Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Піша вам былая жонка афіцэра. Хачу расказаць гісторыю свайго жыцця, расказаць пра тое, як робяць афіцэры Унутраных войскаў, абаронцы. Можа, хтосьці пачытае і здабудзе ўрокі з гэтага ліста, каб у іх жыцці не адбылося такога.

Я, Святлана Адамаўна Краснова (імя змененае, сапраўднае імя ёсць у Рэдакцыі), родам не з Мінска, з Брэсцкай вобл.

Пазнаёмілася з мужам, калі вучылася ва ўніверсітэце ў Мінску, ён вайсковец ***, в/ч *** (імя і нумар у Рэдакцыі).
Калі мы пазнаёміліся, я ведала, што ён ужо быў жанаты і я буду другой жонкай, дзяцей у іх не было, і я думала, што гэта прычына іх разводу, але выявілася, што гэта не так.
Мы збіраліся ажаніцца, калі ў яго на працы адбыўся выпадак: ён збіў салдата, але тады я яшчэ не ведала, што гэта другі раз, не думала і пра тое, як гэта адаб’ецца на мне.
Як я даведалася пасля жыцця з ім, яшчэ лейтэнантам у яго быў такі выпадак, але тады, каб не было агалоскі, справу «замялі» (у 2002 г.), калі ж гэта здарылася ў званні капітана, завялі крымінальную справу, яго адхілілі ад службы на 2 месяцы, прапісалі курс супакаяльнага. Але зноў жа, каб не было «агалоскі», салдату сфабрыкавалі аплявуху, хоць пракурор прасіў 4 гады турмы. Яму прызначылі 2-гадовы ўмоўны тэрмін, вылічылі з зарплаты, адхілілі ад камандавання салдатамі, перавялі на іншую працу (вышэйшую пасаду) і адтэрмінавалі званне «маёр». Праз год з непагашаным тэрмінам крымінальнай адказнасці пераводзяць намеснікам начальніка вучэбнага корпуса ў званні капітана на пасаду падпалкоўніка, напэўна, за «добрыя паводзіны» або за «добрыя плечы».
Мы ажаніліся, нарадзілася дачка, жылі ў кватэры яго маці ў Мінску. Калі дачцэ было паўгода, ён упершыню не прыйшоў дадому начаваць і я была з жудасным атручваннем адна дома, з немаўлём.
Было вельмі дрэнна і цяжка, тады я ўпершыню задумалася пра развод. Але ён потым папрасіў прабачэння, і я даравала, а дарма: ніколі не трэба спадзявацца, што чалавек адумаецца.

Пачаліся скандалы, зноў пачаў гуляць і не прыходзіў дадому нанач. Калі дачцэ быў год, я даведалася, што ў яго ёсць жанчына, ды ён і сам любіў расказаць пра свае «подзвігі». Я сабрала рэчы, тое, што мне дазволілі ўзяць з сабой, толькі рэчы дачкі і свае. З’ехала да бацькоў. Былы муж жыў і не ўспамінаў пра нас, але потым неяк дзіўна пачаў прасіцца: нашай сям’і давалі службовую кватэру, і, як выявілася, яго мэтай было атрымаць яе, а потым як «адпрацаваны матэрыял» выкінуць нас на вуліцу. Як пасля я даведалася, ён падпісваў за мяне дакументы. Дзеля дачкі я памірылася, даравала, і гэта было самай вялікай маёй памылкай.

