2 мая ў Беларусі стартуе ўступная кампанія. З гэтага дня пачынаецца рэгістрацыя абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэставання, паведамілі БелаПАН у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў (РІКВ).

Падаць дакументы абітурыенты могуць да 1 чэрвеня. Пункты рэгістрацыі будуць працаваць з 8.00 да 20.00 штодзённа, акрамя нядзелі, а таксама ў выхадны дзень 27 мая.

У РІКВ адзначылі, што кардынальных змяненняў у арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага тэставання сёлета не будзе, паколькі, як і летась, яно праводзіцца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі.

У пункт рэгістрацыі абітурыенту неабходна з’явіцца асабіста, маючы пры сабе арыгінал дакумента, які сведчыць асобу. Такімі з’яўляюцца пашпарт, пасведчанне бежанца або від на жыхарства.

Цэнтралізаванае тэставанне будзе праходзіць з 12 па 28 чэрвеня па 11 агульнаадукацыйных прадметах. Пры гэтым абітурыенты маюць права здаць толькі тры тэсты — па рускай або беларускай мове і па двух іншых прадметах, якія ім неабходныя для паступлення ў ВНУ. Для абітурыентаў, якія не ўзялі ўдзел у цэнтралізаваным тэставанні па ўважлівай прычыне ў асноўны дзень, устаноўлены рэзервовы дзень — 4 ліпеня.

Згодна з правіламі паступлення, прыём дакументаў у так званыя сілавыя і творчыя ВНУ пройдзе з 5 па 16 ліпеня. Ва ўсе іншыя дзяржаўныя і прыватныя ВНУ краіны (акрамя завочнай і вячэрняй формы ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю) на ўсе формы навучання прыём дакументаў будзе ажыццяўляцца з 12 па 29 ліпеня (на ваенныя факультэты — з 12 па 26 ліпеня).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?