Так павялося, што ўвага мужчынскаму здароўю надаецца значна меншая, чым жаночаму. І жанчыны мужчын, і мужчыны самі сябе часта бачаць такімі машынамі для зарабляння грошай і выканання самай цяжкай працы. «Мужчына не скардзіцца», «мужчына не хварэе», «мужчына не прызнаецца» — да гэтых нормаў паводзінаў прывучаюць з малога.

Жанчынам пастаянна нагадваюць пра неабходнасць правярацца ў гінеколага. Многія беларускія мужчыны ж, пакуль пэўныя праблемы не прымусяць тэрмінова бегчы да доктара, з’яўляюцца на «мужчынскай» праверцы толькі падчас прызыву ў войска. Між тым рызыкі рэпрадуктыўнага і сэксуальнага здароўя мужчын сталі нават тэмай даследавання ААН.

Здаровы лад жыцця

Дактары кажуць: лепш займацца прафілактыкай, чым лячыцца. Своечасовыя візіты да доктара і здаровы лад жыцця дапамогуць прадухіліць не толькі нязручнасці, звязаныя з інфекцыямі, якія перадаюцца полавым шляхам, але і такія сур’ёзныя захворванні, як рак прастаты і бясплоддзе, праблемы з сэксам.

Не забывайце пра рэгулярныя заняткі спортам, збалансаванае харчаванне, выключыце шкодныя звычкі, укладайце час і высілкі ў выбудоўванне добрых адносін з сям’ёй, каханымі і сябрамі, бо псіхалагічны дабрабыт грае важную ролю ў рэпрадукцыйным і сэксуальным здароўі.

Дзяцінства

Пасля нараджэння доктар звычайна правярае ў хлопчыка, ці няма ў яго анамаліі развіцця палавых органаў. Бываюць выпадкі, калі з тых ці іншых прычын можа быць парушаны працэс апускання яечкаў у машонку, што ў выніку больш высокай тэмпературы ў брушной поласці можа прывесці да бясплоддзя. У такім выпадку дзіцяці робяць аперацыю. Варта адзначыць, што і агульнае здароўе хлопчыка ў дзяцінстве вельмі важнае. Яўген Юшко, дацэнт кафедры ўралогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, галоўны ўролаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, папярэджвае, што запаленчыя захворванні, перанесеныя ў дзяцінстве, могуць паўплываць на рэпрадукцыйную функцыю ў будучыні.

Падлеткавы ўзрост

Навукоўцы многія гады праводзяць даследаванні, каб высветліць прычыны мужчынскага бясплоддзя. На сённяшні момант іх налічваецца больш за дзясятак, многія з іх могуць зарадзіцца ў падлеткавым узросце. Паводле словаў Яўгена Юшко, які спасылаецца на даследаванні расійскіх навукоўцаў, асноўныя прычыны — інфекцыі геніталій (22,1%), якія часта перадаюцца полавым шляхам, варыкацэле (14,9%), якое сустракаецца ў 10–15% падлеткаў, ідэапатычная аліга-, астэна-, тэратазааспермія (22,8%), што мае дачыненне да якасці спермы. У кожнага трэцяга пацыента выяўленае спалучэнне двух і больш фактараў.

Інфекцыі, якія перадаюцца полавым шляхам

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, такія інфекцыі сустракаюцца найбольш часта сярод маладых людзей ва ўзроставай групе 20–24 гады, за якой стаіць ўзроставая група 15–19 гадоў. СААЗ падлічыў, што кожны год такімі інфекцыямі заражаецца прыкладна адзін з 20 маладых людзей (як юнакі, так і дзяўчаты). Часта захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам, працякаюць бессімптомна і таму не лечацца многія гады.

У падлеткавым узросце, кажа прафесар універсітэцкай клінікі горада Ляйпцыга, доктар медыцыны Увэ Пааш, вельмі важна, каб юнакі мелі інфармацыю пра полавае выспяванне і інфекцыі, якія перадаюцца полавым шляхам. Прафесар Пааш рэкамендуе пасля завяршэння перыяду нармальнага палавога выспявання, калі адбылося станаўленне рэпрадукцыйнай функцыі, прыкладна ва ўзросце 18–22 гадоў наведаць «мужчынскага» доктара, які праверыць функцыю полавых залозаў. Калі існуюць пэўныя перадумовы, падчас полавога выспявання неабходна правяраць эндакрынную сістэму, стан якой уплывае на рэпрадукцыйную і сэксуальную функцыю.