У снежні 2009 мы заехалі ў кватэру на праспекце Незалежнасці. Але ён не змяніўся, зноў былі яго гулянкі, скандалы на вачах дачкі.
І калі ў лютым 2010 ён прыйшоў вечарам п’яны, я забрала ключы і дакументы ад машыны. Раніцай ён кінуўся мяне душыць, калі мы з дачкой спалі, і толькі крык дачкі яго спыніў. Я даведалася, што ён падымаў руку і на першую жонку, душыў яе. Я сказала, што калі гэта яшчэ раз паўторыцца, ён можа яшчэ і сесці ў турму, а ён адказаў, што я не пасаджу яго, таму што ён мяне зарэжа.
Я звярнулася да камандзіра часці. З ім правялі гутарку, трохі супакоілі яго «запал», але ненадоўга.
Аднойчы, калі ў мяне была мая мама (чалавек сталага веку), а мяне не было дома, былы муж накінуўся на яе, прыціснуў да сцяны і нецэнзурна лаяўся, абзываў яе. І толькі спалох і плач дзіцяці спыніў яго. Ён папросту мог у прысутнасці маёй сяброўкі з дзецьмі абзываць мяне, лаяцца матам, клясці, паводзіць сябе неадэкватна. Да разводу, пакуль я адсутнічала дома, ён вывозіў бытавую тэхніку, а потым казаў: «Ты ж не працавала, і твайго нічога няма» (я знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў).
У ліпені 2010 мы развяліся, а ў верасні ён хацеў прывесці жыць каханку з яе дачкой. Пачаў дзяліць пакоі, вешалкі, забіраць усё, адбыўся скандал, ён ударыў мяне ў прысутнасці дачкі, я выклікала міліцыю.
Міліцыя прыехала, склала пратакол. Ужо другі раз я звярнулася пісьмова да камандзіра часці. З ім зноў правялі гутарку пра паводзіны вайскоўца ў побыце, і былы муж выехаў з кватэры.

З’язджаючы, ён забраў усё, вывез нават смеццевае вядро, венік і г.д., сказаў, што дзіцяці нічога не трэба (не трэба на чым спаць, на чым сядзець). З часам з дапамогай бацькоў я ўсё купіла. Але ён на гэтым не спыніўся, і ў нашым жыцці пачаўся кашмар. Былы муж пагражаў, што, калі я не адмоўлюся ад аліментаў, ён заедзе і нас выжыве. Калі я не паддалася, ён напісаў рапарт на здачу кватэры і ў снежні 2010 г. прыходзіў да нас разам з прадстаўнікамі вайсковых часцей — высяляць. Мне з двухгадовай дачкой не было куды ісці.

Я звярнулася па дапамогу да камандуючага Унутраных войскаў, на прыём мяне не запісалі, а пісьмова адказалі, што нічым дапамагчы не могуць.
Я прасіла прыняць мяне на працу (службу), каб была магчымасць пражываць у кватэры, даць нам інтэрнат або падзяліць чаргу на будаўніцтва кватэры, але дапамогі не атрымала.
Тады я звярнулася да міністра ўнутраных спраў, і гэта быў адзіны чалавек, хто хаця б прыняў мяне, выслухаў, паабяцаўшы дапамагчы з працаўладкаваннем, дзякуй яму за гэта.

Мяне часова пакінулі ў спакоі, я чакала, што прапануюць працу ва Унутраных войсках, каб мы з дачкой маглі разлічваць хоць на нейкае жыллё. Я выйшла на працу — галоўным бухгалтарам у прыватную фірму. Трохі супакоіўшыся, працавала, выхоўвала дачку, хоць гэта і вельмі цяжка, асабліва калі дзіця часта хварэе: бальнічныя на любой працы не ўхваляюць, а я была адна ў гэтым горадзе. Дзякуй Богу, мая мама змагла прыехаць і дапамагчы мне.

Пэўны час былы муж прыязджаў вельмі рэдка, раз на 2–3 месяцы, хоць я яму ніколі не забараняла бачыцца з дачкой, але яна яму ўжо не была патрэбная. Адразу пасля разводу ён ажаніўся трэці раз і ўдачарыў дачку новай жонкі, а нашая дачка стала «былой». Калі ў снежні 2011 пачалі рэгістраваць у кватэру, ён зарэгістраваўся і зарэгістраваў прыёмную дачку, а нашу адмовіўся (мы зарэгістраваныя ў в/ч).

І зноў пачаўся кашмар. Былы муж сказаў, што збіраецца заязджаць, а нас выселіць, выжыць з дачкой на вуліцу. Я звярталася і ў Дэпартамент фінансаў і тылу, і да камандуючага (мяне зноў не захацелі запісаць на прыём), стукалася ва ўсе дзверы, але так ніхто і не адчыніў. Напэўна, лягчэй выкінуць на вуліцу, чым дапамагчы.

У маі 2012 былы муж і яго маці падалі ў суд з позвай аб удзеле ў выхаванні дзіцяці.
Для мяне гэта быў шок, бо я ніколі яму ў гэтым не перашкаджала, апошні раз перад гэтым ён быў 1 сакавіка, а бабуля за два гады пасля разводу — толькі аднойчы. Гэтым ён хацеў зноў патрапаць мне нервы з судамі і «падаслаў» да мяне ўчастковага, каб нас з дачкой выселіць. Суд прызначыў наведванне двойчы на тыдзень без прысутнасці яго сям’і, бо дачцэ толькі 4 гады, яна яго дрэнна ведае, праблемы з сэрцам і не сфармаваная псіхіка, невядома, як яна можа адрэагаваць на яго новую сям’ю. За гэты час ні ён, ні бабуля так ні разу і не наведалі дзіця.

У жніўні 2012 ён зноў падаў на мяне ў суд — на высяленне мяне і нашай малалетняй дачкі, без прадастаўлення жылля. Быў суд, нас не выселілі, але тады былы муж, што не жыў 2 гады ў гэтай кватэры, звярнуўся з правам уезду з трэцяй сям’ёй. У мяне здарылася яшчэ адно гора: дачцэ выдалілі апендыцыт, пакуль яна знаходзілася ў гасцях у маіх бацькоў, мне трэба было тэрмінова выехаць у іншы горад, быў вечар, і транспарт ужо не хадзіў. Суседка патэлефанавала майму былому мужу з просьбай адвезці. Мы паехалі ў бальніцу, паехала яго трэцяя жонка. І пакуль я ўгаворвала доктара дазволіць мне застацца з дачкой, новая жонка зладзіла мне скандал: на якой падставе я яму патэлефанавала, каб ён адвёз мяне ў бальніцу да нашай дачкі. Потым доктар зрабіла мне заўвагу. А наш тата сказаў, што гэта толькі маё гора, і я зразумела, што ён выкрасліў дачку са свайго жыцця і яна яму не патрэбная. Больш ён не цікавіўся здароўем дзіцяці, а толькі слаў смс з пытаннем, калі перавозіць рэчы.

Я зноў звярнулася пісьмова з просьбай запісаць мяне на прыём да камандуючага і пытаннем, чаму ўшчамляюцца правы майго дзіцяці, чаму дамова складалася на нас траіх (былы муж, я, наша дачка), а яе нават не хочуць рэгістраваць у гэтай кватэры, хоць усе камунальныя плацяжы аплачваю я за пяць чалавек (я з дачкой, былы муж і двое дзяцей).
І нарэшце праз паўтара года я трапіла да камандуючага на прыём. Я спадзявалася, што ён мне хоць чымсьці дапаможа, але ён сказаў: мы не рэгіструем, а рэгіструе наймальнік, што да працаўладкавання, то мы не біржа працы, а наконт высялення і засялення вырашыць суд. Нават копіі дакументаў, якія мне патрэбныя былі, мне не далі, ведаючы напэўна, што там мой подпіс падроблены. Я звярнулася да камандзіра часці, каб пабачыць, хто падрабіў мой подпіс. За два месяцы я так і не атрымала адказ. Тады я зноў звярнулася ў Галоўнае ўпраўленне ўнутраных войскаў з той жа просьбай, але адказ атрымала зусім іншы: такога дакумента няма, хоць усе жонкі нашага дома яго падпісвалі.
Быў суд і вынес рашэнне аб усяленні яго, яго дачкі і сына: ён жа наймальнік, я гэта разумею, але я прасіла Унутраныя войскі, каб яны хоць неяк паўплывалі на свайго «добрага афіцэра», каб у нас не было зноў скандалаў на вачах у дзіцяці, каб ён зноў не падняў на мяне руку.
Але мне адказалі, што такой гарантыі мне даць не могуць, і я павінна зноў звяртацца па дапамогу ў міліцыю, здымаць пабоі, і тады яны будуць разбірацца. Так мне трэба было жыць і баяцца, каб ён мне чаго-небудзь не зрабіў. Але ж у яго ёсць жыллё, ён пражывае ў двухпакаёвай кватэры са сваёй маці. У нашу кватэру я не магла яго не пусціць, ён жа пастаянна мне казаў, што ён — наймальнік, а я з дачкой — ніхто, у яго ёсць ключы ад кватэры, з паштовай скрыні знікае карэспандэнцыя на маё імя. Няўжо яму так дрэнна там жылося, што ён захацеў жыць у адной кватэры з дзвюма жонкамі і трыма дзецьмі?

