справу.
Па-трэцяе, ён паказвае, што сапраўдная палітычная сіла Еўрасаюза падмацоўваецца з дапамогай яго гандлёвых адносін, а таксама — апасродкавана — за кошт яе глыбока інтэграванага ўнутранага рынку. У гэтым палітычным полі знаходзіцца сіла для стваральных дзеянняў у свеце. Па-чацвёртае, з гэтага вынікае, што замежнапалітычныя інструменты Еўрасаюза да таго моманту будуць неэфектыўнымі, пакуль яны штучна адарваныя ад эканамічных і гандлёвых пытанняў. Выпадак з «Газпрамам», нават у яго пачатковай стадыі, ужо можа служыць урокам у галіне еўрапалітыкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?