У панядзелак 26 лістапада кантралёр Людміла Шахліна працавала на маршруце гарадcкога аўтобуса № 2 Наваполацка і пацярпела ад пасажыра, які, як ён лічыць, заступіўся за «зайцоў».

«Ці часта здараюцца падобныя канфлікты з пасажырамі?» — пытаюся ў Людмілы Іосіфаўны.

Людміла Шахліна: «Розныя сустракаюцца. Канфліктаў, вядома, менш, чым нармальнага стаўлення, бо прыстойных людзей больш. Але як толькі нецьвярозы пасажыр, дык — так, канфлікт магчымы».

«Ці ёсьць дні, калі канфліктаў здараецца больш?»

Людміла Шахліна: «Звычайна ў пятніцу, у другую змену, напярэдадні выходных».

«Як можа кантралёр абараніцца ад агрэсіўных пасажыраў?»

Людміла Шахліна: «Ніяк. Мы зусім не абароненыя. Толькі калі выклікаюць нарад міліцыі, а да таго — ніяк».

«Ці выплачваюць вам на працы нейкія кампенсацыі пасля падобных інцыдэнтаў?»

Людміла Шахліна: «Нічога».

«Хаця б у выглядзе прэмій?»

Людміла Шахліна: «Нічога, абсалютна нічога».

«А збольшага праца кантралёра — добра аплочваецца ці не?»

Людміла Шахліна: «Гэтага я вам не скажу. Прабачце, я вельмі занятая».

«Віцебскаблаўтатранс» пра напад на кантралёра: «У нас і ў Віцебску такое бывала»

Супрацоўнік «Віцебскаблаўтатранса» на ўмовах ананімнасці пракаментаваў сітуацыю з агрэсіяй пасажыраў адносна кантралёраў, захадамі бяспекі адносна кантралёраў і стаўленнем да іхнай працы грамадзянаў.

«Мы, „Віцебскаўтатранс“ з’яўляемся адкрытым акцыянерным таварыствам, але амаль увесь пакет акцый знаходзіцца ў Міністэрства транспарту. А паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях толькі работнікі дзяржаўных устаноў маюць права складаць пратаколы аб адміністрацыйных парушэннях. У выніку ў нас рукі звязаныя. Кантралёр можа прыняць пэўныя меры альбо адносна кандуктара, які не прадаў квітка, альбо кіроўцы, калі той узяў грошы, а квіток не выдаў. А адносна „зайца“ кантралёр нічога не можа, акрамя як патрабаваць аплаціць штраф. Патрабуе, а тыя нам пішуць скаргі ў адказ, скардзяцца на грубасць. А што да выпадкаў хуліганства, як у Наваполацку, з гэтым потым разбіраецца міліцыя. Такое ў нас і ў Віцебску бывала».

«А як абараніцца кантралёру ад агрэсіі пасажыраў?»

«Як абараніцца? Можа, грамадскую думку падключыць? Калі б пасажыры пачалі абурацца, што мы аплацілі праезд, а ты — не. Магчыма, гэтак? Але ўжываць сілу ў адказ мы ніяк не рэкамендуем, нават забараняем гэта рабіць».

«Але грамадcкая думка не заўсёды на баку кантралёраў. Вось падчас гэтага інцыдэнту ў Наваполацку амаль ніхто не заступіўся за кантралёра».

«Так, бывае і такое».

«У вас дэфіцыт кантралёраў ці іх працуе дастаткова?»

«У нас дэфіцыт усяго: кіроўцаў, кандуктараў, кантралёраў. У краіне ўвогуле вельмі нізкая кампенсацыя затрат на гарадскія і прыгарадныя перавозкі. Таму мы не можам утрымліваць вялікі штат кантралёраў, тым больш калі яны фактычна нічога не могуць зрабіць супроць «зайца».

Паводле суразмоўцы, кантралёр у Віцебскай вобласці зарабляе ад 2 да 2,5 мільёна рублёў.

Паводле звестак з агенцтва продажу квіткоў «Мінсктранс», льготай на бясплатны праезд у гарадскім транспарце карыстаюцца вучні, калі яны едуць да навучальнай установы і назад, а таксама ветэраны Айчыннай вайны і ваенных канфліктаў. Міліцыянты і вайскоўцы льготамі на гарадскі транспарт не карыстаюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?