Тэарэтычна салігорскі «Шахцёр» можа дагнаць БАТЭ па пунктах, але па колькасці перамог «жоўта-сінія» апярэджваюць «жоўта-чорных».

Год для БАТЭ выдаўся цікавым. Трэнер Віктар Ганчарэнка ў пачатку сезона змяніў гульнявую схему каманды на так званы «ромб». Фактычна ў каманды не засталося флангавых паўабаронцаў, а асноўныя сілы сканцэнтраваныя ў цэнтры поля.
Гэтая схема прыжывалася не вельмі гладка. Напрыклад, у першым туры быў пройгрыш ад усё таго ж «Мінска» (0:1). Тое паражэнне, дарэчы, было знакавым для брамніка Аляксандра Гутара. Найлепшы гулец мінулага сезона пасля першага тура надзейна сеў у запас. Нумарам № 1без пытанняў стаў Андрэй Гарбуноў.
У розныя перыяды года ў БАТЭ былі свае знакавыя постаці. Дзмітрый Мазалеўскі ў пачатку сезона, Дзмітрый Бага ў канцы красавіка, Андрэй Гарбуноў стаяў надзейна ўвесь чэмпіяната, Віталь Радзівонаў забіваў настолькі неабходныя мячы ў Лізе чэмпіёнаў, Аляксандр Валадзько быў найлепшым напрыканцы лета, Аляксандр Паўлаў заззяў восенню.
Сёлета БАТЭ ў трэці раз выйшаў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў. Каманда па чарзе выйгравала македонскі «Вардар», венгерскі «Дэбрэцэн» і ізраільскі «Хапаэль». Ужо на групавой стадыі былі гістарычныя перамогі над «Лілем» і «Баварыяй».

У летнюю паўзу ў БАТЭ прыйшоў Аляксандр Глеб. Галоўная зорка айчыннага футболу, нібыта зарадзіла каманду большай упэўненасцю. Таксама ў Барысаў пасля італьянска-польска-бельгійскіх блуканняў вярнуўся Міхаіл Сівакоў. У «Мінска» купілі бамбардзіра Рамана Васілюка.

Для натуралізаванага бразільца Рэнана Брэсана год нібыта быў не самым лёгкім. У пачатку і напрыканцы сезона ён сядзеў на лаве запасных. Але зірніце на статыстыку Рэнана: 11 галоў у чэмпіянаце (яшчэ можа пазмагацца за тытул найлепшага бамбардзіра) і 2 галы ў групе Лігі чэмпіёнаў. Не так і кепска.
У чэмпіянаце пытанні знятыя. Але наперадзе застаюцца дзве гульні Лігі чэмпіёнаў. Ужо 20 лістапада на мінскім «Дынама» БАТЭ прыме «Ліль». Нават мінімальная параза гарантуе камандзе Віктара Ганчарэнкі працяг у Лізе Еўропы. Але калі барысаўцы мараць пра большае, то землякоў Шарля дэ Голя перамагаць трэба абавязкова.
Срэбра чэмпіяната Беларусі заваяваў «Шахцёр». Бронза дастанецца ці мінскаму «Дынама» ці «Гомелю». Невядомая яшчэ каманда, што будзе гуляць у матчах на выжыванне. Наўпрост з вышэйшай лігі сёлета ніхто не выбывае. А магілёўскі «Дняпро» заслужыў на наступны год выступаць у кампаніі наймацнейшых каманд краіны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?