Меркаванні8181

Вінцук Вячорка адказаў Пазьняку: Месія не прыйдзе

Экс-старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў сваім ЖЖ адказаў на закіды старшыні КХП-БНФ, зробленыя ім падчас нядаўніх відэавыступаў і анлайн-канфэрэнцыі на Радыё Свабода.

МЭСІЯ НЯ ПРЫЙДЗЕ. Пра тролінг Зянона Пазьняка

Сытуацыя ў краіне пачала мяняцца. Зьявіліся новыя выклікі для нацыянальна-дэмакратычных сілаў, новыя небясьпекі й шанцы, якія патрабуюць асэнсаваньня ды інакшых арганізацыйных формаў.

Але некаму трэба зацягнуць нас у багну пустых разборак.
Пару тыдняў таму раптоўна пачаўся пазьнякоўскі тролінг у інтэрнэце. У Пазьняковых відэавыступах і тэкстах няма адказаў на пытаньні сучаснасьці, затое поўна агрэсіі ў адрас — не, не рэжыму, а іншых удзельнікаў барацьбы за свабоду ў краіне. Такі ў яго цяпер спосаб самасьцьверджаньня.

Я маўчаў. Бо лічыў, што нехта хоча вымусіць нас адбрэхвацца ад зьвязаных з падзеямі 13-гадовай даўніны нападак з-за мяжы, марнаваць час і нэрвы. Дый паклёпнік, як правіла, выйграе ў мэдыйным полі. Сказаў і ўмыў рукі. А апраўдвацца, што не вярблюд, брыдка.

Хаця маўчаць было цяжка.

«…Яны давалі ім грошы, вот і паявіліся і бяляцкія, і ўсе…»

Зянон Пазьняк, простая мова:

«Такі загавар супраць бацькаўшчыны, супраць нашай нацыі. Вот адкрыта вам плююць у вочы, ён жа адкрыта вам гаворыць. Вік — гэта ж не палітык, гэта ж, паўтараю, — разьведчык. Так вот гэта ўсё прывяло да таго, што яны стварылі сваю апазыцыю. Яны давалі ім грошы. Вот і паявіліся ўсе — і бяляцкія, і ўсе, вот праз гэта, усе ж ведаюць гэта».

БТ і СовБелка высока ацанілі інфармацыйны прарыў. Наагул З. Пазьняк ім падабаецца тым, што лае эўрапейскую і амэрыканскую дэмакратыю, што хоча «моцнай рукі» для Беларусі, што пярэчыць санкцыям супраць афіцыйнага Менску.
Але напаклёпнічаць і зрабіць данос на палітычнага вязьня Алеся Бяляцкага, які нават ня можа адказаць, — гэта ўжо зусім па-іхнаму.

Бяляцкі «паявіўся» сам па сабе, незалежна ня толькі ад Віка, але і (страшна сказаць!) ад Пазьняка. І прынамсі з 1981 году вёў нацыянальна-адраджэнцкую і нацыянальна-вызвольную дзейнасьць, у тым ліку рызыкоўную падпольную. І быў арганізатарам Дзядоў 1988 году, і быў за іх пакараны.

Але Бяляцкі вінаваты перад Пазьняком. Тым, што ў 2011 годзе Бяляцкаму пагражалі й загадзя папярэджвалі, ён мог зьехаць зь Беларусі, але застаўся і сеў у турму. А Пазьняк — зьехаў.
І можа дасхочу і бясьпечна бэсьціць тых, хто застаўся ў Беларусі, хто рабіў немагчымае, яднаў непаяднаных, цярпеў паразы, ішоў у турмы, памыляўся і прызнаваў памылкі, але зноў падымаўся.

Абразіўшы Бяляцкага, Зянон Станіслававіч апынуўся па той бок маралі. Па адзін бок з нашчадкамі Бэрыі й Цанавы.

Таемная апэрацыя АБСЭ

Рашуча не дае сп. Пазьняку спакою тэма грошай.

Чую ад яго, нібыта ў 1999–2000 годзе Ганс-Георг Вік купіў беларускую апазыцыю за паўтара мільёну даляраў, прычым зь ведама КГБ, і стварыў зь яе псэўдаапазыцыю. Маўляў, сам Вік пра гэта заявіў у інтэрвію. Першая думка — ці ня танна беларуская апазыцыя сябе ацаніла? Другая — як у тым анэкдоце — «а дзе ж мая доля?», чаму тагачасная Партыя БНФ пра тое ня ведала? І як гэта вэтэран выведкі й дыпляматыі Вік выбалбатаў такую страшную ваенную тайну? Здаецца, ён, нягледзячы на ўзрост, умее трымаць сябе ў руках?

