Прасканаваў расейскае сеціва. Ну няўжо ніхто з прадстаўнікоў тамтэйшай інтэлігенцыі не асьмеліцца пайсьці супраць шавіністычнай плыні, згенэраванай падзеямі ў Таліне?

Знайшоў: Віктар Шандаровіч, праграма "Плаўлены сырок" на радыё "Рэха Масквы". Вядомы сатырык, можна сказаць, уратаваў гонар расейскай інтэлігенцыі :)

Адразу агаваруся: гэты артыкул ня ставіць на мэце грунтоўны аналіз дзеяньняў эстонскіх уладаў у гісторыі з бронзавым жаўнерам. Наколькі яны былі ўзважанымі (хаця б у тактычным пляне) — асобная тэма.

Зазначу толькі, што забурэньняў варта было чакаць. Незадоўга да пачатку раскопак талінская газэта "Postimees", напрыклад, зьвяртала ўвагу на тое, што мясцовыя радыкальныя абаронцы манумэнта актыўна кантактуюць з расейскімі дыпляматамі, а ў талінскім гатэлі (69 эўра за суткі) пасяліліся актывісты руху "Нашы". Дый адзін зь лідэраў руху "Начны дазор" загадзя абяцаў мясцовым уладам "сюрпрызы" (пра гэта пісаў "Коммерсантъ").

Але зараз гаворка пра іншае. Атрымаўшы падставу для закідаў, расейскія дзеячы як з ланцуга сарваліся. Эліта краіны, што зноў прэтэндуе на статус вялікай, ў канфлікце з маленечкай Эстоніяй дэманструе такі неадэкватна-гістэрычны тон, што мароз па скуры. Відавочна: у Маскве дасюль не зьмірыліся з тым, што былыя "малодшыя сёстры" — хай сабе гэта Эстонія, Грузія ці Беларусь — ужо незалежныя, і гэта назаўсёды. Згадайце, як тыя самыя дзеячы пырскалі сьлінай з расейскіх тэлеэкранаў падчас нафтагазавага канфлікту між Масквой і Менскам.

Між тым беларускія дзяржаўныя мэдыі зараз фактычна падпяваюць расейскім шавіністам. Зноў даюць этэр тамтэйшым вялікадзяржаўнікам дзеля антыэстонскай і ўвогуле антызаходняй рыторыкі. Ужо забыліся, як адтуль гучалі заклікі кінуць на Беларусь расейскі дэсант (гэтак сама цяпер палохаюць Талін Пскоўскай дывізіяй).

Зразумела, тутэйшыя прапагандысты найперш вырашаюць свае піяраўскія задачы. У прыватнасьці, на тле вулічных сутыкненьняў у Таліне менскіх амонаўцаў можна рэклямаваць як анёлаў. Звыш таго, зручная нагода лішні раз закінуць Брусэлю падвойныя стандарты. І, нарэшце, напалохаць айчыннага абываталя "нацыкамі з апазыцыі", якія падчас "Чарнобыльскага шляху", маўляў, брутальна зьбілі міліцыянта.

Беларуская тэлевізія цьвердзіць пра "эстонскі фашызм". Але нешта ня згадваецца, каб айчынныя афіцыйныя мэдыі білі ў званы, калі выйшаў скандальны артыкул былога міністра Сівакова. Ды і тутэйшая Фэміда, як вядома, палічыла, што аўтара ня варта прыцягваць да адказнасьці, бо артыкул са станоўчымі ацэнкамі напісанага фюрэрам афіцэрскага кодэксу мае "публіцыстычны характар".

Віктар Шандаровіч таксама прыводзіць красамоўны прыклад з сэрыі пра парушынку ў чужым воку. Аказваецца, 21 красавіка ў Маскве прайшоў санкцыянаваны мітынг прыхільнікаў Гітлера. Падрабязнасьці вось тут. Ды і нацысцкая літаратура ў белакаменнай прадаецца, бы гарачыя піражкі. Мусіць, тамтэйшая ўлада таксама лічыць, што гэтае чытво мае "публіцыстычны характар".

Між тым менавіта маскоўскі мэр Лужкоў зараз у ліку завадатараў антыэстонскай гістэрыі. Разгледзеў нацызм за тысячу вёрстаў. Што ж да згаданага мітынгу ў Маскве, то, як іранізуе Шандаровіч, "усе свае, зіг хайль!".

P.S. Тым часам у бой пайшлі мясьнікі :) Нацыянальная мясная асацыяцыя Расеі заклікала адмовіцца ад закупак эстонскага мяса.

Дарэчы, на долю Расеі прыпадае 8,8% эстонскага экспарту. Так што байкот хоць і непрыемны, але не сьмяротны. Беларусь у гэтым пляне залежыць ад Расеі значна мацней. Сёлета за студзень — люты на долю Расеі прыпала 39,9% нашага экспарту. Трэба дывэрсіфікавацца, пакуль ня позна! :)

P.P.S. Вось тут цікавае, на мой погляд, інтэрвію з эстонскім прэзыдэнтам. Яно разьвейвае шэраг прапагандысцкіх мітаў.

Мне ж найболей спадабаўся вось гэты гумар Хэндрыка Ільвэса: "Можа, мы і "гарачыя эстонскія хлопцы", якія кемяць кепска, але пасьля 15 гадоў варожай рыторыкі і мы можам задумацца: можа, яны нас ня любяць?". :-)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?