Аператар маскоўскай гарадской сеткі кабельнага тэлебачання — кампанія «Мостэлеком» — афіцыйна адмовіў у распаўсюджванні канала «Беларусь‑ТБ». Пра гэта заявіў 3 мая на II Беларускім інфармацыйным форуме «Сацыяльная адказнасць сродкаў масавай інфармацыі» старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зімоўскі. Пра прычыны такога рашэння маскоўскіх калег ён нічога не паведаміў.

Як стала вядома БелаПАН, у афіцыйным лісце кіраўніцтва ААТ «Мостэлеком» на імя А.Зімоўскага гаворыцца аб тым, што кампанія «не можа ажыццявіць увод тэлеканала «Беларусь‑ТБ» у сеткі кабельнага тэлебачання (СКТ) на бязвыплатнай аснове». Падставай выступаюць п.п. 2,3 артыкула 40 Падатковага Кодэкса РФ, згодна з якім «пры адхіленні цэн на тавары (паслугі, работы) больш чым на 20% падатковы орган мае права прыняць рашэнне аб даналічэнні падаткаў і пеняў па падатку на дададзены кошт». «У сілу названых палажэнняў пры ўводзе тэлеканала «Беларусь‑ТБ» у СКТ «Мостэлеком» будзе абавязаны заплаціць падаткі на ўвесь кошт бязвыплатна аказаных паслуг, вызначыўшы гэты кошт зыходзячы з фінансавых умоў уводу іншых тэлеканалаў. Зараз кошт уводу тэлеканала ў СКТ вызначаецца зыходзячы з цаны на аднаго абанента ў памеры 15 долараў ЗША», — гаворыцца ў лісце.

Як паведаміў БелаПАН генеральны дырэктар ААТ «Мостэлеком» Дзмітрый Костачаў, існуе агульны парадак уключэння тэлеканала ў сетку кабельнага тэлебачання, вызначаны расійскім заканадаўствам. Ён заўважыў, што «адмовы ва ўключэнні канала «Беларусь‑ТБ» у кабельныя сеткі «Мостэлеком» не было» і зараз перамовы на гэты конт працягваюцца.

Даведка БелаПАН. ААТ «Мостэлеком» — аператар гарадскіх сетак кабельнага тэлебачання, створаны па рашэнні ўрада Масквы. Гэта адзін з самых буйных у свеце аператараў гарадскіх сетак кабельнага тэлебачання, паслугамі якога карыстаюцца каля 3 млн. абанентаў (90% маскоўскіх сем’яў).

Вяшчанне спадарожнікавага тэлеканала «Беларусь‑ТБ» на дагаворнай аснове ажыццяўляецца ў кабельных сетках 13 краін (Аўстралія, Арменія, Балгарыя, Грузія, Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія). Аўдыторыя складае больш за 5 млн. тэлегледачоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?