Рэдактар сайту nn.by уганараваны прэміяй імя Лёрэнца Наталі.

Андрэй Дынько стаў ляўрэатам прэміі імя Лёрэнца Наталі за 2006 год. Гэтая прэмія прысуджаецца за найлепшы артыкул. Дынько стаў першым у гісторыі прэміі цэнтральнаэўрапейскім журналістам, уганараваным ёю.

Гэта міжнародная ўзнагарода для пішучых журналістаў з усяго сьвету. Прэмія прысуджаецца за артыкул, напісаны цягам мінулага году, які чапляе праблемы абароны дэмакратыі і правоў чалавека.

Андрэй Дынько быў намінаваны за ягоны акрэсьцінскі дзёньнік. Ён напісаў яго ў сакавіку 2006 году і перадаў на волю. Твор быў апублікаваны ў “Нашай Ніве” яшчэ да таго, як Дынько выйшаў на свабоду. Пад загалоўкам “Тэрапія ахвярнасьцю. Ліст зь менскай турмы” яго пераклалі на восем эўрапейскіх моваў. Ён быў апублікаваны у такіх значных выданьнях, як “Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг”, “Рэспэкт”, eurozine.com. Празь яго ўдалося наноў зьвярнуць увагу сьвету на Беларусь.

Сёлета на прэмію імя Наталі прэтэндавалі 1529 пісьменьнікаў і журналістаў з 165 краінаў з усіх кантынэнтаў.

Адбор адбываецца ў тры этапы. На першым усе прадстаўленыя на конкурс творы чытаюць студэнты. Гэтым разам гэтым займаліся навучэнцы Вышэйшай школы журналістыкі з Бэрліна. Студэнцкае журы адбірае 50 наймацнейшых матэрыялаў. Пасьля гэтага за справу бярэцца журы, складзенае напалову з журналістаў зь пяці кантынэнтаў, а напалову з прафэсараў журналістыкі і праваабаронцаў. Яго ганаровай старшынёю была сёлета Фэмі Оке, вядоўца афрыканскае праграмы каналу Сі-Эн-Эн.

Журы выбірае 15 пераможцаў зь пяцідзесяці, па тры ад кожнага кантынэнту, акрамя Паўночнай Амэрыкі. У асобны “мацярык” вылучаны арабскі сьвет. Цырымонія ўзнагароджаньня адбываецца ў прэс-цэнтры Эўракамісіі ў Брусэлі, у рамках сьвяткаваньня Дня свабоды прэсы.

Гран-пры атрымала Лі Сю Інг з англамоўнай газэты Ганконгу за рэпартаж пра бунт супраць карумпаванага старшыні сельсавету ў вёсачцы на поўдні Кітаю.

Першая прэмія ў эўрапейскім рэгіёне адышла журналісту з Шатляндыі. Ён зрабіў рэпартаж пра ўмовы працы будаўнікоў у Дубаі. Другая – Андрэю Дыньку. Трэцяя – рэпарцёру “Шпігелю”. Ён тайна перайшоў мэксыканска-амэрыканскую мяжу разам зь нелегальнымі мігрантамі.

“Ёсьць іронія ў тым, што я сядзеў на Акрэсьціна ў корпусе, збудаваным на грошы эўрасаюзаўскай праграмы ТАСІС. А цяпер за рэпартаж пра гэта атрымліваю эўрасаюзаўскую прэмію, - казаў на цырымоніі Андрэй Дынько. – Быў холад у камэрах, тлум. Дзевяць чалавек на пяць нараў. Удзень гамарня, дым. Не было як засяродзіцца. Таму пісаў уначы. І вось – людзі адчулі тое, што перажылі беларусы”.

Дынько стаў першым у гісторыі прэміі цэнтральнаэўрапейскім журналістам, уганараваным ёю. Дагэтуль сярод эўрапейцаў узнагароду атрымлівалі толькі аўтары з заходняй часткі кантынэнту.

Гэтаму ёсьць тлумачэньне. З прычыны прынцыпаў фармаваньня журы ягоную палову складаюць журналісты з краінаў Поўдня. Для іх цэнтральнаэўрапейская тэматыка чужая. Таму звычайна прэмію атрымліваюць аўтары з Заходняй Эўропы, якія пішуць на тэмы Трэцяга сьвету. Праблема таксама і ў якасных перакладах на ангельскую.

Сярод іншых матэрыялаў-пераможцаў – артыкул пра зьнікненьні людзей у Пакістане, нарыс пра ахвяраў грамадзянскае вайны ў Калюмбіі, гісторыя самалійскага хлопчыка, які ўцёк з роднага краю ад вайны і ўрэшце апынуўся ў Чылі, і паўднёваафрыканскага актывіста, якога ў часы апартэіду несправядліва зьвінавацілі ў забойстве – рыхтык як Паўла Красоўскага.

Гэта чацьвертая міжнародная прэмія Дыньку. “Па-свойму найдаражэйшая, бо адзначае не за маю працу як рэдактара, а за канкрэтны твор”, - кажа ён.

За цырымоніяй сачыў беларускі дыплямат. Ён сышоў з залі, не павітаўшыся і не павіншаваўшы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?