З уладамі ды нашчадкамі ўсё больш-менш зразумела: шаманіць ля помніка Леніну — іх святы, зацверджаны найвысачэйшым указам, абавязак.

Незразумела — больш, чым менш — з прагрэсіўнай грамадскасцю. «Можна не святкаваць, — дазваляе мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, — а вось адзначыць варта». З двух прычынаў: «...здабылі незалежнасць Фінлядыя і Польшча, краіны Балтыі, а ўрэшце, праз 74 гады, прайшоўшы стадыю сацыялістычных эксперыментаў, і Беларусь…»; «...рэвалюцыя спарадзіла і вялікае мастацтва. Перакананы — феномен Віцебска, узлёты Шагала, які багоміў тую рэвалюцыйную віхуру да канца дзён, і Малевіча былі б немагчымыя…»

Наўрад ці трэба нагадваць, якім чынам здабылі незалежнасць пералічаныя краіны, каб замест пляскання ў далоні адчуць смутак і жах.

Аднак, з развагаў спадара Харэўскага вынікае, што адзначаць Кастрычніцкую рэвалюцыю ўсё ж варта са знакам плюс.

Такі вось нечаканы адказ на вядомы цяжкі выбар, што ці каго найперш ратаваць з полымя: вялікі твор мастацтва ці кацянё...

Між тым, у Мінску ёсць месца, дзе мастацтва і «кацянё» спалучаюцца ў безвыніковай дасюль спрэчцы: што рабіць з помнікам завадатару «каласальнага гістарычнага перавароту», ад якога «здабылі незалежнасць...» і «нарадзілася вялікае мастацтва»?

І тое праўда: з аднаго боку — мастацтва, з іншага — «сусветны пажар»...

З гэтай нагоды ўзгадваецца забытая старонка з найноўшай беларускай гісторыі: неўзабаве пасля жнівеньскага путчу ў Маскве Мінгарсавет збіраўся дэманціраваць манумент, а замест яго стварыць «скульптурную кампазіцыю», якая сталася б «сімвалам імкнення беларускага народа да свабоды і незалежнасці».

Я памятаю, як напярэдадні гудзеў на плошчы распалены народ, як збіраліся подпісы — хто за помнік, хто супраць. Людзі таўкліся вакол агітатараў, спрачаліся да хрыпаты, нават хапалі адзін аднаго за грудзі. Раз-пораз з натоўпу чуліся воклічы «Такіх страляць трэба!», звернутыя да найбольш заўзятых прадстаўнікоў варожых бакоў. Што наўрад ці можна было лічыць сімвалам імкнення да свабоды, затое доказна сведчыла аб наяўнасці Леніна «в башке» і нагана, хай сабе ўяўнага, у руцэ...

У руцэ, якую, як некалі сталіністы на Сталіна, паднялі ў «бягучы момант» на Леніна «верные ленинцы». Але ж хуценька схамянуліся...

Між тым, сам помнік Леніну дзесяцігоддзямі займаў у будзённым мінскім жыцці толькі архітэктурнае месца — талентам Лангбарда і Манізера літаральна ўлітаваны ў цяжкаваты канструктывізм Дома ўрада.
Сёння, праўда, шкляны пухір пасярод плошчы сапсаваў стрыманы дзяржаўны ландшафт. Але што тычыцца помніка, то мінчукі ў масе сваёй падчас БССР не адчувалі да яго нейкіх асаблівых пачуццяў. Нешта не згадваю, каб хтосьці добраахвотна ўскладаў да яго кветкі — рытуальныя паднашэнні не ў лік. Да помніка прызвычаіліся, абыякавасцю абараняючыся ад удзелу ў крывадушным ідалапаклонстве, што ладзілася і па сёння ладзіцца напаказ.
Часам антыгуманная сутнасць гэтай паказухі выяўляла сябе самым абсурдным чынам.
Не адно пакаленне былых студэнтаў гістфака, які пэўны час выходзіў вокнамі на плошчу і манумент, прайшло праз езуіцка каверзнае пытанне тагачаснага адмыслоўцы па беларускай гісторыі: якая рука ўзнята ў Ілліча — правая ці левая? Амаль ніхто не здольваў адказаць правільна, паколькі правадыр абапіраецца на ўяўную трыбуну двума рукамі. Ну а калі нехта адказваў правільна, прафесар пытаўся, у каторай руцэ Ілліч трымае кепку...

Запытайцеся пра тое ж сёння хаця б у тых, хто працуе ў Доме ўрада — не адкажуць. Затое ўпэўнена, як аднойчы сённяшні кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Кабякоў, адзначаць, што «...чалавеку, якому помнік, Беларусь абавязана тым, што яна ўпершыню набыла сваю дзяржаўнасць...»

Дык ці ёсць розніца паміж кастрычніцкім вытокам незалежнасці паводле Харэўскага і дзяржаўнасці паводле Кабякова?

А вось розніца паміж мастацтвам і «кацянём», якое ледзь не згарэла ў «сусветным пажары», ёсць.

Ёсць розніца, калі памятаць аб тым, што дзяржава, створаная ідэалогіяй і катаўніцкай практыкай бальшавізму, паставіла беларускую нацыю ў рэшце рэшт на мяжу гістарычнага выжывання.

Памятаць, каб разумець, чаму сёняшняя дзяржава захоўвае ў сваім календары «чырвоны дзень».

Памятаць, а не адзначаць.

Незалежна ад таго, што вялікі Шагал, народжаны ўсё ж не рэвалюцыяй, а Богам, да скону «багоміў рэвалюцыйную віхуру».

Помнік Леніну, 19 снежня 2010 г.

Помнік Леніну, 19 снежня 2010 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?