«Раней было шмат шалёных, танных крэдытаў.
Мы дакрэдытаваліся да таго, што давялося дэвальваваць нацыянальную валюту. Я не хачу, каб гэта паўтарылася», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада падчас наведвання ААТ «Івацэвічдрэў» (Брэсцкая вобласць), адказваючы на пытанне маладога работніка прадпрыемства аб магчымасцях дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жылля.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, Лукашэнка растлумачыў, што высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах абумоўлены тым, што банкі таксама пад высокі працэнт прыцягваюць грошы насельніцтва і прадпрыемстваў.

Існуе льготная чарга на жыллё, дзе працэнтныя стаўкі па крэдытах значна ніжэйшыя, але гэта кладзецца дадатковай нагрузкай на бюджэт. «Гэта значыць трэба падаткі ў кагосьці ўзяць. Вось у чым праблема», — зазначыў ён. Пры гэтым беларускі кіраўнік сказаў, што дзяржава і ў далейшым будзе падтрымліваць асобныя катэгорыі грамадзян у пытаннях набыцця жылля, і асабліва гэта тычыцца шматдзетных сем’яў.
«Будзе больш грошай — мы больш прафінансуем тых, хто нараджае трох ці больш дзяцей. Гэта перш за ўсё», — заявіў ён.

Кажучы ў цэлым пра шляхі павышэння дабрабыту жыхароў Беларусі, Лукашэнка зрабіў акцэнт на развіцці арыентаваных на экспарт прадпрыемстваў, завязаных на мясцовую сыравіну: «Трэба зарабляць, больш вырабляць і прадаваць на экспарт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?