Падаткавыя органы працягваюць цікавіцца дзейнасцю праваабаронцы, сябра Рады зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», прэзідэнта Беларускага Дома правоў чалавека Таццяны Равяка.

Праверка даходаў і маёмасці праваабаронцы, якую робіць інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Першамайскім раёне Мінска з 2004 па 2010 год, не выявіла ў пададзеных ёю дакументах парушэнняў, звязаных з утойваннем прыбыткаў.

Аднак падчас праверкі высветлілася, што ў падатковы орган перададзены звесткі з крымінальнай справы Алеся Бяляцкага.

Нагадаем, у справе Алеся Бяляцкага ў дакументах з літоўскага і польскага банкаў, якія леглі ў аснову абвінаваўчага прысуду ва ўхіленні ад падаткаў, былі звесткі аб сродках, якія Бяляцкі пералічваў на праваабарончую дзейнасць сваім калегам, у тым ліку Таццяне Равяка.

Таццяна Равяка ўжо двойчы (20 і 27 лістапада) была апытаная старшым падаткавым інспектарам аддзела кантролю за дэклараваннем прыбыткаў і маёмасці фізічных асобаў інспекцыі МНС па Першамайскім раёне Валянцінай Буравай наконт сумаў, якія фігуруюць у крымінальнай справе Бяляцкага. Па словах Буравай, гэтая інфармацыя была перададзеная ў раённую інспекцыю «вышэйшымі органамі Міністэрства па падатках і зборах РБ», але не змагла адказаць, па чыёй ініцыятыве яны былі туды перададзеныя.

Таццяне Равяка было прапанавана адказаць на пытанні, датычныя наяўнасці рахункаў у літоўскім банку, мэтаў іх адкрыцця, характару пераводаў на іх сродкаў.
У пратаколе апытання ўказваецца, што «у інспекцыі маюцца копіі выпісак з рахункаў АО DnB NORD банк, Вільня, Літва, згодна з якімі атрымальнікам грашовых сродкаў была Т.Равяка» (ад А. Бяляцкага), аднак інспектар адмовілася прадставіць самі выпіскі. Праваабаронца адмовілася каментаваць інфармацыю без азнаямлення з дакументамі, а адносна тлумачэнняў па рахунках скарысталася сваім канстытуцыйным правам не даваць сведчанняў, якія могуць быць скарыстаны супраць яе.

Інспектар Бурава паведаміла, што падаткавая будзе праводзіць праверку па атрыманай са справы Бяляцкага інфармацыі, па выніках якой будзе прынята рашэнне, ці будуць сродкі, якія нібыта былі пералічаныя Таццяне Равяка, залічаныя як яе асабісты прыбытак, які не быў задэклараваны і з якога не выплачаныя падаткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?