Як Вы пракамэнтуеце заяву Саньнікава, што іх прадстаўніка не дапусцілі на вашу сустрэчу?
Івонка Сурвіла: Хачу адказна заявіць, што ніякіх перашкодаў для ўдзелу прадстаўніка «Эўрапейскай Беларусі» з нашага боку не было. Першапачаткова, мы меркавалі запрасіць лідэраў партый і арганізацый, прычым «першых асобаў» -- і зьвязана гэта ў тым ліку і тым, што плянавалася падпісаньне дакумэнту, дзеля чаго ўдзельнікі павінны былі мець поўны аб'ём паўнамоцтваў. І мы адразу даслалі запрашэньне лідэру «Эўрапейскай Беларусі» спадару Саньнікаву разам з пакетам дакумэнтаў, што сьведчыць пра сур'ёзнасьць нашага намеру.. Ён адказаў, што ня можа быць (з паважных прычынаў), і прапанаваў свайго прадстаўніка. Аднак на той момант мы ўжо паведамілі некаторым іншым кіраўнікам арганізацый, якія не маглі самі прысутнічаць, пра фармат сустрэчы, і рабіць выключэньня для «Эўрапейскай Беларусі» не выпадала.
Што да спадара Саньнікава, дык мы, калі даведаліся, што ён ня можа прыехаць, нават прапанавалі яму ўдзел праз скайп і пачалі ў сувязі з гэтым тэхнічную падрыхтоўку – але ён адмовіўся. Шкада.Хачу сказаць, што іншыя кіраўнікі партый і арганізацый, якія таксама не былі з паважных прычынаў на сустрэчы (Някляеў, Пазьняк, Рымашэўскі) далучыліся да Мэмарандуму.
Між іншым, як я ўжо сказала, спадару Саньнікаву за некалькі дзён да нарады быў дасланы праект Мэмарандуму. Ён меў магчымасьць выказаць свае прапановы, якія б былі ўважліва вывучаныя. Але ён гэтага не зрабіў.
Спадар Саньнікаў наракае, што ў Мэмарандуме “згадваецца аўтарытарны рэжым, а не таталітарны ці дыктатура”. Рэжым у Беларусі ў нас невыпадкова азначаны як аўтарытарны рэжым асабістай улады Лукашэнкі, што азначае -- яго тыранія. І яна мае тэндэнцыі спаўзаньня да таталітарызму.
Аднак пакуль яшчэ застаюцца грамадзкія і палітычныя асяродкі, недзяржаўныя выданьні, грамадзтва Беларусі не зусім такое, як у нацысцкім Рэйху, Савецкім Саюзе ці Паўночнай Карэі.Напрыклад, Бжэзінскі вызначае ў якасьці галоўнай прыкметы таталітарызму наяўнасьць толькі адной партыі, партыі дыктатара, у Беларусі ж пакуль дзейнічаюць некалькі апазыцыйных партый. Таму назваць Беларусь "таталітарнай" у сур'ёзным дакумэнце было б памылкай. У інтэрвію, дыскусіі – магчыма, але ў дакумэнце – не. Думаю, што Саньнікаў, як прафэсійны дыплямат, павінен разумець важнасьць дакладнасьці фармулёвак.
Што тычыцца таго, што тэма палітвязьняў у Мэмарандуме нібыта толькі «ускосна згаданая» -- прывяду цытату:
«Павінен быць мацнейшы скаардынаваны ціск палітычнай і грамадзянскай супольнасьці ў краіне і за яе межамі дзеля зьмяншэньня ў беларускім грамадзтве пачуцьця страху, найперш вызваленьня і рэабілітацыі палітычных вязьняў” і вызначу ў ім слова -- «найперш».
Адносна папроку ў тым, што падпісанты Мэмарандуму нібыта наўмысна праігнаравалі Будапэшцкае пагадненьне 1994 г., дзе ў абмен на вывад з тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі Вялікабрытанія, ЗША і Расея бралі на сябе пэўныя абавязкі. У дадатак да тлумачэньня, якое ўжо даў адносна гэтага Сакратарыят вонкавых спраў Рады БНР, падам больш разгорнутыя аргумэнты. Але працытую напачатку спадара Саньнікава: “Быццам бы ніхто ня ведае, што гэтыя гарантыі былі атрыманыя намі ў 1994 годзе. І я ня думаю, што тыя, хто рыхтаваў гэты дакумэнт, ня ведалі пра гэта. Я лічу, што гэта было зроблена наўмысна. Я б проста звольніў тых людзей, хто гэтым займаўся”.
