Мікалай Дзядок, асуджаны на чатыры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у акцыях анархістаў, можа быць пераведзены ў турму,
паведаміў яго сябар Аляксандр Ярашэвіч.

Ярашэвіч 24 лістапада атрымаў ад Дзядка ліст. «Ён піша, што днямі ў шклоўскай калоніі № 17, дзе ён адбывае пакаранне, адбылася камісія, якая пастанавіла, што Дзядок не стаў на шлях выпраўлення і працягвае аказваць згубны ўплыў на іншых зняволеных. У сувязі з гэтым было вырашана накіраваць справу Мікалая ў суд для вырашэння пытання пра перавод яго ў турму строгага рэжыму», — сказаў Ярашэвіч.

Паводле яго слоў, Дзядок знаходзіцца цяпер у памяшканні камернага тыпу калоніі, прычым сядзіць у камеры адзін.

«У сувязі з гэтым незразумела, на каго ён аказвае згубны ўплыў», — адзначыў Ярашэвіч.
Ён паведаміў, што Дзядок атрымаў у калоніі 22 спагнанні.
«Суд, напісаў Дзядок, адбудзецца на гэтым тыдні, як мяркуецца, 29 лістапада, хоць дата пасяджэння дакладна не вядомая. Але ён напісаў мне ў лісце, каб надалей я ўжо пісаў на адрас магілёўскай турмы № 4. Гэта значыць ён упэўнены, што яго перавядуць у турму», — сказаў Ярашэвіч.
Ён таксама адзначыў, што ўмовы ў турме будуць больш жорсткімі, чым у калоніі.
«З пераводам у турму будзе менш спатканняў з роднымі, менш званкоў дамоў, ён увесь час будзе знаходзіцца ў камеры і толькі раз у дзень дазволена прагулка ў турэмным дворыку два на два метры», — дапоўніў Ярашэвіч.

Паводле яго слоў, сам Дзядок звязвае дзеянні адміністрацыі калоніі ў дачыненні да яго з тым, што адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта Беларусі, бо лічыць сябе невінаватым.

Мікалай Дзядок, а таксама Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Максім Веткін і Яўген Селівончык, якія праходзілі з ім па адной справе, былі асуджаны судом Заводскага раёна Мінска 27 мая 2011 года. Яны былі прызнаны вінаватымі ў злачынствах, прадугледжаных ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоснае хуліганства) і ч. 2 і 3 арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Ім інкрымінаваўся шэраг нападаў на будынкі і падпалы, у прыватнасці правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства Расіі ў Мінску і будынка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе.

Апазіцыйныя і праваабарончыя арганізацыі лічаць Мікалая Дзядка палітзняволеным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0