5 траўня ў эўрапейскіх краінах інваліды традыцыйна ладзяць Дзень пратэсту за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі. Сёлета беларускія інваліды зладзілі шэсьце ад плошчы Бангалор да Адміністрацыі прэзыдэнта.

Мітынг інвалідаў-вазочнікаў на плошчы Бангалор пачаўся ў 11:00. Каля 60 яго ўдзельнікаў ухвалілі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам “спыніць распачатую кампанію генацыду інвалідаў”. Удзельнікі акцыі выступаюць супраць унясеньня зьменаў у закон “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Беларусі”. Яны перакананыя, што верагоднае зьмяненьне закону пагоршыць стан інвалідаў, “зробіць іх беспраўнымі і безабароннымі”.

У 11:45 інваліды-вазочнікі пачалі рухацца да Адміністрацыі прэзыдэнта (вул.Маркса, 38), каб перадаць зварот, прыняты на мітынгу. Частка ўдзельнікаў мітынгу скіравалася да Адмінстрацыі на сваіх машынах. У раёне Кастрычніцкай плошчы ДАІ заблякавала гэтыя машыны і не дазваляла пад'ехаць да будынку.

Тым часам інваліды, якія ехалі да Адміністрацыі на сваіх вазках, выехалі на праезную частку. Яны не змаглі спусьціцца ў падземны пераход ля Камароўскага рынку, бо ён не прыстасаваны для вазкоў. Побач не было супрацоўнікаў ДАІ, каб перакрыць рух транспарту. Інваліды ня мелі ніякай сымболікі — толькі налепкі на сьпінах: чалавек у інвалідным вазку, перакрэсьлены надпісам “дыскрымінацыя”. Міліцыянты папярэдзілі інвалідаў-вазочнікаў, што за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці яны будуць адміністрацыйна пакараныя. Супрацоўнікі МУС загадалі зьехаць з праезнай часткі праспэкта Незалежнасьці на ходнікі. Удзельнікі шэсьця падпарадкаваліся.

А 13-й, на пад’ездах да Адміністрацыі, ля цырку, спэцназ заблякаваў іх калёну. Удзельнікам шэсьця загадалі зварочваць з праспэкту Незалежнасьці. У дварах суседніх будынкаў відавочцы бачылі аўтазакі й міліцэйскія машыны. Але празь дзесяць хвілінаў рух інвалідаў да Адміністрацыі аднавіўся.

Наступны раз спэцназ спыніў інвалідаў-вазочнікаў проста ля буынку Адміністрацыі прэзыдэнта. Туды сама пад'ехала 3 машыны зь міліцыяй. Спэцназаўцы казалі ўдзельнікам шэсьця, што сёньня – непрыёмны дзень, што гэта рэжымны аб'ект і знаходзіцца тут забаронена.

Аднак пасьля ім было дазволена перадаць пэтыцыю. Чыноўнікі на чале з начальнікам прыёмнай Пятром Катушкіным паведамілі, што гатовыя прыняць 5 чалавек. І тут паўстала новая праблема: удзельнікі шэсьця не маглі патрапіць у прыёмную Адміністрацыі, бо дзьверы прыёмнай — вельмі вузкія. Туды нельга ўехаць на вазку. Давялося выклікаць сьлесара, каб адчыніў другую створку дзьвярэй. Тым часам Міліцыя забараніла відэаздымкі ля будынку Адміністрацыі.

У прыёмнай інваліды былі каля гадзіны. У 14.55 яны пакінулі будынак.

Паводле Радыё Свабода , ул.інф.



Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0