2 сьнежня «папраўкі Сухарэнкі» ў Крымінальны кодэкс прынялі ў палаце прадстаўнікоў у другім чытаньні. Сэсія верхняй палаты парлямэнту мусіць зацьвердзіць законапраект 8 сьнежня. Прэзыдэнт падпіша 12 сьнежня. 20 сьнежня (у Дзень чэкіста) законапраект уступіць у сілу.

Са словаў старшыні КДБ: «Законапраект напраўлены на недапушчэньне такіх падзеяў, што мелі месца ва Ўкраіне, Грузіі». У гэтых краінах у 2003—2004 гадах у адказ на выбарчыя фальсыфікацыі людзі выйшлі на вуліцы.

Пасьля прыняцьця законапраекту сп.Сухарэнка пракамэнтаваў яго гэтак: «Некаторыя артыкулы законапраекту накіраваныя на канкрэтных пэрсонаў. Хутка вы самі даведаецеся. Першых працэсаў можаце чакаць ужо на Дзень чэкіста. У КДБ ёсьць доказы. У нас ужо ад 2 да 3 тысячаў маладых людзей трапілі ў сеткі, расстаўленыя нашымі ворагамі для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі». С.Сухарэнка паабяцаў, што «зваротнай сілы закон мець ня будзе...». Якія працэсы могуць пачацца ў дзень уступленьня паправак у сілу, ён не ўдакладніў.

Журналістка Ірына Халіп, якую ня раз спрабавалі зачапіць за «дыскрэдытацыю» розных высокіх асобаў, лічыць, што 20 сьнежня нічога ня зьменіцца: «Як саджалі журналістаў і палітыкаў бяз гэтага закону, так і будуць саджаць. Хочуць нас запалохаць, дык ня выйдзе. Быў бы чалавек, артыкул знойдуць. Знайшлі ж для Марыніча «авалоданьне чужой маёмасьцю». Я думаю, што гэты закон напраўлены якраз супраць сёньняшніх чыноўнікаў і дэпутатаў, ён іх і прыхлопне. Ніхто ж болей не дыскрэдытуе Рэспублікі Беларусі, чымсьці яны самі. Так што калі прыйдзе дэмакратычная ўлада, прапаную ўсіх гэтых чыноўнікаў пасадзіць за дыскрэдытацыю Беларусі, а потым гэты закон адмяніць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?