Я вельмі цешуся, што на нарадзе быў Станіслаў Шушкевіч, якога я глыбока паважаю і які, як вядома, меў непасрэднае дачыненьне да вываду ядзернай зброі. І ён даў кваліфікаваныя і кампэтэнтныя тлумачэньні, калі пункт пра Будапэшцкае пагадненьне абмяркоўваўся. Да таго ж, у яго з сабой быў тэкст самога пагадненьня.
Што вынікае з гэтага дакумэнту?
Пагадненьне 1994 г., пацьвярджаючы запэўненьні павагі да сувэрэнітэту беларускае дзяржавы з боку ЗША, РФ і ВБ, згодна прынцыпаў ЗА АБСЭ, было сфармуляванае выключна зыходзячы з таго, што дзяржаўнае кіраўніцтва, якое пануе ў Беларусі і выступае ад яе імя, само будзе шчыра і нязьменна служыць найперш захаваньню і ўмацаваньню беларускага сувэрэнітэту (гэта, нагадаю яшчэ раз, 1994 год).
З гэтай прычыны, у падставах лёгікі дакумэнту 1994 г. ніяк не прадбачылася становішча (цытую наш Мэмарандум) "паступовае страты структураю дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусі, па меры яе ператварэньня ў прыладу рэжыму асабістай улады А. Лукашэнкі, рысаў беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці й функцыяў гарантаваньня беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту".
Таму зусім натуральна, што
той дакумэнт 1994 г. не прадугледжвае для беларускага сувэрэнітэту ніякіх "гарантыяў" ад небясьпекаў у становішчы, калі сама сыстэма дзяржавы сталася закладнікам тыраніі Лукашэнкі,калі тыран здольны распарадзіцца сувэрэнітэтам Беларусі, часткова ці цалкам, выключна ў інтарэсах асабістай улады і ўласнай бясьпекі.
У прыватнасьці, там няма ніякіх гарантыяў ад выкарыстаньня такога стану беларускай дзяржаўнасьці суседняй дзяржавай у сваіх мэтах і на шкоду сувэрэнітэту і нацыянальным інтарэсам Беларусі, калі гэта адбываецца ў (добраахвотным ці вымушаным) афіцыйным паразуменьні з дзяржаўнай ўладай у Беларусі, апанаванай і кантраляванай дыктатарам, які сам знаходзіцца ў высокай ступені залежнасьці ад падтрымкі з боку тае дзяржавы.
Калі, аднак, спадар Саньнікаў нязгодны з гэтым пунктам Мэмарандуму і сапраўды мяркуе, што запэўненьні ў сувэрэннай недатыкальнасьці, выражаныя на карысьць любога дзяржаўнага кіраўніцтва Беларусі ў дакумэнце 1994 г., у сучасных умовах застаюцца зусім адэкватнай і дастатковай міжнароднай "гарантыяй" беларускага сувэрэнітэту -- гэта азначае, што ён нязгодны і з працытаваным аналізам таго праблемнага стану беларускай дзяржаўнасьці, які дэкляруецца напачатку Мэмарандуму ад 03.11.2012 г. і служыць падставаю лёгікі гэтага дакумэнту.
Што вам перашкаджае прыехаць у Беларусь?
Івонка Сурвіла: Апошні раз я была ў Беларусі ў 1992 годзе. Некалькі гадоў таму амбасадар Беларусі ў Канадзе спадаp Xвастоў казаў, што калі б я зьвярнулася, дык Лукашэнка пэўна б даў мне візу.
Я не дапускаю магчымасьці прасіць дазволу прыехаць на Бацькаўшчыну ў Лукашэнкі.
Ці можа ўвайсці ў склад Рады БНР чалавек, які не ведае беларускай мовы?
Івонка Сурвіла: Не, ня можа. Бо павага да мовы тытульнай нацыі ёсьць паказьнікам нацыянальнай сьвядомасьці.