«Палац» да свайго 20-годдзя выпусціў два новыя дыскі, паведаміў лідар гурту Алег Хаменка.

Паводле яго слоў, адзін дыск — «Кола грукатала» — з’яўляецца пятым па ліку альбомам гурту. У яго ўвайшлі 10 песень, над якімі працавалі амаль 10 гадоў.

Большасць з іх належыць аўтарству Хаменкі, але ўсе яны звязаны з беларускімі легендамі і паданнямі.
«Для нас гэта крыніца натхнення. Мы перакананыя ў тым, што трэба браць тэмы, звязаныя з беларускай гісторыяй, і на іх аснове ствараць аўтарскія тэксты. Інакш фолк-музыкі заганяюць самі сябе ў тупік», — лічыць Хаменка.
Кожная з песень альбома прысвечана пэўнаму святу ці падзеі.
Загалоўная песня «Кола грукатала» звязана з Сёмухай, «Прыляцела ластаўка» — са святам Пятра і Паўла, «Праважала маці сына» Хаменка напісаў паводле згадкі пра песню, якую спявалі касінеры Кастуся Каліноўскага. У альбоме таксама ёсць дзве новыя версіі старых хітоў — «Русалкі» і «Страла».
Другі дыск можна назваць сайд-праектам (праект, у якім удзельнічае адзін ці некалькі чалавек, ужо вядомыя па іншых праектах) удзельнікаў гурту.
Яны запісалі музычную прытчу «Салдат-доктар», створаную паводле аднайменнай казкі. «Казка была запісана ў канцы XIX стагоддзя ў вёсцы Глыбава на Магілёўшчыне фалькларыстам Яўдокіем Раманавым. Іншае прачытанне казкі падала Марыя Іванаўна Бурава з вёскі Тупічына на Віцебшчыне. Частку гэтай казкі Францішак Аляхновіч выкарыстаў у сваёй п’есе «Круці не круці — трэба памярці», — расказаў Хаменка.

Ён даследаваў казку і ўсё, што звязана з яе сюжэтам, на працягу васьмі гадоў. «Гэтая казка можа быць яркай ілюстрацыяй таго, які беларус на самой справе, з усімі яго праблемамі, комплексамі і страхамі», — адзначыў музыкант.

Хаменка папярэдзіў, што казка разлічана на аўдыторыю пасля 10-гадовага ўзросту, і параіў паслухаць яе найперш дарослым.

«Яе вельмі зручна слухаць у дарозе. Да таго ж яна дае гэтулькі сэнсаў і прачытанняў, што выклікае разважанні і спрэчкі», — лічыць лідар «Палаца».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?