Сёння стала вядома, што палітвязня Змітра Дашкевіча перавялі ў крытую турму ў Гродне.

Ягоны новы адрас такі: 230023, Гродна, вул. Кірава 1. Турма № 1.

Дашкевічу Дзмітрыю Вячаслававічу.

***

Падтрымаць палітвязня можна лістом ці паштоўкай. Таксама на гэты адрас можна даць тэлеграму, патэлефанаваўшы з гарадскога стацыянарнага нумара на нумар 166. Расцэнкі на тэлеграму мізэрныя.

Пра неабходнасць выказвання словаў падтрымкі, напісала ў сваім профілі ў фэйсбуку, нявеста палітвязня Наста Палажанка.

***

    Нагадаем, што Зміцер Дашкевіч быў затрыманы разам з яшчэ адным актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым у Мінску 18 снежня 2010 года па абвінавачанні ў збіванні двух мужчын. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі іх арышт як прэвентыўную меру па «зачыстцы» грамадства перад выбарамі. У сакавіку 2011 года суд прызнаў Дашкевіча вінаватым і асудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Змітра Дашкевіча палітычным зняволеным.
    Першапачаткова лідар «Маладога фронту» адбываў пакаранне ў калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць), затым яго перавялі ў Глыбокае (Віцебская вобласць). 28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі і прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаны чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі па першай крымінальнай справе. Пасля вынясення прыгавору Дашкевіча перавялі ў мазырскую калонію № 20.
    30 кастрычніка суд Мазырскага раёна зноў прызнаў Дашкевіча злосным парушальнікам рэжыму і прыняў рашэнне пра яго перавод у турму.
    У гродзенскай турме № 1, куды дастаўлены лідар «Маладога фронту», адбывае пакаранне яшчэ адзін палітвязень, прадпрымальнік з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, дадае БелаПАН.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0