Тут я не палемізую з Г.-Г. Вікам у (геа)палітычных пытаньнях. Хаця ў свой час шмат палемізаваў. Мяне цікавіць канкрэтная тэма. Бяру першакрыніцу. «Белорусская газета», 12 студзеня 2004 году.

«В 1999 г. Лукашенко подписал Стамбульские соглашения, в которых взял на себя обязательства диалога с оппозицией, обеспечения демократических выборов, свободы слова, прекращения давления на СМИ. Он все это подписал! ОБСЕ, решив, что подпись что-то значит, выделил деньги, все до последнего цента, на переговоры с оппозицией, на консультации с независимыми СМИ. (Бюджет КНГ и бюджеты ориентированных на эти цели фондов, доступ к которым открыла Европейская комиссия, в совокупности составили немногим меньше полутора миллиона долларов. Эти деньги прямо и косвенно были направлены на поддержку диалога между правительством Беларуси и оппозицией. — И.Ч.) И все европейские правительства были в курсе, не было никаких тайн! Единственной тайной было то, что бумаги подписывал также шеф белорусского КГБ, других тайн не было. И все это для того, чтобы в один прекрасный день господин Лукашенко назвал это вмешательством во внутренние дела Беларуси и провел выборы по собственному сценарию».

Кожны, хто мае досьвед арганізацыйнай працы, разумее: гэта ж некалькігадовы бюджэт Кансультацыйна-назіральнай групы (КНГ) АБСЭ, заснаванай дзеля праславутага дыялёгу. І бюджэт не сказаць каб раскошны. Гэта, пэўна, арэнда нятанных офісаў, праезд (у тым ліку на радзіму) і жытло супрацоўнікаў, гэта іхны заробак сабе любімым, аплата заляў для разнамасных круглых сталоў і дыялёгавых пляцовак, немалыя ганарары запрошаным з далёкай і блізкай Эўропы высакалобым экспэртам і г. д.

Хутчэй за ўсё, у бюджэт быў закладзены і палёт у Стамбул дэлегацыі беларускай апазыцыі (і намесьнік Пазьняка Юры Беленькі лётаў за «Вікавы грошы»).

АБСЭ — міжнародная арганізацыя, куды ўваходзяць усе эўрапейскія краіны, амаль усе постсавецкія, ЗША і Канада. Стратэгічныя і бюджэтныя пытаньні адкрытыя для ўсіх краінаў-сябраў.

Радка «скупка беларускай апазыцыі» ў бюджэце аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі не было, бо не магло быць.
Беларусь — сябра АБСЭ, натуральна, дакумэнты пра арганізацыю выкананьня стамбульскіх абавязкаў былі даведзеныя да яе дзяржаўных органаў, яны мусілі пад імі падпісацца і не перашкаджаць іх выкананьню, бо пад абавязкам дэмакратызацыі краіны падпісаўся сам Лукашэнка. Пра што і кажа Вік, падкрэсьліўшы, што Лукашэнка ня выканаў публічна ўзятых міжнародных абавязкаў.

Але нашто і чаму Пазьняк маніць? Трэба нагадаць, што з 1996 году ён у эміграцыі, г. зн. пра апісаныя падзеі мусіў браць інфармацыю зь нейкіх крыніцаў. Свае крыніцы ён публічна назваў, паўтараць ня буду. І яны яму спадабаліся дужа. Хіба ў нашай краіне яшчэ нехта, акрамя яго, можа быць верным Беларусі, кіравацца ідэямі й перакананьнямі, а не грашыма заежджых маніпулятараў? Ніхто!

Фактаў і доказаў ня трэба

Спадобіўся і я пачуць сваё прозьвішча.

