Прачытаў маніфест і раззлаваўся. У сваю пару я скончыў Маскоўскі літаратурны інстытут. А маніфест — гэта заўсёды літаратурны твор, незалежна ад таго, да якой сферы ён дапасаваны. Таму я, як прафесійны літаратар і рэдактар, перадусім не мог не звярнуць увагу на, так бы мовіць, мастацкія якасці «твора».

Дык вось, калі ацэньваць тэкст з літаратурнага гледзішча, то выснова можа быць толькі адна — графаманія. Ужо пасля двух‑трох абзацаў мне захацелася выкінуць яго ў «рэдактарскую сметніцу», не чытаючы далей. Такога пустабрэхства я даўно не сустракаў. Асабліва гэта заўважна ва ўводнай частцы маніфеста, якая называецца «Духоўнае сваяцтва».

Графаман адрозніваецца ад творцы тым, што сам ён нічога не здольны стварыць. Таленту бог не даў, а на людзі выставіцца карціць. Вось ён і шчыруе, запазычваючы чужыя думкі, словы, ідэі (звычайна самыя глупыя і банальныя, бо на нешта вартае у графамана, паколькі ён графаман, розуму не стае).

Другі аспект — гістарычны. З гледзішча сённяшняй гістарычнай навукі, і не толькі беларускай, тэза пра беларусаў і рускіх, як этнічна і духоўна супольных, ужо даўно не вытрымлівае ніякай крытыкі. Бадай, аўтары пасля школы, дзе настаўніца пазнаёміла іх з шавіністычнай версіяй расійскай гісторыяграфіі пра адвечнае сяброўства нашых народаў, нічога больш пра мінулае не чыталі. Між тым, гісторыя стасункаў нашых продкаў, якіх цяпер называюць беларусамі і тых, каго пазней стануць называць расейцамі ‑‑ гэта страшэнна крывавая гістрыя. Толькі ў сярэдзіне семнаццатага стагоддзя падчас «крывавага патопу», арганізаванага маскоўцамі, загінуў кожны другі жыхар нашага краю — было 4,9 мільёна, засталося 2,5. Але зараз мы не пра гісторыю…

Далей звернем увагу на ідэалагічны аспект маніфеста. Тут аўтары зноў вяртаюцца да абразлівага для беларусаў міфа аб старэйшым і малодшым браце. Гаворка ў аўтараў ідзе нават не пра сяброўства брацкіх народаў, а менавіта пра старэйшага і мацнейшага брата, з якім мы мусіць з’яднацца, бо інакш нам капец.

Калі б нашыя героі былі хоць трохі разумнейшыя, дык, пэўна, здагадаліся б, што акрамя ўсяго іншага, гэты шавіністычны міф абсалютна не паліткарэктны! А ў 21‑м стагоддзі прапаноўваць у якасці базавай цалкам непаліткарэктную ідэю ‑‑ гэта значыць сваімі рукамі маргіналізаваць сябе, як палітыка, адразу і назаўжды.

Што яшчэ? Вось, эканоміка. Я не эканаміст і таму не хацеў бы асабліва заглыбляцца ў гэтую тэму. Але што найбольш тут дзівіць, дык гэта тое, што ў эканамічнай частцы маніфеста гаворка зноў ідзе не столькі пра прагматыку, колькі пра братэрства. Маўляў, грошы — гэта не асноўнае, галоўнае ‑‑ еднасць. Будзем разам з рускім і тады ўсё ў нас будзе добра!

Цяпер пра палітыку. Цэнтральная палітычная ідэя маніфеста звязаная з уваходжаннем Беларусі у склад Расійская федэрацыі ў статусе асацыяванага суб’екта. Іранізаваць над гэтай прапановай (ці абурацца з яе) можна вельмі доўга. Але ці варта марнаваць час? Таму я звярну ўвагу адно на два моманты.

Па першае, Расія на падобны крок ніколі не пойдзе, бо як дзяржава яна і сёння надзвычай аморфнае (структурна) утварэнне. А з’яўленне яшчэ аднаго суб’екта Федэрацыі, да таго ж — несыстэмнага, гэтую аморфнасць памножыць на парадак. Калі памятаеце, штосьці падобнае Александр Лукашэнка прапаноўваў яшчэ на пачатку «Саюза», але як толькі Татарстан запатрабаваў і сабе падобнага статусу, дык гэтую ідэю ўмомант выкрэслілі.

З другога боку, прапанова аўтараў маніфеста аб уваходжанне Беларусі ў склад Расіі адразу ставіць нас ў адзін шэраг з правабярэжнай Малдовай, Паўночнай Асеціяй і Абхазіяй, якія, не з’яўляючыся суб’ектамі міжнароднага права, з нейкіх сваіх прычынаў імкнуцца патрапіць ў склад Расійскай Федэрацыі. І вось Беларусь, незалежную краіну, сябра ААН (і гэтак далей) нашыя героі зажадалі прыраўняць да гэтых, палітычна досыць сумнеўных супольнасцяў, якіх цывілізаваны свет увогуле не прызнае…Ну, да такога трэба было дадумацца!

І, бадай, пра самае істотнае — пра годнасць! У палітыцы існуюць палітычная мэтазгоднасць і палітычнае халуйства. Палітычная мэтазгоднасць часам вымагае ад палітыкаў у слабой пазіцыі і саступіць, і прыгнуць галаву, і рабіць не зусім тое, што хочацца, каб, нешта страціўшы, захаваць галоўнае. Такія паводзіны можна і зразумець, і апраўдаць.

А вось зразумець і апраўдаць палітычнае халуйства наўрад ці магчыма. З майго гледзішча, маніфест, пра які ідзе гаворка — якраз і ёсць адметным прыкладам палітычнага халуйства. Дарэчы, разважаючы пра ўсё гэта, я нечакана для сябе зразумеў адну дзіўную рэч. Раптам падумалася, што Аляксандр Лукашэнка, які з гледзішча нацыянальна‑дэмакратычнага грамадзяніна варты самай жорсткай крытыкі, а часам і ганьбы, ніколі не быў халуём! Ні Захаду, ні Ўсходу! Амаль напэўна ён гатовы быў абменяць Беларусь на шапку Манамаха для сябе. Але гэта не халуйства (натуральна, я не кажу, што гэта добра).

Нашыя героі шмат якой лухце навучыліся ў Аляксандра Лукашэнкі. А вось галоўнага з яго досведу не засвоілі. Што паробіш — графаманы!

Валянцін Акудовіч, філосаф, культуролаг, эсэіст

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?