Ад Чарнобылю да Малога Сітна больш як паўтысячы кілямэтраў. Дазымэтар паказвае тут норму, лейкемія ды рак шчытападобнай залозы рэгіструюцца ў раённым шпіталі зрэдку, і тутэйшыя жыхары ўжо адвыклі сьпісваць усе беды на калісьці папулярную «радыяцыю». Але адчуваньне адчужанасьці штогод тут толькі мацнее, не раўнуючы як у Хойніках ці Краснапольлі. Зямля занядбаная й засьмечаная, скрозь хаты з закалочанымі дошкамі вокнамі, люд наколькі малалікі, настолькі й смурны — такое ўражаньне, што нейкая нябачная, сьмяротная сіла горшыць край з самых зачумленых гушчараў. Павальнае п’янства, паўсюднае паленьне, звыклы мат пры дзецях і ня менш звыклая распута бяз сораму, усеагульная млявасьць і ашаламляльная абыякавасьць да жыцьця: відавочны пэрыяд напаўраспаду.

А дваццаць гадоў таму менавіта Чарнобыль стаў ударам звону, які скалануў і агромністую савецкую імпэрыю, і Беларусь, заклікаючы ня проста да перабудовы, а да ўсенароднага пакаяньня. Пасьля Чарнобылю, што пранікае да атамаў і генаў, уявіць сабе рэальнасьць грэху, пекла й д’ябла нацыі аказалася значна лягчэй. Вось чаму Чарнобыльскі шлях ужо пры канцы 1980‑х зрабіўся галоўнай нашай маніфэстацыяй.

Пасьля Чарнобылю беларусы сапраўды жахнуліся бязьвіднае, усюдыіснае сьмерці — і адчайна рвануліся да жыцьця. Пэрыяд ядравага распаду СССР аказаўся самым плённым у найноўшай гісторыі Беларусі, бо даў штуршок нацыянальнаму адраджэньню, дзяржаўнай незалежнасьці й хрысьціянскаму рэнэсансу.

Але вось сёньня, калі чарнобыльскі страх у масавай сьвядомасьці расьсеяўся, раптам выявілася, што ёсьць рэчы страшнейшыя за чацьвёрты энэргаблёк. У Беларусі няўхільна сьпіваецца больш за мільён чалавек. Паводле апошняга перапісу, 60% беларусаў не карыстаюцца беларускай мовай. У адным толькі Менску штогод робіцца па 50 тысячаў абортаў. І пры гэтым большасьць жыхароў Беларусі, згодна з апошнімі сацыялягічнымі апытаньнямі, лічыць: краіна разьвіваецца ў слушным кірунку.

Радыяцыйныя хмары накрылі 1/5 тэрыторыі Беларусі й сталі прычынаю сьмерці тысячаў. Духовы Чарнобыль ахапіў усю краіну й павольна, але мэтанакіравана нішчыць мільёны.

І што характэрна: сёньняшняя ўлада, паводле вызначэньня пакліканая ліквідаваць наступствы любое, ці то прыроднае, ці то тэхналягічнае, ці то маральнае катастрофы, — робіць роўна супрацьлеглае. І заклік зноў засяляць заражаныя чарнобыльскія вёскі, і палітыка ў галіне ідэалёгіі і выяўляюць дзіўную, але несумненную пасьлядоўнасьць.

Хлусьня, відавочная й самазабыўная, на экранах штодня; суцэльны страх, што робіцца нармалёвым тонусам грамадзтва; гістэрычная нянавісьць да «ворагаў» і «Захаду» — усё гэта запускае ядравую рэакцыю маральнага распаду для ўсяе нацыі. Чарнобыль зь ягонай злачыннай безадказнасьцю й замоўчваньнем вынікаў выбухнуў у задушлівай атмасфэры застою. Сёньняшняя беларуская стабільнасьць настолькі ж выбухованебясьпечная.

Галоўная афіцыйная газэта краіны друкуе то бязбожны маніфэст, то опус пра сямейныя здрады, якія, маўляў, ратуюць шлюб; хрысьціянаў штрафуюць за супольную малітву, а інтэлігентаў — за мат і спраўленьне патрэбы ў публічным месцы; урэшце, праслаўляюцца такія вылюдкі, як Ленін, Сталін і Гітлер, — і робіцца зразумела, што Чарнобыль чалавечае душы клакоча ўжо пад нагамі.

Можна растлумачыць адсутнасьць веры, волі, любові, нацыянальнай ды праўнай сьвядомасьці й іншую маральную анкалёгію ў целе рэжыму — усё гэта натуральныя прадукты савецкага тленьня.

Але як растлумачыць тое, што й мы адктыўна ўдзельнічаем у працэсе напаўраспаду Беларусі?

Любая доза хлусьні, пыхі, абыякавасьці, страху ў асяродзьдзі апазыцыі ўдвая больш небясьпечная. Мы самі носім у сабе чарнобыльскі рэактар грэху, які можа прывесьці да распаду краіны, — і мусім адказваць за наступствы.

Кожны, хто супрацьстаіць разбэшчанасьці, гвалту, беззаконьню, крыміналізацыі, спойваньню беларускага народу, — ліквідатар дыктатуры.

Бо ад духовага Чарнобылю, страшнейшага за радыяцыйны, Беларусь у стане выратавацца толькі праз нацыянальнае абуджэньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?