Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі за студзень—кастрычнік 2012 года вырас на 2,2% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам і склаў 408,3 трлн. рублёў, паведамілі БелаПАН у Нацыянальным статыстычным камітэце.
Разам з тым назіраецца запаволенне тэмпу росту ВУП: у студзені гэтага года ў параўнанні са студзенем 2011-га ён вырас на 3,6%, у студзені—лютым і студзені—сакавіку — на 3%, студзені—красавіку — на 2,9%, у студзені—маі — на 3,1%, у студзені—чэрвені — на 2,9%, у студзені—ліпені — на 2,8%, у студзені—жніўні — на 2,5%, у студзені—верасні — на 2,5%. У 2011 годзе ў параўнанні з 2010-м прырос ВУП склаў 5,3% пры плане 9—10%. У 2012 годзе, паводле планаў урада, ВУП павінен вырасці ў параўнанні з 2011-м на 5—5,5%.
Вытворчасць прамысловай прадукцыі за студзень—кастрычнік павялічылася на 6,6% (гадавы прагноз — 6—7%) да 524 трлн. рублёў. Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі склала 17,2% (13,5—14,5%).
Выпуск сельгаспрадукцыі гаспадаркамі ўсіх катэгорый вырас на 5,2% (4—5%), сельгасарганізацыямі — на 6%.
Інвестыцыі ў асноўны капітал скараціліся на 13,5% да 116,3 трлн. рублёў. Уведзена ў эксплуатацыю 3 млн. 658,4 тыс. кв. метраў жылля (на 13,5% менш за леташні паказчык).
Аб'ём перавозкі грузаў транспартам (уключаючы трубаправодны) паменшыўся на 2,6% да 386,4 млн. тон, рознічны тавараабарот вырас на 12,3% і склаў 162,4 трлн. рублёў.
Спажывецкія цэны павысіліся ў кастрычніку ў параўнанні з вераснем на 1,8%, з пачатку года — на 18,1%, у параўнанні з кастрычнікам 2011 года — на 30,6%.Цэны вытворцаў прамысловай прадукцыі ў кастрычніку ў параўнанні з вераснем павялічыліся на 1,8%, з пачатку года — на 18,1%, у параўнанні з кастрычнікам 2011 года — на 42%.
Рэальная зарплата ў верасні ў параўнанні са жніўнем паменшылася на 1%, да верасня 2011 года павялічылася — на 30,5%.