Вытворчасць і рэалізацыя пладова-ягадных ардынарных вінаў у Беларусі будуць спыненыя з 1 студзеня 2013 года.
Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падчас адкрыцця гандлёва-лагістычнага цэнтра РУП «Мінск Крышталь» у Калядзічах.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, пытанне пра забарону рэалізацыі пладова-ягаднага віна разглядалася напярэдадні на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. «Мы прынялі рашэнне, што гэтых вінаў з 1 студзеня 2013 года не будзе ў продажы і ў вытворчасці», — сказаў ён.

Пры гэтым застануцца пладова-ягадныя віны палепшанай якасці, а таксама віно марачнага класа. Паводле слоў прэм’ер-міністра, гэта віно практычна не саступае вінаграднаму, у якім асноўнай сыравінай з’яўляюцца імпартаваныя вінаматэрыялы. «Таму гэта вытворчасць, яго якасць будзе забяспечвацца на належным узроўні. Мы лічым, што гэтых мер дастаткова, а што датычыцца ўвядзення адмысловых абмежаванняў, то яны ў нас прапісаныя ў нарматыўна-прававых актах, якія адпавядаюць ўказам прэзідэнта і заканадаўству», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама дадаў, што на разгляд у палату прадстаўнікоў унесена прапанова ў частцы таго, каб надзяліць мясцовыя адміністрацыі правам ўводзіць пэўныя абмежаванні на рэалізацыю пладова-ягадных вінаў па разавых мерапрыемствам, паведамляе БелТА.

Нагадаем, што раней меркавалася, што ў Мінску з 1 снежня продаж «чарніла» будзе спынены, але 15 лістапада Лукашэнка на нарадзе па справах МУС скептычна паставіўся да гэтай думкі.
Сёння Мінгарвыканкам заявіў, што забараняць продаж «чарніла» з 1 снежня не будуць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0