На апошняй прэс-канферэнцыі галоўнага чыноўніка нашай дзяржавы мы пачулі, якія выдатныя ў нас дамы састарэлых сталі, дзякуючы яму, як там добра старым, што яны самі просяць аддаваць за гэта 100% пенсіі, але шчодрая дзяржава 20% пакідае ім.

А ўсё ж, як ні круці, шчаслівы той стары, які дажывае свае гады дома, з роднымі людзьмі. Бо ніякая сацработніца не заменіць усмешкі ад роднага чалавека.

Старэйшыне нашай сям’і, прабабулі, 96 гадоў, і трэці год яна ляжыць, пасля таго як зламала сцягно. Штогод дачка з мужам, самі ўжо 75-гадовыя, на лета перавозяць прабабу ў родную хату пад Брэстам. А на зіму назад у горад: печ не натопішся, хата старая, халодная.

Дзяржаву не абцяжарваюць, манны з неба не просяць. Баба атрымлівае сваю інвалідскую пенсію, дачка з зяцям — свае. Яны ў свае 75, маючы бабу, якая патрабуе дагляду кожныя пару гадзін, кормяць не толькі сябе, але яшчэ і ўнукаў. Садзяць 20 сотак агарода, маюць там усё і нават з пенсіі грошы адкладаюць.

Гэтыя людзі заслугоўваюць ад дзяржавы ўдзячнасці: яны ні ў кога не сядзяць на шыі, нічога не просяць. Ані тэхнікі на апрацоўку зямлі, ані капейкі на памперсы для ляжачай. Нават лекі для бабы купляюць па поўнай цане: доктар выпісаў беларускія сродкі бясплатна, але ад іх слабеў жывот, дык купілі імпартныя. Эфектыўныя аказаліся, дапамаглі. Але гаворка не пра гэта.

Адзінае, што гэтыя сумленныя людзі не могуць самі зрабіць — гэта перавезці старую з вёскі ў горад і назад. Два разы на год — а ў асабісты аўтамабіль ляжачую не засунеш.
І вось аказваецца, што ў нас няма ніякага спосабу для перавозкі. Раней была такая платная паслуга. Але адмянілі. І перавозіць інваліда «хуткая» не павінна. Нават, можна сказаць, не мае права і магчымасці: па шапцы можа атрымаць, калі паедзе.
Цяпер за гэта адказвае сацыяльная служба, яны маюць спецыяльны бусік. Але... Бусік з насілкамі-перавозкай у іх быў падораны «вражаскай», як выражаецца галоўны чыноўнік, краінай Германіяй. І ён паламаўся.
І калі аднойчы таго нашым людзям не сказалі, то прыйшлося 96-гадовую старую выносіць з хаты на коўдры і везці на падлозе, падклаўшы матрац... Бо не адкладзеш жа пераезду: унукі аж з Мінска дабіраліся, каб вынесці, занесці.

І вось два разы на год даводзіцца дамаўляцца, шукаць, даваць у кішэню ў адной ці другой арганізацыі.

Год назад, калі нідзе дамовіцца не ўдалося, зяць у адчаі пазваніў аж у прыёмную Сумару, кіраўніку аблвыканкама. Ну што гэта такое: інваліда няма як перавезці з месца на месца? Праз паўгадзіны з «хуткай» патэлефанавалі: куды прыехаць? Дык, аказваецца, ёсць права і магчымасць, калі ёсць загад. Але ці ж прыёмнай аблвыканкама траціць на такое час і нервы, ці так павінен дзейнічаць дзяржаўны механізм?

Галоўнае, што гэтыя мае сваякі былі б радыя, каб была такая ПЛАТНАЯ паслуга. Яны не просяць задарма, яны просяць, каб можна было за грошы, але нармальным спосабам арганізаваць.

Вось і ўсё, што ім пакуль трэба ад дзяржавы.

Можа быць, пасля публікацыі ў «вражаскай» газеце ўлады ўвядуць адпаведную паслугу або ўрэшце парамантуюць машыну-перавозку сацыяльнай службы?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?