3 траўня Круглянскі суд спыніў крымінальную справу супраць актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Булаўкіна. Па меркаваньні пракуратуры, у справе адсутнічае склад злачынства.

Крымінальную справу на Аляксандра Булаўкіна завялі чатыры месяцы таму падчас выбараў у мясцовыя саветы. Першапачаткова яго абвінавачвалі ў парушэньні заканадаўства аб выбарах, потым — у падробцы дакумэнтаў.

Сьледзтва спрабавала даказаць, што ў пратаколе паседжаньня савету АГП па вылучэньні яго кандытам у дэпутаты Булаўкін падрабіў подпіс аднаго зь сябраў АГП. Праведзеная экспэртыза ня выявіла падробкі. Да таго ж, паводле пастановы Пленума Вярхоўнага Суду, старшыня раённай арганізацыі АГП не падпадаў ні пад адну фармулёўку службовай асобы.

Паводле Булаўкіна, калі б адбыўся суд, то яго б апраўдалі. Прайграць працэс для пракуратуры, відавочна, менш пажадана, чым спыніць справу.

Як заяўляе старшыня магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў, у Беларусі дзейнічае карная сыстэма правасудзьдзя. Калі справа заведзеная, а да суду не дайшло, з пагонаў губляецца зорачка. Таму невінаваты чалавек чатыры месяцы жыў пад пагрозай крымінальнай адказнасьці.

Ян Маўзэр, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0