Беларусь лічыць неаб’ектыўным і палітызаваным штогадовы даклад Дзярждэпартамента ЗША аб праблеме гандлю людзьмі, што не дазваляе разглядаць яго ў якасці дакумента, які заслугоўвае даверу.
Аб гэтым, як паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, заявіў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі — начальнік упраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Яўген Лазараў 8 лістапада ў Нью-Ёрку падчас інтэрактыўнага дыялогу са спецдакладчыкам па барацьбе з гандлем людзьмі, і асабліва жанчынамі і дзецьмі, Савета ААН па правах чалавека Джой Нгозі Эзейлай.

Лазараў таксама паведаміў пра вынікі выканання Беларуссю рэкамендацый спецдакладчыка, якія дала Эзейла падчас візіту ў Беларусь у 2010 годзе.

Беларускі прадстаўнік праінфармаваў, што ў краіне набылі моц новы закон «Аб процідзеянні гандлю людзьмі», іншыя прававыя акты, накіраваныя на фінансавую падтрымку няўрадавых арганізацый, якія аказваюць дапамогу ахвярам гандлю людзьмі. Паводле слоў Лазарава, прыманыя ў Беларусі меры па супрацьдзеянні гандлю людзьмі носяць сістэмны і ўсебаковы характар. Так, у найбліжэйшы час будзе прынята ўжо чацвёртая дзяржаўная праграма супрацьдзеяння гандлю людзьмі, нелегальнай міграцыі і звязаным з імі супрацьпраўным дзеянням на 2013–2016 гады.

Лазараў акцэнтаваў увагу «на актыўнай пазіцыі Беларусі ў барацьбе з гандлем людзьмі на міжнароднай арэне»,

адзначае прэс-служба. Так, дэлегацыя Беларусі ўнесла на разгляд Генасамблеі ААН на яе бягучай сесіі новую рэзалюцыю, прысвечаную ўмацаванню каардынацыі міжнародных намаганняў па супрацьдзеянні гандлю людзьмі.
Гэта ўжо чацвёртая беларуская рэзалюцыя ў ААН па гэтай тэме з часу вылучэння Аляксандрам Лукашэнкам на Саміце тысячагоддзя ААН у 2005 годзе ініцыятывы аб актывізацыі міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі.

Сутнасць цяперашняй рэзалюцыі заключаецца ў арганізацыі мерапрыемства ААН высокага ўзроўню па аглядзе выканання Глабальнага плана дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі, прынятага па ініцыятыве Беларусі ў 2010 годзе. Лазараў запрасіў Эзейлу як аднаго з вядучых сусветных экспертаў у галіне барацьбы з гандлем людзьмі ўзяць удзел у мерапрыемстве.

Акрамя таго, падчас выступу Лазараў расказаў аб прэзентацыі глабальнага даклада па гандлі людзьмі, падрыхтаванага Упраўленнем ААН па наркотыках і злачыннасці. Ён заявіў, што дзяржавы чакаюць ад гэтага дакумента аб’ектыўнай і ўсебаковай ацэнкі сітуацыі ў сферы барацьбы з гандлем людзьмі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?