Улада сіліцца, каб маніфэстанты чуліся бяспраўнымі і ізаляванымі. Тысячы службістаў удзельнічаюць у акцыях запалохваньня і ачапленьня, але гэта, здаецца, толькі ўзмацняе ў пратэстоўцаў пачуцьце маральнага абавязку.

Роўна а пятай гадзіне плошча Якуба Коласа была перакрытая міліцыянтамі і людзьмі ў цывільным. Усе крамы, у тым ліку найбольшы ў краіне ЦУМ, былі замкнёныя «з тэхнічных прычынаў». Улада старанна выпрацоўвае новыя тактыкі барацьбы з нацыянальнымі маніфэстацыямі.

А шостай гадзіне ля плошчы Якуба Коласа з боку ЦУМу пачалі зьяўляцца палітыкі. Прыйшлі заяўнікі — Аляксей Янукевіч, Юрась Зяньковіч, Валянціна Палевікова. Тут жа быў і Аляксандар Мілінкевіч. Літаральна празь некалькі хвілінаў Зяньковіч заклікаў людзей накіроўвацца да Акадэміі навук. Спачатку калёна налічвала пару соцень чалавек, але яна пастаянна набірала моц.

«Маладафронтаўцы» ўзьнялі першыя бел‑чырвона‑белыя сьцягі і разгарнулі расьцяжку «Чарнобыльскі шлях», дзяўчаты раздавалі папяровыя сьцяжочкі. Здавалася, што іх у руках трымала палова калёны.

У сваю чаргу частка людзей зьбіралася ля Акадэміі навук. Першым транспарант разгарнуў былы палітвязень Сяргей Скрабец — «Свабоду Казаліну». Потым пачалі зьяўляцца нацыянальныя, менскія, эўрасаюзаўскія, агэпэшныя сьцягі, чырвона‑чорныя анархісцкія штандары, былі сьцягі хрысьціянскай дэмакратыі. Частка моладзі была апранутая ў жоўтыя саколкі, на тварах — рэсьпіратары.

Пасьля таго, як дзьве калёны злучыліся, меркавалася, што выступіць прафэсар Нікітчанка, які мусіў агучыць рэзалюцыю «Чарнобыльскага шляху‑2007», але ў горадзе была арыштаваная гукаўзмацняльная апаратура, таму выступу не адбылося. Арганізатары счакалі, пакуль на пляцоўку да Акадэміі навук падцягнуцца ўсе ўдзельнікі акцыі. Здавалася, што людзей ня меней, чым было тутака на мітынгу на Дні Волі. Юрась Зяньковіч у мэгафон заклікаў людзей ісьці да Чарнобыльскай капліцы.

Перад пачаткам акцыі назіральнікі прагназавалі, што шмат людзей адмовіцца ісьці да Бангалору. Насамрэч так не адбылося, калёна дружна рушыла ўбок вуліцы Сурганава. Мілінкевіч быў верны сваім ранейшым словам, што болей не зьбіраецца хадзіць на Бангалор, і застаўся раздаваць аўтографы.

Амапаўцы надзейна перакрылі праспэкт, каб ніхто не спрабаваў рухацца ў бок Нацыянальнай бібліятэкі. Нікому не карцела прарываць кардоны.

На вуліцы Сурганава былі разабраныя ходнікі, там праходзяць рамонтныя дарогі, таму рухацца даводзілася па праезнай частцы. Звычайныя міліцыянты ані не супраціўляліся гэтаму. Колькасьць людзей усё павялічвалася. Жыхары вуліцы Сурганава віталі акцыю вывешваньнем бел‑чырвона‑белых сьцягоў на бальконах, аўтамабілісты сыгналілі ў знак падтрымкі.

У пачатку калёны несьлі расьцяжку «Чарнобыльскі шлях». Яшчэ крыху паперадзе магутныя салігорцы Павал Батуеў і Ільля Шыла несьлі чарнобыльскі звон. У першым шэрагу ішлі Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык, Анатоль Сідарэвіч. У цэнтры калёны — Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька.

Шэсьцем вельмі ўдала кіравалі Зьміцер Хведарук і Яраслаў Грышчэня, хлопец з Баранавічаў, шосты абвінавачаны ў справе «МФ». Грышчэня мае лідэрскую харызму. Людзі прыслухоўваюцца да ягоных словаў, робяць так, як ён кажа. Цяпер не падаецца дзіўным, чаму менавіта гэты хлопец паўстане перад судом. У такіх, як Грышчэня, улады бачаць вялікую небясьпеку.

