Зразумела, хто б ні перамог у барацьбе за пасаду кіраўніка Францыі, перакладчык Мілінкевічу не патрэбны, бо ён добра ведае мову гэтай краіны. Але ў сэнсе пераносным — беларускую дэмакратычную грамаду хутчэй зразумее менавіта Сарказі, перамогу якога толькі што пацьвердзіў кіраўнік францускага МУС.

Рэч нават ня ў тым, што Сарказі дасылаў Мілінкевічу ліст са словамі падтрымкі перад Днём Волі, а раней яны не аднойчы сустракаліся асабіста. Важнейшымі падаюцца іншыя чыньнікі.

Правацэнтрыст Сарказі выглядае рашучым лідэрам, ня схільным да залішніх рэвэрансаў. І гэта ня проста перадвыбарчы імідж. Гэтыя якасьці ён прадэманстраваў пазалетась на пасадзе міністра ўнутраных спраў, калі ўтаймоўваў знакаміты "бунт прадмесьцяў".

Нашае начальства любіць апраўдваць гэтым прыкладам жорсткасць АМАПу, які разганяе акцыі апазыцыі. Параўнаньне, аднак, кульгае на абедзьве нагі. У Францыі забурэньні, што вызначаліся разгулам вандалізму, зладзілі імігранты, пераважна з Паўночнай Афрыкі. Ці можна з тым кантынгентам, які спаліў тысячы легкавікоў, параўноўваць удзельнікаў Дня Волі, што нават вуліцу пераходзілі на зялёнае сьвятло? :) Самая ж горкая іронія лёсу палягае ў тым, што калі францускія ўлады намагаюцца даць рады перасяленцам ды іх патомкам, якія ня могуць ці ня хочуць інтэгравацца ў тамтэйшы соцыюм, — то ў беларускай дзяржаве рэпрэсуюць акурат носьбітаў беларушчыны!

Што ж да Сарказі, дык ён мае распаўсюдзіць свой энэргічны стыль і на замежную палітыку. У прыватнасьці, дэманструе гатовасьць падштурхоўваць Брусэль да болей дзейснай стратэгіі ў беларускім пытаньні. Вось ягоны характэрны пасаж на гэты конт, што прагучаў некалькі месяцаў таму: "Кажучы пра пэрспэктывы Эўразьвязу, мы павінны найперш чаргу казаць не пра пашырэньне межаў, а пра пашырэньне прынцыпаў, на якіх грунтуецца Эўразьвяз. На мапе Эўропы ёсьць такія краіны, як Беларусь, дзе няма свабоды і дэмакратыі, дзе ўлада ўжывае рэпрэсіі супраць уласнага народу. Эўропа мусіць зьмяніць сваё стаўленьне да праблемы Беларусі. Сёньня недастаткова проста маральных жэстаў, неабходная палітычная абарона Беларусі, мы павінны ў гэтым кірунку выкарыстаць усе дыпляматычныя магчымасьці краінаў — сябраў Эўразьвязу".

Звыш таго, Сарказі даў зразумець, што, адрозна ад свайго папярэдніка Шырака, ня мае намеру надта ляяльнічаць з Крамлём. Вось ягоная фраза, якая не патрабуе асаблівага камэнтаваньня: “Калі вы хочаце ведаць, да каго я бліжэй — да ЗША ці да Расеі, якая паводзіць сябе так, як мы гэта бачылі ў Чачэніі, то я бліжэй да Злучаных Штатаў". Вашыгтон жа, як вядома, займае болей жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да афіцыйнага Менску, чым Брусэль. Амэрыканскія палітыкі значна меней, чым добрыя эўрапейскія дзядзечкі кшталту ван дэр Ліндэна, схільныя да ілюзіяў наконт здольнасьцяў Масквы станоўча паўплываць на беларускую ўладу.

Іншая рэч, што ніякі Сарказі ня вырашыць беларускія праблемы за саміх беларусаў. Сэ ля ві, спадарства!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?