У пятніцу ва Ўправе БНФ прайшла прэзэнтацыя кнігі «Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. Меркаваньні беларускіх эліт». Арганізатары прэзэнтацыі спрабавалі знайсьці іншае памяшканьне, але паўсюль сутыкаліся з адмовай.

Ва ўступным слове галоўны рэдактар часопісу ARCHE і ініцыятар выданьня гэтай кнігі Валер Булгакаў адзначыў, што нягледзячы на пагаршэньне палітычнай сытуацыі ў краіне, летась назіраўся сапраўдны выдавецкі бум. Булгакаў прадэманстраваў толькі тыя кнігі, у выданьні якіх удзельнічаў непасрэдна. Толькі гэтыя кніжкі, напэўна, маглі б заняць цэлую паліцу.

В.Булгакаў расказаў, як праходзіў адбор герояў кнігі: пытаньне, хто ёсьць у Беларусі элітай было прапанаваная беларускім палітолягам. Пасьля чаго і ўтварыўся дадзены сьпіс. Разам з тым адзначалася, што шмат хто зь меркаваных герояў кнігі не пагадзіўся на інтэрвію, так зрабілі старшыня ФПБ Леанід Козік ці старшыня праўладнага саюзу пісьменьнікаў Мікалай Чаргінец.

Як сказаў Валер Булгакаў, на трохстах старонках кнігі героі імкнуліся адказаць на наступныя пытаньні: што ёсьць беларускай ідэнтычнасьцю, якое месца займае Беларусь у сьвеце, якія мусяць быць адносіны з Эўропай і Расеяй і шмат іншых. Булгакаў падзяліўся сваімі адкрыцьцямі, ён зразумеў, што афіцыйныя асобы разглядаюць Эўропы толькі ў прасторавай плоскасьці, а ні якім разе ні ў культурнай, ні ў палітычнай, што беларускія контарэліты зноходзяцца ў стэрэатыпах, якія навязвае ім афіцыйны бок, як, скажам, пра тое, што беларусы талерантная і адукаваная нацыя.

Пасьля зь невялікай крытыкай кнігі выступілі беларускія расейскамоўныя філёзафы Янаў Палескі і Аляксандар Адамянц, мусіў выступіць яшчэ Ўладзімер Роўда, але ён не прыйшоў на імпрэзу. Янаў Палескі адзначыў, што не зусім зразумела ў якім кантэксьце ў назьве ўжытае слова «эліта», а таксама незразумела на каго гэтая кніга ў першую чаргу разьлічаная. Таксама ён адзначыў, што не зусім прадуманымі былі пытаньні.

Аляксандар Адамянц, у сваю чаргу, адзначыў, што для яго былі цікавымі якраз меркаваньні людзей не з афіцыйнай улады, бо «што думаюць яны мы прыкладна ўяўляем, а вось што думаюць на супрацьлеглым баку пакуль не да канца вядома».

Напрыканцы прэзэнтацыі ўсе прысутныя атрымалі бясплатна гэтую кнігу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?