Сярэдні ўзрост

Адна з самых небяспечных рызык рэпрадукцыйнага здароўя ў дарослых мужчын, па словах прафесара Пааша, — рак яечкаў. Пэўныя захворванні могуць паўплываць на функцыю насеннікаў, што выклікае рызыку развіцця гэтага віду раку. Паводле інфармацыі расійскай клінікі «Андрос», рак яечкаў — найбольш частая злаякасная пухліна ў мужчын 20–40 гадоў. Калі ў дзяцінстве ў хлопчыка былі праблемы з апусканнем яечка ў машонку, а ў сталым узросце яечкі недаразвітыя (занадта мяккія або занадта шчыльнай кансістэнцыі), бацька ці дзед хварэлі на рак яечка, ці ёсць бясплоддзе, ці мужчына хворы на сіндром Кляйнфельтэра, то ён знаходзіцца ў групе рызыкі, і яму рэкамендуецца штогод наведваць уролага, а таксама кожны тыдзень праводзіць самапальпацыю яечкаў. Калі нешта турбуе, кажа прафесар Пааш, абавязкова трэба звяртацца да прафесіяналаў.

Таксама кожны мужчына павінен сачыць за агульным станам свайго здароўя, не дапускаць атлусцення і г.д. Пры павышанай вазе і развіцці цукровага дыябету, напрыклад, рызыцы дадаткова падлягае як магчымасць весці паўнавартаснае сэксуальнае жыццё, так і магчымасць мець дзяцей.

Пажылы ўзрост

Пажылым мужчынам варта пастаянна сачыць за ўзроўнем крывянога ціску, цукру ў крыві і халестэрыну, кажа прафесар Пааш. Паводле яго словаў, рызыкі мужчынскага здароўя пажылога ўзросту ўключаюць рак прастаты, дабраякасную гіперплазію прастаты (або адэному прастаты) і гіпаганадызм.

Рак прастаты

Рак прастаты ўваходзіць у пяцёрку асноўных прычын смяротнасці анкалагічных хворых у Беларусі. Першы фактар рызыкі — узрост, большы за 50 гадоў, другі — спадчыннасць. Іншыя вядомыя рызыкі, якія таксама могуць сыграць ролю ў развіцці раку прастаты, згодна з Еўрапейскай уралагічнай асацыяцыяй, — харчаванне з высокім утрыманнем жывёльных тлушчаў, спажыванне алкаголю, уздзеянне ультрафіялетавага выпраменьвання, апрамяненне на працоўным месцы, уздзеянне цяжкіх металаў.

Доўгі час (бывае, што і 10 гадоў) рак прастаты можа працякаць без сімптомаў. У гэтым і заключаецца яго асноўная небяспека. Часам у хворых адзначаюцца пачашчанае мачавыпусканне, частыя мачавыпусканні ноччу, паслабленне струмяню мачы. Мужчына пачынае фізічна адчуваць праблемы, калі ўжо з’яўляюцца метастазы і хірургічна пухліну вылечыць амаль немагчыма.

Каб рак прастаты не стаў жыццёвым прысудам, дактары настойліва рэкамендуюць мужчынам, старэйшым за 40, раз на два гады вымяраць узровень прастатаспецыфічнага антыгену. Гэта бялок, што выпрацоўваецца прастатай, канцэнтрацыя якога падвышаецца пры захворванні. Па словах Андрэя Вараксы, загадчыка ўралагічнага цэнтра Першамайскага раёна Мінска, свой узровень ПСА павінен ведаць кожны мужчына, старэйшы за 50 гадоў. У Беларусі такую праверку можна прайсці ва ўралагічным цэнтры па месцы жыхарства.

Адэнома прастаты

Адэнома прастаты (дабраякасная гіперплазія прастаты) таксама дыягнастуецца з дапамогай вымярэння ўзроўню ПСА. Гэта дабраякасная пухліна, не дае метастазаў, што ёсць галоўным яе адрозненнем ад раку прастаты. Сімптомамі могуць быць частае мачавыпусканне і пазывы на яго, паслабленне струмяню мачы і павышаны аб’ём мачы ў начны час.

Мужчынскі гіпаганадызм

Мужчынскі гіпаганадызм — гэта клінічны сіндром, выкліканы недахопам гармонаў андрагенаў. Дадзеныя гармоны адказваюць за развіццё другасных палавых прыкмет, павышаюць сэксуальную цягу, частату і сілу эрэкцыі. Андрагены граюць вырашальную ролю ў развіцці і падтрыманні рэпрадукцыйнай і сэксуальнай функцый. На гэтым фоне ў хворых таксама назіраецца паніжаны ўзровень тэстастэрону.

Згодна з Еўрапейскай уралагічнай арганізацыяй, гіпаганадызм можа негатыўна паўплываць на працу многіх органаў і ў цэлым пагоршыць якасць жыцця. Пазней ён можа стаць прычынай паніжанай рэпрадукцыйнай функцыі, сэксуальнай функцыі, паніжанага фармавання мышцаў і мінералізацыі костак, парушэння тлушчавага абмену. Недахоп андрагеноў павялічваецца з узростам, таму гіпаганадызм пераважае сярод пажылых мужчын, мужчын, якія пакутуюць на атлусценне і мужчын са слабым станам здароўя. Доктар дыягнастуе хваробу па цэлым шэрагу прыкмет, а таксама вымярае ўзровень тэстастэрону.

Выказваем падзяку Аляксандру Маркевічу, доктару-андролагу аддзялення планавання сям’і і дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця», за дапамогу ў вычытцы матэрыялу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?