Ну вось і дачакаліся. На сайце АГП вывешаны праект стратэгіі АДС. На расейскай мове.

Раней пра гэты дакумэнт меркавалі пераважна па асобных тэзах, што былі агучаныя ўдзельнікамі канфэрэнцыі ў Вільні. Шмат каго ўразіў разьлік апазыцыйных стратэгаў на "мірную эвалюцыю". А найболей рэзка адгукнуліся, бадай, прыхільнікі Міколы Статкевіча, назваўшы новы курс "стратэгіяй капітуляцыі". Сам Статкевіч выказаўся яшчэ болей экспрэсіўна.

Трэба разумець, што гэты праект прапануецца ўвазе ўдзельнікаў рэгіянальных канфэрэнцыяў, якія мусяць папярэднічаць кангрэсу дэмакратычных сілаў. Але ці стане менавіта пытаньне стратэгіі прыярытэтным? Выглядае на тое, што вярхі тытульнай апазыцыі зараз засяроджаныя на пытаньні перабудовы сваёй унутранай гіерархіі. І канфэрэнцыі, і сам кангрэс маюць пэрспэктыву стаць найперш полем бітвы за выгадныя для той ці іншай групоўкі ўмовы гэтага перафарматаваньня.

Не ўдаючыся ў дэталёвы разбор праекту, зазначу толькі, што асабіста ў мяне застаюцца тыя самыя пытаньні, што ўзьніклі па агучваньні новага курсу. І найперш — якім чынам тытульная апазыцыя разьлічвае набраць такую палітычную вагу, каб улада запрасіла яе заняць пачэсны пасад за нацыянальным круглым сталом?

Прапанаваная ў праекце інфармацыйная праца з разьлікам на розныя мэтавыя групы выглядае старой мэтодай экстэнсіўнага ўзьдзеяньня, у змаганьні зь якой зламаў ужо столькі палемічных дзідаў палітоляг Уладзімер Роўда (і ня толькі ён). Колькі ні засявай электаральную ніву ўлёткамі, вялікага плёну не дамагчыся, пакуль лёзунгі не напоўняцца жывой энэргетыкай. Але каго з апазыцыйных мысьляроў ні папрасі сфармуляваць мэсыдж, квінтэсэнцыю ідэалёгіі, карацей, слоган, зь якім варта ісьці ў масы, — атрымліваеш толькі набор зашмальцаваных слоў.

Галоўнае ж, ад самога прынцыпу "працы ў масах" павявае, на думку Роўды, схалястыкай. З прапагандовай машынай улады канкураваць — марная рэч. На практыцы спачатку актыўная меншыня заваёўвае ўладу, а потым ужо зьяўляюцца ўмовы для сыстэмнай перакоўкі масавай сьвядомасьці. Так, дарэчы, насамрэч дзейнічалі і вялікія майстры прапаганды — бальшавікі :)

А як вам такі пасаж праекту: "Раней дэмакраты не вызначалі ўладу як сваю мэтавую групу. Улада і апазыцыя практычна ігнаравалі адна адну, пасылаючы свае ўзаемныя праклёны ў прастору. Прапануючы дыялёг, мы прызнаем існаваньне ўлады як патэнцыйнага партнэра і прапануем ёй зрабіць тое самае".

Хай даруюць невядомыя аўтары за непаліткарэктныя асацыяцыі, але міжволі згадваецца анэкдот пра Сонечку ды Ракфэлера:)

Калі ж сур'ёзна, то цяжка сабе ўявіць момант ідыліі. Ці будзе нейкі пункт умоўнай раўнавагі сілаў? Пакуль улада моцная, яна прадоўжыць дэманстратыўна грэбаваць прапановамі "шалудзівых людзей". Калі ж улада страціць моц, то ёй, бадай што, будзе позна піць нарзан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?