«Сутнасьць у тым, што прадстаўнікі так званай „апазыцыі“. Якую стварыў Ганс Вік, зьнешне казалі пра дэмакратыю ды барацьбу з рэжымам, а на справе таемна сустракаліся з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі і перамаўляліся аб нікому не вядомых справах. Спатканьні адбываліся рэгулярна раз на месяц, на працягу года, у півярні „Ракаўскі бровар“ пад кантролем Ганса Віка, які меў на гэта ўзгадненьне ў КДБ. Таемнымі застольцамі з боку так званай „апазыцыі“ былі спадары Лябедзька, Калякін, Вячорка, Статкевіч, Гайдукевіч і — у якасьці экспэрта — Хадыка. Недзе напрыканцы 2000 году апазыцыя Ганса Віка была ўжо такім чынам згуртаваная, і ўладам, відаць, надакучыла бавіцца ў перамовы. Была дадзеная адмашка, і ўдзельнік перамоваў, „палатнік“ спадар Жушма, выступіў па БТ і з усьмешачкай заклаў увесь працэс. Такая вось камэдыя». (Зянон Пазьняк. Online на Радыё Свабода.)

І зноў няпраўду кажа Пазьняк. Я з розных прычынаў не люблю той бровар, быў у ім за ўсё жыцьцё чатыры разы і ўсе іх памятаю (нават гатункі піва). На жаль ці на шчасьце, я ніколі там ня быў ані зь Вікам, ані з рэжымнымі, ані на таемных перамовах. Ніякага Жушму ня ведаю, а толькі Сазонава, якога Лукашэнка быў вылучыў для нядоўгіх і цалкам публічных перамоваў з апазыцыяй пад эгідай АБСЭ, і на іх нават быў ухвалены дакумэнт пра доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў. Тут Лукашэнка перамовы спыніў і Сазонава адставіў.

Зрэшты, чаго я апраўдваюся? Можа, журналістам варта было папрасіць сп. Пазьняка там, дзе ён выстаўляе палітычныя абвінавачаньні, падаць доказы й крыніцы?

Хай бы заставалася легенда…

Ясна, што кантэкст падзеяў 1999–2000 гадоў значна важчэйшы. Гэта масавыя «Маршы Свабоды» і «Байкот-2000»; гэта першая рэальная кааліцыя беларускіх незалежніцкіх дэмакратычных сілаў — КРДС; гэта спроба Г.-Г. Віка як прадстаўніка АБСЭ сабраць за круглым сталом апазыцыю, як яму здавалася, шырэйшую за КРДС і таму здольную быць суб’ектам перамоваў; гэта вымушэньне Лукашэнкі падпісаць пэўныя абавязкі на Стамбульскім саміце АБСЭ і г.д.

Усё тое добра ўдакумэнтавана, удзельнікі падзеяў збольшага жывыя, таму журналістам і дасьледнікам варта заняцца сур’ёзным апісаньнем працэсаў у Беларусі на пераломе тысячагодзьдзяў, а ня слухаць прапагандысцкія байкі.

Шкада, што побач з Пазьняком не знайшлося чалавека, які параіў бы яму памаўчаць.
Здавалася б, чалавек такога ўзроўню, такой біяграфіі, такіх заслугаў перад Беларусьсю можа і павінен сьцьвярджацца пазытыўна, не апускаючыся да паклёпаў, абразаў і тролінгу. Шкада, была б прыгожая легенда для моладзі.

А наагул ня трэба беларусам непамыльных «харызматычных лідэраў». Трэба ўсім браць на сябе адказнасьць, а не чакаць мэсію. Ня прыйдзе.

Каментары81

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку3

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку

Усе навіны →
Усе навіны

Настаяцель манастыра Шаалінь трапіў пад следства па падазрэнні ў растратах і амаральным ладзе жыцця4

У Рэчыцкім раёне ад удару токам загінулі двое мужчын

Цэны на шакалад здзіўляюць12

Навумчык пра незалежнасць Беларусі: Пуцін не здольны мабілізаваць ніводнага беларуса на вайну — нацыянальныя аўтаноміі Расіі не маюць і гэтага29

Музыканты выдаляюць сваю музыку са Spotify, бо ён спансаруе кампанію, якая вырабляе тысячы дронаў для Украіны26

«Гэта своеасаблівае партнёрства». Трамп заключыў здзелку, па якой краіны Еўропы абавязаны плаціць тарыф 15%8

У Германіі сышоў з рэек пасажырскі цягнік. Ёсць загінулыя1

Праз Сонечную сістэму ляціць аб'ект, паводзіны якога нагадваюць кіраваны касмічны карабель18

Расійскі дрон атакаваў рэйсавы аўтобус у Сумскай вобласці. Ёсць ахвяры3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку3

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць