Старое пакаленьне беларусаў памятае часы, калі нават падручнікі па аграхіміі пачыналіся з асьвятленьня ролі чарговага зьезду КПСС у павышэньні эфэктыўнасьці выкарыстаньня сродкаў аграхіміі.

Нарэшце шчасьлівыя былыя часы вярнуліся. Дзяржаўныя часопісы друкуюць вытрымкі з прамоваў прэзыдэнта, гутаркі з старшынямі аблвыканкамаў пра сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё рэгіёнаў і нават лісты вучняў школаў і ліцэяў прэзыдэнту.

Клапатлівы прэзыдэнт

Гарадзенскі гімназіст Сяргей Ярашэвіч піша ў «Беларускай думцы» (2006, №1): «Сталеючы, задумваешся, што далёка не паўсюль на нашай плянэце ў аднагодкаў шчасьлівае дзяцінства. Хочацца падзячыць роднай краіне, нашаму прэзыдэнту А.Р.Лукашэнку за ўмацаваньне міру, дружбы і згоды паміж народамі, за тое, што мы ў Беларусі маем магчымасьць спакойна жыць, вучыцца, працаваць і займацца творчасьцю. Няхай нашая мілая Айчына будзе апораю міру, шчасьця і працы!»

Часопіс «Маладосць» (2004, №8) друкуе гутарку зь менскім школьнікам Андрэем Радковым, удзельнікам БРСМаўскай акцыі «Пісьмо — Прэзыдэнту». Малады чалавек радуецца эўрапейскаму выгляду нашай сталіцы, смуткуе з-за апусьценьня вёсак. «Мне вельмі балюча бачыць нашыя апусьцелыя вёскі. Дзе ўсё менш і менш застаецца моладзі, дзе безупынна скарачаецца колькасьць вучняў. А хіба можа быць дзяржава бязь вёскі? Мне думаецца, што трэба, як было раней, у савецкія часы, аднаўляць вёскі маладзёжнымі будоўлямі, каб маладыя, таленавітыя людзі ехалі туды і ня толькі аднаўлялі, а і стварылі на сваё разуменьне якой яны бачаць вёску ХХІ ст.». На пытаньне, чым найбольш запомнілася сустрэча з прэзыдэнтам, Андрэй адказаў: «Я спачатку хацеў задаць некалькі пытаньняў наконт тэставаньня і таго, што часам перашкаджае нармальнаму жыцьцю, але прэзыдэнт пачаў размаўляць з хлопцам, які працаваў улетку на камбайне, была размова пра ўраджайнасьць, пра працу, і я палічыў, што мае пытаньні менш значныя».

Аб клопаце прэзыдэнта пра моладзь піша і аўтар нататкі пра белавескую рэзыдэнцыю Дзеда Мароза: «Наш прэзыдэнт клапоціцца пра таленавітую моладзь, яго словы і думкі на галаву вышэй за тое, што думаюць і пішуць многія «спэцы» ад пэдагогікі і культуры» (Беларуская Думка, 2005, №12).

Шчыры прэзыдэнт

Запатрабаваныя дзяржаўнай прапагандай і праваслаўныя дзеячы. Уладзімер Чартовіч, гендырэктар ЗАТ «Праваслаўная ініцыятыва» і выдавец славутай кнігі «По законам подлости», у часопісе «Беларуская Думка (2005, №10) вытлумачвае прэзыдэнцкую характарыстыку сябе як праваслаўнага атэіста: «Ён не лукавіць ні ў вялікім, ні ў малым. Неяк ён назваў сябе «праваслаўным атэістам». І як жа зубаскаліла наша «апазыцыя»! А сьмешнага тут нічога няма. Насупраць, тым самым А.Лукашэнка яшчэ раз давёў, што крывіць душой і ня можа, і ня хоча. Дарога да Бога нялёгкая для любога чалавека. А ўжо для таго, хто прайшоў багаборніцкую савецкую школу — тым больш. Менавіта гэта і выказаў Прэзыдэнт сваім экспромтам».

Нязломны прэзыдэнт

Кандыдат гістарычных навук Мікалай Катэнка на старонках «Полымя» (2005 г.) раскрывае сакрэты «халоднай вайны». Інфармацыйная вайна, разьвязаная Захадам і ЗША, закранула і Беларусь. «Вакол Беларусі плятуцца езуіцкія сеткі. Чаму? У нашай краіне адбылася стабілізацыя кіраваньня дзяржавай».

Знаходзіцца на бачынах часопісаў месца і для замежных аўтараў. Cакратар ЦК кампартыі Літвы Часлаў Высоцкі («Беларуская думка», 2005, №9) моцна крытыкуе палітыку Польшчы і Літвы: «Зараз Польшча — траянскі асёл Эўропы, але ёй ня варта забывацца на тое, што былі ўжо тры падзелы Польшчы. Можа быць і чацьверты. (…) Літва ператварылася ў галодны край з крамамі, запоўненымі заморскімі таварамі». Іншая справа — Беларусь. «Краіна скіраваная ў будучыню. Гэта наглядна пацьвердзілі і нядаўнія масавыя ўрачыстасьці, прысьвечаныя Дню Незалежнасьці сувэрэннай дзяржавы. Моладзь, што запоўніла да берагоў Кастрычніцкую плошчу, бурнай авацыяй падтрымала стваральны заклік прэзыдэнта: «Давайце зробім так, каб наш любы Мінск стаў горадам сьвету, дабра і шчасьця».

Беларусь займае асаблівае месца ў сэрцы літоўскага камуніста. «Прэзыдэнт Лукашэнка змагаецца ня толькі за Менск, але і за Маскву, Кіеў, Вільнюс, ён гераічна ўтрымлівае апошні рубеж перад «Drank [так у тэксьце — «НН» ] nach Osten».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0