Паводле звестак прэс-службы кіраўніка Беларусі, на нарадзе значная ўвага надавалася рэарганізацыі працы ўчастковых інспектараў, забяспечанню парадку на ЧС-2014 па хакеі, латэнтнасці барацьбы з наркотыкамі, народным дружынам і іншым тэмам. Аднак улічваючы, што нарада была прысвечаная рэформе МУС, «Ежедневник» вырашыў прааналізаваць, што зменіцца ў выніку гэтага працэсу.

Грамадскія рады

«Істотная ўмова дасягнення поспеху ў барацьбе са злачыннасцю — максімальны ўдзел грамадскасці ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы правапарадку. У гэтай сферы міліцыя і насельніцтва павінныя быць партнёрамі. У сувязі з гэтым намі прынятае рашэнне аб стварэнні грамадскай рады пры МУС, а таксама грамадскіх радаў пры абласных упраўленнях унутраных справаў, у склад якіх увойдуць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, спартыўнай супольнасці, грамадскіх арганізацый, рэлігійных канфесій, СМІ», — расказаў на нарадзе міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч.

Корпус аховы грамадскага парадку

Прэзідэнт лічыць, што скасаванне ўпраўлення корпуса аховы грамадскага парадку не толькі ліквідуе лішнюю структуру ў вертыкалі вайсковага складніка, але і створыць рэзервы для фармавання пэўных вайсковых частак, магчыма, і па ахове беларускай АЭС. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён прыхільнік таго, каб было адзінае камандаванне ўсімі гэтымі войскамі: «Усё проста павінна быць. Тут вайсковы складнік павінен быць дакладны, без лішніх звёнаў».

Транспартная міліцыя

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць неабходным аптымізаваць сістэму транспартнай бяспекі для ўдасканалення вертыкалі ўпраўлення МУС.

На транспартную міліцыю прыпадае каля 1% рэгістраваных у краіне злачынстваў. «Відавочна, што ўзровень нагрузкі на асабісты склад там на некалькі парадкаў ніжэйшы, чым у тэрытарыяльных органах. У сувязі з гэтым заканамерна паўстае пытанне аб ліквідацыі такога дысбалансу», — заявіў Лукашэнка.

Рэарганізацыя некамплекту

Аляксандр Лукашэнка даручыў таксама больш старанна перагледзець колькасць асабовага складу. «Цяперашні некамплект органаў унутраных справаў знаходзіцца ў межах 6 тыс. Але на становішча негатыўна не паўплываў. Гэта значыць, дынаміка нармальная, значыць, трэба паглядзець і на гэтыя штаты.

Адзіны нумар «112»

Дзяржсакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў расказаў аб прапанове стварыць у Беларусі адзіную дзяржаўную службу рэагавання на паведамленні пра надзвычайныя сітуацыі і здарэнні. «Прапануецца адзіны нумар „112“, а ўжо там будуць размяркоўваць. У прынцыпе, у нас зародкі такой сістэмы ёсць, і было прынятае рашэнне, што такую сістэму трэба ствараць, але патрабуецца пэўны час. Астатнія таксама застануцца.

Плюс у тым, што такая сістэма забяспечыць пазаведамасны кантроль за рэгістрацыяй рознага кшталту здарэнняў і злачынстваў», — адзначыў дзяржсакратар. Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў сур’ёзна прапрацаваць гэтую ідэю.

Адзіная служба судовых экспертыз

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў прапрацаваць варыянт стварэння ў краіне адзінай службы судовых экспертыз: «Калі мы бачым, што трэба ствараць гэтую службу, па-мойму, і суддзі, і кіраўнікі ўжо не аднойчы пра гэта казалі, калі мы бачым, што мы ўсё роўна да гэтага прыйдзем і мы ўжо пачалі ісці, дык давайце рабіць адразу некалькі крокаў».

Аляксандр Лукашэнка даручыў да Новага года ўнесці прапановы па гэтым пытанні.

ГУБАЗіК

Яшчэ адной задачай, якую неабходна вырашаць найбліжэйшым часам, Лукашэнка назваў рэфармаванне Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. На яго думку, гэта своечасова і адпавядае абстаноўцы, да таго ж перадача больш чым 180 высокакваліфікаваных супрацоўнікаў глаўка ў крымінальную міліцыю яе ўмацуе.

«Але ў цэлым такое падраздзяленне неабходнае, хоць і больш кампактнае. Асабліва для барацьбы з карупцыяй», — заявіў Лукашэнка.

Служба судовых прыставаў

Аляксандр Лукашэнка даручыў Мінюсту ўзважана пралічыць патрэбы для стварэння службы судовых прыставаў.

«Толькі хачу сказаць: ніякіх бюджэтных грошай на рэфармаванне структуры не будзе! Навошта мне такая структура, калі я павінен дастаць з кішэні яшчэ мільярды або трыльён рублёў, і на гэтую рэформу пакласці? Таму вы не разлічвайце на выдзяленне гэтых сродкаў. Усё сэканомленае пойдзе толькі на ўтрыманне міліцыі — кватэры, транспарт, зарплаты, грашовае забяспечанне і іншыя тэхнічныя сродкі, якія патрэбныя будуць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?