21 лістапада 2012 ён усяліўся з трэцяй жонкай і двума дзецьмі, хоць суд вынес рашэнне аб засяленні толькі яго і дзяцей. І пачаліся скандалы, сваркі, пагрозы. Не паглядзелі яны і на слёзы дачкі, калі ён выклікаў міліцыю на маю маці (пажылую жанчыну з хворым сэрцам і бранхіяльнай астмай, паднялі нас з ложка, пабудзілі дзіця). У 24.00 яе забралі начаваць у міліцыю, бо з’ехаць яна ўжо ні на чым не магла. Ёй загадалі вызваліць кватэру, хоць ніякіх сварак не адбывалася, а яго трэцюю жонку пакінулі, хоць суд яе не ўсяліў, але ў міліцыі сказалі, што яна мае права пражываць. Не пашкадаваў дачку, не паглядзеў на яе крыкі і плач, калі міліцыя забрала яе бабулю як злачынцу. А яна прыехала з Брэсцкай вобласці дапамагчы мне з хворым дзіцем, ды і за маю бяспеку баіцца, яны ж удваіх, а я адна. Ён проста заганяе мяне ў кут і выжывае нас з дачкой. Выязджаючы, ён забраў усе свае рэчы, а цяпер хоча прадаць маю пральную машыну і іншае. Я паставіла ў пакой замок, бо баюся з ім знаходзіцца ў адной кватэры. Я ведаю, што жыць спакойна тут ён нам не дасць.

Пішу гэты ліст, а на вочы наварочваюцца слёзы. Не ведаю, ці будзе ён апублікаваны, але гэта крык маёй душы. Я як жанчына, маці звяртаюся з просьбай аб дапамозе, бо ведаю, што больш ніхто за нас не заступіцца, не дапаможа.

Унутраныя войскі не захацелі нам дапамагчы, і няма абароны ў іх ад «прыстойнага афіцэра», раз яны закрывалі справы аб збіцці салдат, аб маіх просьбах абараніць нас. Але я думаю, што ні адна маці збітага салдата не забылася. Не забудзе мая маці, не забудзе мая дачка, якая бачыла толькі скандалы і слёзы маці, не забуду і я ўвесь гэты жах. Гэта ўсё адабраныя нервы і здароўе. Мяне ўвесь час запалохваюць, высяляюць, выжываюць, пагражаюць, выклікаюць на суды, а я адна выхоўваю дачку.

Шкада, што ва Узброеных сілах афіцэра не навучылі паводзіць сябе з людзьмі сталага веку, з жанчынамі, салдатамі ці хаця б несці адказнасць перад сваімі дзецьмі. Я ведаю, што, заехаўшы ў гэтую кватэру, ён зробіць наша жыццё невыносным, а ў мяне ўжо няма сіл змагацца, ды і стрэс дачцэ. Але я не ведаю, куды нам выехаць. Кватэру давалі сям’і, а потым аказалася, што можна выкінуць сваё дзіця на вуліцу як «незапатрабаваны матэрыял».

Мне застаецца толькі спадзявацца, што жыццё расставіць калі-небудзь усё па сваіх месцах і ён успомніць і падумае, колькі болю і гора прынёс іншым людзям.

* * *

Рэд. Вось так бывае ў жыцці. І, як пяецца ў той песні: «А хто дзетак мае, няхай навучае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?