Дэманстранты мелі наступныя расьцяжкі: «Малады фронт», «Будуючы новую АЭС — помні пра памылкі мінулага», «Беларусь без АЭС», «Рукі прэч ад чарнобыльскіх ільгот», «Атам мірным не бывае», «Не — другому Чарнобылю», «За альтэрнатыўную энэргію».

На скрыжаваньні вуліц Сурганава і Якуба Коласа міліцыянты пачалі выцясьняць людзей на тратуар, пад’ехала два дзесяткі машынаў зь мігалкамі. Пачаліся невялікія сутычкі, міліцыянты паспрабавалі затрымаць найбольш актыўных удзельнікаў, але людзі іх адбілі.

Урэшце, пад’ехалі два дзясяткі міліцэйскіх машынаў, літральна адціскаючы людзей, і дэманстранты былі вымушаныя такі збочыць на ходнікі, раз‑пораз пераскокваючы праз яміны і груды друзу. Колькасьць удзельнікаў дасягнула 7‑10 тысяч чалавек.

За маніфэстацыяй назіралі дыпляматы краінаў Эўрасаюзу і ЗША. Кіраўнік аддзяленьня швэдзкага пасольства Эрыксан наступным чынам пракамэнтаваў акцыю: «Не настолькі істотна, колькі людзей выйшла, галоўнае, што людзі засьведчылі гатоўнасьць выходзіць. Прыемна, што сярод людзей пануе такі пазытыўны настрой».

Недзе а восьмай шэсьце падышло да Чарнобыльскай капліцы. Выступіў прафэсар Іван Нікітчанка, зачытаў тэзы рэзалюцыі «Чарнобыльскага шляху». Пасьля была агучаная малітва за Беларусь, а скончылася ўся акцыя дваццаць адным ударам у чарнобыльскі звон.

«Чарнобыльскі шлях» пацьвердзіў вялікую мабілізацыйную гатоўнасьць прыхільнікаў пераменаў. Колькасьць удзельнікаў веснавых акцыяў апазыцыі пераўзышла нават самыя сьмелыя прагнозы. Асноўную масу маніфэстантаў склала моладзь. Сярод тых, хто прыйшоў на акцыю, не было ўпадніцкіх настрояў, людзі выпраменьвалі пазытыў.

Улада сіліцца, каб маніфэстанты чуліся бяспраўнымі і ізаляванымі. Тысячы амонаўцаў і супрацоўнікаў розных органаў удзельнічаюць у акцыях запалохваньня і ачапленьня, але гэта, здаецца, толькі ўзмацняе ў пратэстоўцаў пачуцьце маральнага абавязку.

Уражваў 18‑гадовы хлопец з Смаргоні, Уладзімер Шульжыцкі, выпускнік прыборабудаўнічага ПТВ. Яго затрымалі, ведаючы, што ён зьбіраецца ў сталіцу і выпусьцілі ў 11.15, нібы на зьдзек, ведаючы, што апошні цягнік з гораду ад’яжджае аб 11.30, а да станцыі воддаль. Тады хлопец сеў на ровар і праехаў 40 км да Маладэчна, каб стуль сесьці на электрычку.

…Калі людзі вярталіся па вуліцы Сурганава, адбыліся драматычныя сутычкі моладзі спэцназам. Прычынай была адмова юнакоў згарнуць бел‑чырвона‑белыя сьцягі. Пасьля штурханіны ў аўтазаку аказаліся шаснаццаць чалавек. Сярод іх адзін з заяўнікаў «Шляху» Юрась Зяньковіч. Іх адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, пратрымалі пару гадзінаў, узялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі і выпусьцілі.

У той сытуацыі чорнакашульнікі‑амонаўцы не разьбіралі ні старога ні малога. Сярод зьбітых аказаліся 70‑гадовы літаратуразнаўца Ўладзімер Содаль і ягоная пэнсіянэрка‑жонка. Гэты заслужаны чалавек, малалетні вязень нацызму, які доўгія гады вёў на ТВ праграму «Роднае слова», скажа горкія словы: «Амонаўцы дзейнічалі нечакана і нахабна. Я мог бы адбегчы, але годнасьць не дазволіла. Чаму я, які перажыў у дзяцінстве страшныя гады акупацыі, павінен у незалежнай Беларусі ў мірныя дні бегчы?»

У.Содаль не зьбіраецца падаваць скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў МУС, бо лічыць гэта бессэнсоўным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?