16 лістапада ў Федэрацыі хакея адбылося пасяджэнне рабочай групы па падрыхтоўцы нацыянальнай зборнай да алімпійскага кваліфікацыйнага турніру ў Даніі пад старшынствам Яўгена Ворсіна.

Асноўнае пытанне, якое абмяркоўвалася на пасяджэнні, датычыла прызначэння галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі. Ім стаў вядомы хакеіст, які выступаў за нацыянальную зборную краіны, галоўны трэнер ХК «Гомель» Андрэй Скабелка.

У ходзе разгляду пытання аб галоўным трэнеры нацыянальнай зборнай, старшыня Беларускай федэрацыі хакея Яўген Ворсін адзначыў: «Думаю, будзе правільным даручыць выкананне задачы заваёвы алімпійскай ліцэнзіі беларускаму спецыялісту.

Вывучыўшы кандыдатуры на гэтую пасаду, мы прыйшлі да высновы, што ў нас ёсць два вартыя спецыялісты — Аляксандр Андрыеўскі і Андрэй Скабелка».

Пасля абмеркавання кандыдатур, і выслухаўшы меркаванні саміх кандыдатаў, было прынята адзінагалоснае рашэнне прызначыць на пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі па хакеі Андрэя Скабелку, а Аляксандра Андрыеўскага — яго асістэнтам.

У сваю чаргу, новы галоўны трэнер падзякаваў за аказаны высокі давер і запэўніў, што прыкладзе ўсе намаганні для выканання пастаўленых перад камандай задач, галоўная з якіх — выхад у фінальную частку алімпійскага турніру ў Сочы.

Нагадаем, што беларуская хакейная зборная будзе аспрэчваць адзіную пуцёўку на Алімпійскія гульні на кваліфікацыйным турніры ў Даніі (група F), які пройдзе ад 7 да 10 лютага ў горадзе Войенс. Супернікі нашай каманды — зборныя Даніі, Славеніі і Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?