Галоўныя ўдзельнікі палітычнага супрацьстаяньня ўва Ўкраіне — прэзыдэнт Віктар Юшчанка і прэм’ер‑міністар Віктар Януковіч — прыйшлі да згоды наконт правядзеньня датэрміновых выбараў у парлямэнт — Вярхоўную Раду. З аналізам падзеі — наш аглядальнік.

Магчыма, што канчатковую ацэнку даваць яшчэ і рана, у рашэньня, абвешчанага сёньня, могуць узьнікнуць яшчэ нейкія падводныя камяні і розначытаньні. Але так выглядае, што крызыс, які пачаўся 2 красавіка выданьнем указу прэзыдэнта аб роспуску парлямэнту і датэрміновых выбарах, збольшага вырашыўся.

І тое, як менавіта ён вырашыўся, мае надзвычайна вялікае значэньне — у сэнсе руху Ўкраіны па шляху дэмакратыі гэтая падзея ня менш важная, чым сама «аранжавая рэвалюцыя».

Чаму? Ды таму што дэмакратыя — гэта ня толькі справядлівы падлік галасоў і ўжо тым болей не перамога правільнай, лепшай з чыйгосьці пункту гледжаньня сілы. Гэта — працэдура, працэдура кампрамісу.

У гэтым, дарэчы, было заўважнае адрозьненьне хады ўкраінскага крызісу ад разьвіцьця падзеяў, скажам, у Кіргізстане, дзе ўсе палітычныя сілы, узяўшы на ўзбраеньне цудадзейны сродак змаганьня — вуліцу, масу, білі ёй адзін аднаго, спадзеючыся атрымаць усё.

Ва Ўкраіне таксама «бела‑блакітныя» вельмі ўдала засвоілі «памаранчавыя тэхналёгіі». Але было адно прынцыповае адрозьненьне — дыялёг паміж палітычнымі супернікамі не перапыняўся ні на хвіліну, Юшчанка і Януковіч асабіста сустракаліся ледзь ня кожны дзень.

Магчыма, прыхільнікаў аднаго і другога боку, якія стаялі на шматлікіх майданах па ўсёй Украіне апошні месяц, гэта нават раздражняла, маўляў, пра што з тымі, з парушальнікамі закону, размаўляць, даеш перамогу. Зразумець такія пачуцьці можна, але па «даеш перамогу» і па «чаго зь імі размаўляць» — гэта да Лукашэнкі ці да Пуціна. А ва Ўкраіне — дэмакратыя, гэта значыць, так менавіта вось з гэтымі і размаўляць, вочы б на якіх не глядзелі.

У іншых краінах вострыя палітычныя крызысы вырашаюцца пры дапамозе моцных, сталых інстытутаў, гэтак у ЗША ў 2000 годзе вэрдыкт па выніках выбараў вынес паважаны ўсімі Вярхоўны суд, зь якім усе пагадзіліся. Ва Ўкраіне інстытуты слабыя, даверу да іх, прынамсі да Канстытуцыйнага суду, няма. І таму ўся адказнасьць за тое, каб крызыс не абрынуў краіну ў бездань, была на плячах правадыроў палітычных лягераў.

Тут варта адзначыць таксама ролю міжнароднай супольнасьці і ў прыватнасьці Эўразьвязу. Не ўстаючы ні на водзін з бакоў, яны штодзень паўтаралі кіеўскім змагарам — дамаўляйцеся.

Аднак, як паказвае досьвед, такія парады дапамагаюць далёка не заўсёды, так што галоўная заслуга тут — усё ж саміх украінцаў.

Калі аналізаваць канкрэтныя рамкі дамоўленасьці, то пакуль больш бачныя саступкі ўрадавага боку, боку большасьці парлямэнту — датэрміновыя выбары ўсё ж адбудуцца, як таго і хацеў прэзыдэнт. Але насамрэч гэта зусім не азначае поўнай паразы кааліцыі. Да таго ж, магчыма, мы пакуль ведаем ня ўсе дэталі, і хутчэй за ўсё на пэўныя саступкі пайшоў і прэзыдэнт.

Але, паўтаруся, — галоўнае, гэта ня зьмест кампрамісу, а тое, што ён быў дасягнуты, тое, што Ўкраіна здала чарговы іспыт у школе дэмакратыі.

Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0