У экспазіцыю ўвайшло каля 90 твораў жывапісу і графікі з калекцыі НММ, мінскага Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Беларускага саюза мастакоў, «Прыёрбанка» і прыватнага збору.

«Мяне вельмі радуе той факт, што ў нашай краіне ёсць людзі, якія гатовы, маюць жаданне і магчымасць падтрымліваць культуру, — адзначыў на цырымоніі адкрыцця выставы міністр культуры Павел Латушка. — Сёння дзякуючы ім мы адкрываем цудоўны праект — персанальную выставу Георгія Скрыпнічэнкі. Мастака, які мае свой адметны стыль, які вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Як кажуць, першага беларускага сюрэаліста, мастака з вялікай літары».

У 1980–1990-х гадах жывапісныя галаваломкі Георгія Скрыпнічэнкі ўварваліся ў беларускае мастацтва новым сюрэалістычным поглядам на рэчаіснасць, а ў 1990–2000-х творчасць мастака поўніцца ілюзіямі на мяжы рэальнай формы і фантазіі. На палотнах Скрыпнічэнкі суіснуюць жудлівае і цудоўнае, камічнае і трагічнае, узвышанае.

«Сапраўднаму мастаку ніколі не бывае проста, — падзяліўся майстар у інтэрв’ю БелаПАН. — І ў той жа час, калі ён сапраўдны, усё ў яго творчасці інтуітыўна, патаемна, ад самых вытокаў твайго існавання. Гэта ўсё, што перадаецца ад бацькоў, ад атачэння, ад зямлі. Калі гэта ўсё з табой побач — і творчасць ёсць, і жыць хочацца, і паглядзець чыюсьці выставу, і чарку выпіць».

Плануецца, што выстава будзе працаваць па 3 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?