* * *

У Дзень студэнта гудуць дыскачы. Але гісторыя гэтага дня гераічная.

28 кастрычніка 1939 года ў акупаванай нацыстамі Чэхаславаччыне пражскія студэнты і іх выкладчыкі выйшлі на дэманстрацыю на такі чэшскі Дзень Волі, каб адзначыць гадавіну ўтварэння Чэхаславацкай незалежнай дзяржавы. Паліцыя разагнала дэманстрацыю, пры гэтым быў застрэлены студэнт мэдычнага факультэта Карлавага ўніверсітэта Ян Оплэтал. Ягонае пахаванне перарасло ў акцыю пратэсту. Дзясяткі дэманстрантаў былі арыштаваныя. 17 лістапада акупанты рана ранкам уварваліся ў студэнцкія інтэрнаты. Больш за 1200 студэнтаў арыштавалі й вывезлі ў канцлагеры.

Праз 2 гады, 17 лістапада 1941 года, у Лондане прайшла Міжнародная сустрэча студэнтаў, якія змагаліся супраць фашызму, дзе было вырашана адзначаць гэтую дату як Дзень студэнта, у гонар загінулых, у памяць аб пражскіх падзеях.

З 17 лістапада 1973 года ў Грэцыі студэнты чацвёра сутак абаранялі будынак Тэхнічнага ўніверсітэта ў Афінах, пратэстуючы супраць дыкататуры. Гэтыя падзеі прывялі да падзення дыктатуры «чорных палкоўнікаў».

17 лістапада 1989 года камсамольская арганізацыя Чэхаславаччыны вырашыла зладзіць акцыю, прымеркаваную да 50-годдзя падзеяў 1939 года. Акцыя была санкцыянаваная, бо ж яе праводзіў тамтэйшы «БРСМ». На яе сабралася каля 30 тысяч студэнтаў і выкладчыкаў. Але замест занудных афіцыйных лозунгаў яны… запатрабавалі свабоды і дэмакратыі тут і цяпер. Паліцыя жорстка збіла «зачыншчыкаў беспарадкаў». На знак пратэсту студэнты на наступны дзень абвясцілі страйк. 21 лістапада на вуліцы Прагі выйшла ўжо болей за 200 тысяч дэманстрантаў. З гэтых падзеяў пачалася аксамітная рэвалюцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?