24 лістапада 2011 года суд Першамайскага раёна Мінска прыгаварыў беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, да 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Напярэдадні гадавіны вынясення прыгавору, а таксама ў сувязі з запланаваным на 26 лістапада высяленнем з офіса праваабарончага цэнтра «Вясна» Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў — сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека і Міжнароднай арганізацыі супраць катаванняў — зноў заклікала ўлады Беларусі да «неадкладнага і безумоўнага» вызвалення Бяляцкага і спыненні пераследу «Вясны».

У сваёй чарговай заяве Абсерваторыя нагадвае, што Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года, «і з таго часу ён караўся шматлікімі дысцыплінарнымі спагнаннямі з боку турэмнай адміністрацыі, якія прывялі ў тым ліку да скарачэння колькасці сродкаў, якія яму дазволена атрымліваць на свой рахунак у калоніі, адмове ў спатканнях і ў атрыманні пасылак». Іншым зняволеным калоніі забаронена кантактаваць з Бяляцкім, што яшчэ больш узмацняе яго ізаляцыю і ўзровень псіхалагічнага ціску, які аказваецца на яго, адзначаюць праваабаронцы.

Згодна з прыгаворам, ён павінен адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, яго маёмасць, у тым ліку мінскі офіс «Вясны», аформлены на яго імя, павінна быць канфіскавана. 24 студзеня 2012 года Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле гэты прыгавор, не задаволіўшы касацыйную скаргу, і 28 лютага Бяляцкі быў пераведзены ў калонію ўзмоцненага рэжыму № 2 Бабруйска.

«Варта падкрэсліць, што прыгавор Алесю Бяляцкаму быў адназначна накіраваны супраць яго дзейнасці як праваабаронцы і супраць праваабарончага цэнтра „Вясна“, і ў пачатку ліпеня 2012 года суд Партызанскага раёна Мінска пацвердзіў рашэнні аб канфіскацыі офіса. 17 лістапада Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, атрымала афіцыйнае паведамленне, якое інфармуе яе аб тым, што 26 лістапада „Вясна“ будзе выселена з офіса, які яна займала апошнія 12 гадоў», — гаворыцца ў заяве.

«Абсерваторыя зноў рэзка асуджае факты пераследу і незаконнага ўтрымання пад вартай Алеся Бяляцкага і выказвае трывогу ў сувязі з хуткім высяленнем ПЦ „Вясна“, які больш чым 16 гадоў аказвае неацэнную падтрымку ахвярам парушэнняў правоў чалавека. Відавочна, што меры, якія рыхтуюцца, — гэта чарговае праяўленне бясконцай кампаніі паклёпу і пераследу, што вядуць улады Беларусі супраць „Вясны“ на працягу апошніх гадоў», — падкрэсліваюць аўтары заявы.

Абсерваторыя заклікала ўлады Беларусі «спыніць рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый краіны ў адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праваабаронцах ААН, Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і іншымі праваабарончымі механізмамі, ратыфікаванымі Беларуссю».

Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне па прыгаворы суда Першамайскага раёна Мінска. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не прыняў да ўвагі, што грошы, якія на іх паступалі, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Не быў прыняты да ўвагі і той факт, што ўрон, нібыта нанесены Бяляцкім дзяржаве, быў поўнасцю пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Асуджаны 50-гадовы праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, дзе працуе ўпакоўшчыкам швейных вырабаў.

22 лістапада Бяляцкі ўзнагароджаны прэміяй імя Петры Келі. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Берліне. Прэмію Бяляцкага атрымала яго жонка Наталля Пінчук. «Гэтая прэмія — высокая ацэнка яго дзейнасці», — заявіла БелаПАН жонка праваабаронцы. Яна таксама паведаміла, што Бяляцкі адмовіўся ад грашовай складаючай прэміі, 10 тысяч еўра, і папрасіў накіраваць гэтыя сродкі на падтрымку праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?