Якія выразы цяпер круцяцца ў галовах сталічнай тусоўкі? Некаторыя з іх не толькі падзяліліся, але і растлумачылі, якое месца кожны выраз займае ў іх жыцці.

Ася Паплаўская.

Ася Паплаўская.

Кацярына Пытлева.

Кацярына Пытлева.

Усевалад Сцебурака.

Усевалад Сцебурака.

Сяргей Календа.

Сяргей Календа.

Vinsent.

Vinsent.

Андрусь Такінданг.

Андрусь Такінданг.

Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук.

Валерыя Кустава. Фота Аксана Бязрукая, paparazzikidz.com.

Валерыя Кустава. Фота Аксана Бязрукая, paparazzikidz.com.

Кацярына Пытлева, дыджэй радыё «Мір», тэлевядоўца:

Што да працы, то тут мой любімы выраз — «Светам кіруе дэдлайн». У апошні момант адпадае ўсё непатрэбнае, з’яўляецца больш канкрэтыкі, нават крэатывіцца (калі ты з галавой у працы, якая гарыць) асабіста мне нашмат лягчэй.

Па жыцці мой дэвіз — «тут і цяпер». Не трэба жыць мінулым, не трэба жыць будучыняй (яна невядомая і непрадказальная), трэба тут і цяпер атрымліваць асалоду ад кожнай хвіліны жыцця і, калі жадаеце, браць ад жыцця ўсё.

Усевалад Сцебурака, паэт, шоумэн:

Любімая прыказка? Адна? У каго вы пытаецеся? Я ж артыст размоўнага жанру — у мяне гэтых выразаў сотні, а не адзін.

«Я — дурань!» Той, хто так кажа, так не думае. Хто так думае, так не кажа».

«Ніхто не вінаваты», — так кажуць, каб вінаватыя не пакутавалі.

«Тата, тата, лезе чорт у хату!» — «Добра, сынку, абы не маскаль!» Гэта прымаўка смаленскіх беларусаў. Упадабалі яе ўсім сямействам, а найчасцей я выкарыстоўваю яе ў размовах з бацькам — так бы мовіць, «па ролях».

Сяргей Календа, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Макулатура»:

З Венечкі Ерафеева мне падабаецца вось гэтае: «Мне дастаткова таго, што дае мне Радзіма, а калі б мне здалося мала і Радзіма дагнала б мяне і спытала: «Веня, табе гэтага мала? Можа, табе трошкі дадаць?» — я б сказаў: «Усё добра, Радзіма, адвяжыся, у цябе ў самой ніх.я няма».

Станіслаў Ежы Лец добра сказаў: «Якія свежыя фарбы тых, хто быў у цені!»

А пра Беларусь лепш не скажаш: «Ніхто не ўмее жыць так, як не ўмеем мы».

Vinsent (Зміцер Папко), музыка, актор:

«Я ведаю, што нічога не ведаю».

Часта бачыш свет са свайго боку, крычыш пра сваю праўду. Потым на спакойную галаву разумееш, што ўсё не так адназначна, як думаў дагэтуль. Усё ў свеце настолькі адносна, што праўду адшукаць немагчыма. Яна заўсёды розная, у залежнасці ад таго, пад якім вугорм на яе глядзець.

Таму я ведаю, што нічога не ведаю. Але стараюся ведаць хоць кропельку.

Андрусь Такінданг, журналіст, музыка, мастак, паэт і вядоўца:

Любімая прыказка? «Бацька шапкі не купіў — няхай вушы мерзнуць». Так кажуць пра тых, хто, не маючы моднай адзежы, будзе мерзнуць, але не надзене чаго прасцейшага, а яшчэ пра ганарыстых людзей, якія, калі ім не ўдалося заняць высокай пасады, гатовыя галадаць, але не працаваць на простай рабоце.

Ася Паплаўская, журналістка, блогерка:

«Усё мінецца, любоў застанецца». Ужо не памятаю, дзе і ад каго пачула гэтыя словы, але запомніла назаўжды. Усе надзённыя праблемы можна вырашыць. Не варта замарочвацца на іх, траціць сябе на перажыванні, трэба шукаць адказы на пытанні і мяняць сітуацыю, якая не задавальняе. Самае каштоўнае ў жыцці кожнага чалавека — любоў. Я пра гэта заўжды памятаю. І гэта дапамагае ўсміхацца і радавацца кожнаму моманту жыцця.

Яраслаў Раманчук, кандыдат у прэзідэнты 2010 г., эканаміст:

«Людзі, думайце! Гэта не балюча!» Гэты свет становіцца прыемнейшым, бяспечнейшым і камфортнейшым, калі чалавек уключае і нагружае працай сваю галаву. Гэты лозунг — антылянота, супраць пасіўнасці і «можа, так і трэба».

«Урад — не рашэнне нашых праблем. Урад — гэта праблема», — сказаў Рональд Рэйган. Часта чуеш, што праблемы ў эканоміцы, ахове здароўя ці адукацыі эфектыўней вырашаць праз дзяржаву. Гэта памылка. Дзяржава, то бок распарадчык чужога, стварае значна больш праблем, чым вырашае, ці робіць гэта значна павольней і ў разы даражэй.

Валерыя Кустава, паэтка:

Ёсць у маім жыцці некалькі цудоўных прыгаворак, што перайшлі мне ў спадчыну ад прабабулі.

«З твару вады не піць», — казалі жанчыны па кудзелі ў маім родзе пра мужчын, маючы на ўвазе, што маладым дзяўчатам, прыглядаючыся да абранніка, не варта перадусім звяртаць увагу на яго вонкавую прывабнасць, бо ўсё самае істотнае, з чым жыць, не на твары, а ўнутры чалавека, яго не ўбачыш наўпрост.

«Што ўмееш — за плячыма не насі» — гаворка ідзе пра скарыстанне сваіх талентаў і шанцаў, што выпадаюць на шляху.

Яшчэ адзін выраз увайшоў у маё жыццё ў юначыя гады: «Далягляд не церпіць трох», які можна зразумець так, што ў стасунках двух людзей заўжды адказныя за ўсё толькі яны абое і заўжды абое. І ніколі не варта ў свае прыватныя інтымныя справы зацягваць іншых, нават блізкіх.

І яшчэ ёсць адзін прыгожы выраз: «Калі хочаш убачыць дзівосы — будзь дзівам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?