Псыхалягічны ціск на Іну Кулей распачаўся адразу пасьля таго, як Аляксандар Мілінкевіч быў абраны адзіным кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Спадарыня Кулей распавяла нам, што амаль ад таго ж дня пачаліся пастаянныя тэлефанаваньні ёй з прапановамі інтымнага зьместу. Доўгі час яна не магла высьветліць крыніцу інфармацыі, праз якую паступаюць тэлефанаваньні. Але ўрэшце Іна Кулей дазналася, што анкета зь яе кантактамі была зьмешчана на сайце інтымбай.нэт.

Кулей: «На працягу бягучага году гэта паўтаралася некалькі разоў. І калі я запытвалася ў людзей, дзе была разьмешчаная гэтая абвестка, то ня ўсе хацелі казаць».

Іна Кулей таксама паведаміла нам, што ёй стала вядома пра разьмяшчэньне на гэтым сайце падобнай анкеты на яшчэ адну апазыцыйную дзяячку — шаснаццацігадовую актывістку «Маладога Фронту» Насту Палажанку. Мы зьвязаліся з гэтай дзяўчынай, і яна пацьвердзіла нам, што ёй пэрыядычна тэлефануюць і цікавяцца, ці аказвае яна інтымныя паслугі.

Палажанка: «Некаторыя людзі, якія мне тэлефанавалі, былі адэкватнымі, і калі яны чулі беларускую мову, то разумелі, што нешта тут ня так. І яны самі прапаноўвалі мне знайсьці тую абвестку, у якой яны знайшлі мой тэлефон».

Аднак пошук абвестак на сайце ніякага плёня ня даў. Анкету са сваім тэлефонам Наста Палажанка так і не знайшла. Таму яе адвакатка параіла не накіроўваць у міліцыю заяву, тым больш што ўжо цяпер на Палажанку заведзеная крымінальная справа па факце ўдзелу ў незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт». Аднак дазнаўшыся пра тое, што на Насту ажыцьцяўляецца псыхалягічны ціск, заяву ў пракуратуру накіравала Іна Кулей.

Кулей: «У мяне выклікалі вялікае абурэньне гэтыя брудныя мэтады змаганьня з моладьдзю. І нам, як дарослым, трэба іх бараніць. Таму я адразу накіравала скаргу ў пракуратуру».

Для Іны Кулей пастаянны псыхалягічны ціск на яе й чальцоў сямьі ўжо сталася справай звыклай. Яна ўзгадвае й правакацыйныя сюжэты на беларускім тэлебачаньні пра сваіх дзяцей, і абліваньне фарбай машыны свайго мужа — Аляксандра Мілінкевіча. Па словах Іны Кулей, псыхалягічнага дыскамфорту яна ўжо не адчувае. Але апошняя правакацыя з разьмяшчэньнем анкеты зь яе тэлефонам на інтымным сайце, увогуле замінае ёй паўнавартасна рабіць неабходныя справы.

Кулей: «Калі нейкі чалавек патрабуе дапамогі, то ён ня можа датэлефанавацца ў той час, калі мне тэлефануюць па гэтых абвестках».

У адрозьненьне ад Іны Кулей, Наста Палажанка падобны псыхалягічны ціск пераносіць даволі цяжка. Ёй толькі 16 год, і таму тэлефанаваньні з прапановамі інтымнага зьместу яе, натуральна, абражаюць.

Палажанка: «Гэта рэч інтымная й вельмі непрыемная. Але спадзяюся, што пасьля таго, як спадарыня Іна накіравала скаргу ў пракуратуру, зьявяцца яшчэ людзі, якія сутыкаліся з такой праблемай».

Прыклад Насты Палажанкі й Іны Кулей — не адзінкавы ў справе псыхалягічнага ціску на палітычных і грамадзкіх актывістаў. Вядомая дзяячка Крысьціна Шацікава пастаянна адчувае на сабе ўвагу спэцслужбаў. Сродкі масавай інфармацыі паведамлялі пра тое, як Шацікава была выкрадзеная на вуліцы й прымусова зьмешчаная ў псыхіятрычны шпіталь. На мінулым тыдні да дому Крысьціны прыязджала машына нацыянальнага тэлеканалу «Першы» і апэратар здымаў вокны яе кватэры. Аднак ёсьць такія выпадкі, пра якія Крысьціна не заўсёды можа распавесьці мэдыям. Вось некаторыя зь іх.

Шацікава: «З Інтэрнэту я дазнаюся шмат: пра тое, што я пазбаўленая бацькоўскіх правоў, пра тое, што я працую на КДБ. Часьцяком дасылаюць смс‑кі з пагрозамі. Пэрыядычна нехта тэлефануе па начох, кажуць розныя непрыстойнасьці, пагражаюць мне, маёй сям’і, маім дзецям».

Паводле Крысьціны Шацікавай, адчуваць такі ціск даволі цяжка. Аднойчы яна нават цягам месяца не займалася грамадзкай дзейнасьцю. Але ж у выніку зразумела, што гэтыя правакацыі ня маюць ніякіх падставаў, таму й рэагаваць на іх ня варта.

Шацікава: «Потым разумееш, што менавіта гэтага яны й хочуць дамагчыся. Таму перастаеш зьвяртаць на такія правакацыі ўвагу».

Але ўсё ж беларускія спэцслужбы любяць, калі іх дзейнасьць мае пэўны публічны вынік. Да пракладу, юрыст цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч узгадвае выпадак з грамадзкім актывістам Вадзімам Канапацкім. Газэта «Рэспубліка» абвінаваціла яго ў тым, што ён скраў грант у пяць тысячаў даляраў. Вадзім Канапацкі падаў скаргу ў суд. Але працэс прайграў, бо рэдакцыя «Рэспублікі» далучыла да матэрыялаў справы нейкі дакумэнт, зь якім Канапацкаму не дазволілі пазнаёміцца. Валянцін Стэфановіч лічыць, што гэта былі матэрыялы апэратыўнай дзейнасьці спэцслужбаў.

Стэфановіч: «Гэта даволі паказальны выпадак. Бо Вадзім Канапацкі ня ёсьць нейкай істотнай у беларускай палітыцы пэрсонай. Але ўвагу на яго зьвяртяе «Рэспубліка», якая атрымлівае матэрыялы з КДБ».

Пра дзейнасьць беларускіх спэцслужбаў па псыхалягічным запалохваньні актывістаў і простых грамадзянаў калісьці пісала газэта «Наша Ніва». Аўтар той публікацыі — Алесь Кудрыцкі. Ён параўноўвае мэтады працы нашых чэкістаў з тымі мэтадамі, якімі дзейнічалі нямецкія спэцслужбы пэрыяду ГДР. Яны запалохвалі людзей пастаяннымі пагрозамі. Выкарыстоўваўся нават такі прыём, каб людзі перасталі пачувацца ў бясьпецы: у іх адсутнасьць у іхных кватэрах банальна перасоўвалі прадметы. У размове з Рацыяй спадар Кудрыцкі параіў усім тым, на каго сёньня ажыцьцяўляецца псыхалягічны ціск наступнае.

Кудрыцкі: «Людзі павінны больш крытычна ставіцца да таго, што яны чуюць і аналізаваць гэта сваім розумам і не паддавацца на эмоцыі й правакацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?