Дэпартаванаму 6 лістапада з Расіі Аляксандру Кушнераву, які называе сябе «злодзеем у законе», прад’яўлена абвінавачанне ва ўхіленні ад прэвентыўнага нагляду. Адбылося гэта, як паведамілі ў праваахоўных органах, яшчэ 13 лістапада.

Нагадаем, справа ў дачыненні да Кушнерава па арт. 422 КК (ухіленне ад прэвентыўнага нагляду) была распачата 1 лютага 2011 года. Па ініцыятыве Чыгуначнага РАУС Гомеля ў гэтым жа месцы яго аб’явілі ў міждзяржаўны вышук.

Сумесныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы МУС Беларусі і Расіі дазволілі ўстанавіць, што фігурант знаходзіцца ў Маскве, але пастаянна мяняе месца жыхарства.

Прыкладна тры тыдні таму стаў вядомы адрас яго знаходжання. Як замежны грамадзянін, які аказвае негатыўны ўплыў на абстаноўку са злачыннасцю, Кушнераў згодна з распараджэннем Мінюста РФ быў дэпартаваны ў Беларусь. Тут яго затрымалі за ўчыненне вышэйназванага злачынства і памясцілі ў СІЗА-1 (Мінск). Следства па справе было адноўленае.

У 2009 годзе Кушнераў вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, дзе знаходзіўся 15 гадоў за ўчыненне забойстваў.

Як паведамілі 7 лістапада ў МУС РФ, так званы «злодзей у законе» Аляксандр Кушнераў (у крымінальным свеце 46-гадовы лідар крымінальнага асяроддзя вядомы як Саша Беларус ці Саша Кушнер) быў затрыманы супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення МУС РФ па Цэнтральнай федэральнай акрузе.

У снежні 2011 года ён адбыў пакаранне за захоўванне наркатычных сродкаў. Пасля вызвалення знаходзіўся ў Маскве без пастаяннага месца жыхарства.
Паводле некаторых звестак, у Маскве Кушнераў кантраляваў дзейнасць арганізаваных груп, удзельнікі якіх займаюцца ўчыненнем кватэрных крадзяжоў, разбояў, рабаванняў, а таксама іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх гвалтоўных злачынстваў.

Знаходзячыся на тэрыторыі Расіі, Кушнераў працягваў аказваць негатыўны ўплыў і на аператыўную абстаноўку ў Беларусі. Так, паводле аператыўных звестак беларускага МУС, ён праз сваіх набліжаных збіраў «даніну» з прадпрымальнікаў, арганізоўваў на тэрыторыі Беларусі розныя злачынствы і каардынаваў дзейнасць арганізаваных груповак.

У сувязі з тым, што Кушнераў з’яўляецца замежным грамадзянінам і можа ўплываць на абстаноўку за злачыннасцю ў Маскоўскім рэгіёне, Мінюстам было вынесена распараджэнне аб непажаданасці яго знаходжання ў Расіі. Кушнераву паведамілі аб прынятым распараджэнні і аб абавязку пакінуць межы РФ, аднак ён праігнараваў яго і працягваў заставацца на тэрыторыі Расіі. У сувязі з гэтым Федэральнай міграцыйнай службай РФ было прынята рашэнне аб прымусовай дэпартацыі Кушнерава за межы краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?