Кіраўнік інфармацыйнага аддзела Гомельскай епархіі протаіерэй Алег Кастрама пракаментаваў указанні гомельскіх ідэолагаў духавенству наконт нібыта існых у храмах недахопаў.

16 лістапада кіраўніцтва Гомеля сумесна з прадстаўнікамі епархіяльнага ўпраўлення і настаяцелямі мясцовых храмаў разгледзелі пытанні супрацоўніцтва органаў улады і епархіі. На сустрэчы, пра якую напісала газета «Новый Вечерний Гомель», прагучалі некаторыя прэтэнзіі да царквы з вуснаў начальніка аддзела ідэалагічнай працы Гомельскага гарвыканкама Ганны Шыдлоўскай. У прыватнасці, яна сказала пра «непразрыстасць фарміравання цэн на васковыя свечкі ў прыходах і бескантрольныя выемкі сродкаў са спецыяльных скрыняў для збору ахвяраванняў, устаноўленых у грамадскіх месцах».

«Палітыкі фарміравання цэн у праваслаўных храмах не існуе, ёсць паняцце „ахвяраванне“. Калі ў чалавека няма грошай на свечку, ён можа ўзяць яе ў храме бясплатна.
У храмах Гомельскай епархіі ёсць такое добраславенне — калі чалавек прыйшоў і кажа, што няма грошай на тую ці іншую адправу, святары гэтую адправу робяць бясплатна», — пракаментаваў Алег Кастрама.

Ён зазначыў, што і ў выемках ахвяраванняў парушэнняў няма: ёсць рэвізійная камісія, якая заўсёды робіць выемку, пералічвае грошы, непасрэдна ў магазінах абменьвае дробныя купюры на буйныя і складаецца акт пасля прыезду ў храм. Адкуль і да чаго менавіта прэтэнзіі ў ідэолагаў — протаіерэй не ведае.

Святар падкрэсліў, што ўжо атрыманы дазвол ад прэзідэнта Беларусі аб выдзяленні зямлі для будаўніцтва храма Святых дабраверных князёў Пятра і Феўроніі Мурамскіх.
Начальнік аддзела ідэалагічнай працы папракала, што епархія не аформіла будаўніцтва адпаведным чынам.

На сустрэчы ў гарвыканкаме было ўзнята пытанне аб неабходнасці ўсталявання ў храмах пажарных апавяшчальнікаў.

«Сучасныя пажарныя апавяшчальнікі спрацоўваюць на дым ад кадзіла, апавяшчальнікі непрымяняльныя ў храмах. Уявіце: свята, і спрацоўвае апавяшчальнік.
Ва ўсіх гарадскіх храмах ёсць вартаўнікі, і ёсць спосабы апавяшчэння пра пажар, і тушэння ўзгаранняў. А калі сур’ёзны пажар, то вартаўнік выклікае ратавальнікаў», — растлумачыў протаіерэй.
Ён заўважыў, што яшчэ не было такога, каб у храме згарэлі людзі, калі, вядома, яны не прынялі пакутніцкую смерць.
Паводле слоў Алега Кастрамы, непрымяняльныя да храма і патрабаванні пажарных прыкруціць падсвечнікі да падлогі, таму што на вялікія святы з-за мноства людзей падсвечнікі прымаюць.

«Трэба, каб пажарныя выпрацавалі патрабаванні, якія б злучаліся з царквой. Каб пахадзілі ў храм, памаліліся і паглядзелі збоку, што і як рабіць. Мы ж не супраць паляпшэнняў, а толькі за», — выказаўся святар.

Ён падсумаваў, што пасяджэнне ў гарвыканкаме было рабочым, і ён лічыць яго плённым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?